«Толку ад маралі, якая не вызваляе людзей?» Былы дыпламат Мацукевіч заклікае да перамоў з Лукашэнкам
Былы дыпламат Павел Мацукевіч у інтэрв'ю ютуб-каналу «Жыццё — маліна» паразважаў на тэму санкцый і таго, як вызваляць палітвязняў. Не ўсе былыя вязні з ім пагадзіліся.
Былы дыпламат лічыць, што санкцыі як інструмент ціску на Лукашэнку неэфэктыўныя. Пакуль ёсць Расія, якая беларускія ўлады падтрымлівае, грошы будуць. І цярпець будзе не рэжым, а людзі.
«2020 год стаў магчымы таму, што людзі сталі жыць лепш. Іх стала цікавіць не толькі чарка-шкварка, заробак, адпачынак — іх зацікавілі правы, магчымасць галасаваць і рэалізаваць свой выбар. Цяпер мы вяртаемся ў сітуацыю, калі праз пагаршэнне эканамічнай сітуацыі людзі ў краіне будуць больш думаць пра заробак, як не страціць працу, а не пра тое, як змяніць жыццё да лепшага».
Мацукевіч лічыць, што магла б спрацаваць стачка на заводах, калі б яна была ў 2020-м, але яе не здарылася.
Ён пагаджаецца з тэзісам, што Лукашэнка разумее толькі мову сілы, але санкцыі ў якасці такой сілы ён не разглядае, бо яны не надта па ім б'юць.
Перамовы з Захадам Мацукевіч вобразна акрэслівае, як стол, які накрыты сурвэткай. Ён лічыць, што Лукашэнка да іх гатовы — інакш бы ён не стаў гаварыць з былым канцлерам Германіі Ангелай Меркель, калі тая тэлефанавала ў разгар міграцыйнага крызісу, і прэзідэнтам Францыі Эмануэлем Макронам пасля пачатку вайны.
«Ядзерная зброя можа стаць нагодай, каб прысесці за перамоўны стол. У яго з'яўляецца моцны аргумент, можна зноў спекуляваць на тэме вываду ядзернай зброі», — разважае Мацукевіч пра Лукашэнку.
Былы дыпламат заўважае: добра, калі ёсць іншая мадэль паводзінаў апроч перамоў, каб вызваліць палітвязняў. Але ён яе пакуль не бачыў у дзеянні.
«Калі мы застаемся такія ў белых пальчатках і будзем далей разважаць пра мараль — ну людзі будуць сядзець далей. Толку ад маралі, якая не вызваляе людзей, для мяне няма», — кажа ён.
«Назавіце гэта як заўгодна, але калі выйдуць на волю людзі, я буду рады», — дадае Мацукевіч.
Ён згодны, што гарантый пры перамовах з Лукашэнкам няма, але трэба сыходзіць з такой сітуацыі. Такое ўжо спрацоўвала, прыводзіць ён аргумент.
Яго словы не ўсе падзяляюць. Блогер і былы палітвязень Аляксандр Кабанаў у фэйсбуку запісаў адказ Мацукевічу, дзе абурыўся яго пазіцыяй.
«Увесь поспех, усё дасягненне тых перамоў — гэта менавіта тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі»,
— сказаў Кабанаў.
Каментары
https://d3kcf2pe5t7rrb.cloudfront.net/315310