Свет1111

Дэбаты Трампа і Харыс. Галоўнае

Увечары 10 верасня ў Філадэльфіі віцэ-прэзідэнт Камала Харыс (кандыдат ад дэмакратаў) і экс-прэзідэнт Дональд Трамп (кандыдат ад рэспубліканцаў) сустрэліся на тэледэбатах. На працягу 90 хвілін яны адказвалі на пытанні, паведамляе «Голас Амерыкі».

Фота Alex Brandon / AP

Цяперашнія дэбаты — важны момант прэзідэнцкай гонкі напярэдадні выбараў 5 лістапада. Нацыянальныя апытанні паказваюць, што разрыў паміж кандыдатамі па-ранейшаму вельмі невялікі.

Дональд Трамп і Камала Харыс выйшлі на сцэну дэбатаў у аўторак вечарам, паціснуўшы адно аднаму рукі. Перад дэбатамі многія назіральнікі задаваліся пытаннем, як Харыс і Трамп, якія ніколі не сустракаліся, будуць вітаць адно аднаго.

Харыс падышла да Трампа на сцэне, працягнула яму руку і прадставілася. Кандыдаты паціснулі адно аднаму рукі.

Пра інфляцыю, беспрацоўе і пошліны

Ва ўступным слове Харыс прадставіла сябе як перспектыўнага кандыдата і сказала, што Трамп на дэбатах будзе прытрымлівацца «таго ж збітага сцэнару».

«Я веру ў амбіцыі, памкненні, мары амерыканскага народа, і менавіта таму ў мяне ёсць план па стварэнні таго, што я называю эканомікай магчымасцяў», — сказала Харыс.

«Паслухайце, у нас жудасная эканоміка праз інфляцыю, якая насамрэч разбурае краіну», — сказаў Трамп.

Харыс падвергла крытыцы намер Трампа павялічыць пошліны на імпарт замежных тавараў — яна параўнала гэтую прапанову з падаткам з продажаў для сярэдняга класа — у той жа час прадстаўляючы свой план аб выдзяленні падатковых ільгот амерыканскім сем'ям.

«Гэта не прывядзе да павышэння цэн», — сказаў Трамп, абараняючы сваю прапанову аб увядзенні пошлін на імпарт тавараў.

«Дональд Трамп пакінуў нам самае высокае беспрацоўе з часоў Вялікай дэпрэсіі», — сказала Харыс, маючы на ўвазе гады прэзідэнцтва Трампа з 2017 да 2021 года. — Тое, што мы зрабілі, — гэта навялі парадак у беспарадку, учыненым Дональдам Трампам».

Трамп раскрытыкаваў Харыс за інфляцыю, якая назіралася ў перыяд кіравання адміністрацыі Джо Байдэна, хоць і перабольшыў узровень росту коштаў.

Ён таксама хутка перайшоў да праблемы іміграцыі, зноў бяздоказна заявіўшы, што імігранты з «вар'яцкіх дамоў» перасякаюць паўднёвую мяжу ЗША з Мексікай.

Інфляцыя, паводле яго слоў, «стала катастрофай для людзей, для сярэдняга класа, для ўсіх класаў».

Пандэмія COVID-19

«Але тое, што зрабіў Дональд Трамп, давайце пагаворым пра гэта, з COVID, ён фактычна падзякаваў старшыні [КНР] Сі [Цзіньпіну] за тое, што той зрабіў падчас пандэміі», — сказала Харыс.

Пытанне абортаў

Трамп вырашыў абараніць рашэнне Вярхоўнага суда ЗША 2022 года, якое адмяніла канстытуцыйную абарону права на аборт і перадало гэтае пытанне на меркаванне асобных штатаў.

«Я аказаў усім вялікую паслугу, зрабіўшы гэта. Для гэтага патрабавалася мужнасць», — сказаў Трамп на тэледэбатах.

Харыс выказала абурэнне сцвярджэннем Трампа аб тым, што перадача пытання абортаў на ўзровень штатаў было папулярным рашэннем, спаслаўшыся на штаты, дзе былі ўведзеныя строгія абмежаванні.

«Людзі гэтага хацелі? — спытала Харыс. — Людзей пазбаўляюць дапамогі ў аддзяленнях хуткай дапамогі, таму што медыцынскія работнікі баяцца апынуцца за кратамі?»

Трампа спыталі, ці наклаў бы ён вета на федэральную забарону на аборты, калі б такі закон быў прыняты Кангрэсам. Ён заявіў, што гэтага ніколі не адбудзецца, але адмовіўся даць канчатковы адказ на пытанне.

Пра Ізраіль і Украіну

Адказваючы на пытанне мадэратара аб нападзе баевікоў ХАМАС на Ізраіль 7 кастрычніка 2023 года, Трамп паўтарыў свой тэзіс, які ўжо гучаў раней, што нападу б не адбылося, калі б ён быў прэзідэнтам ЗША.

Падобную заяву ён агучыў і датычна поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну, заявіўшы, што, калі б ён быў у прэзідэнцкім крэсле, «Расія ніколі б не ўварвалася ва Украіну», дадаўшы, што «добра ведае» прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна і прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага.

Трамп працягнуў: «Зірніце на сітуацыю з хусітамі і Еменам, з тым, што адбываецца на Блізкім Усходзе, — гэтага б не адбылося. Я б вырашыў гэта хутка. Вайна паміж Украінай і Расіяй скончылася б, калі б мяне выбралі прэзідэнтам, — я б завяршыў яе яшчэ да таго, як стаў прэзідэнтам».

У адказ Харыс заявіла, што палітыка яе апанента ў пытаннях нацыянальнай бяспекі і замежнай палітыкі «слабая і няправільная». «Добра вядома, што ён любіць дыктатараў», — сказала кандыдатка ад дэмакратаў, дадаўшы, што «як ён сам казаў, ён хацеў бы сам стаць дыктатарам з самага першага дня [у Белым доме]».

«Добра вядома, што ён сказаў Пуціну, што той можа рабіць усё, што яму ўздумаецца, урывацца ва Украіну; добра вядома, што ён назваў «геніяльным» момант, калі Расія ўварвалася ва Украіну», — сказала Харыс.

Віцэ-прэзідэнт таксама абвінаваціла кандыдата ад рэспубліканцаў у тым, што той ветліва ставіўся да кіраўніка КНДР Кім Чэн Ына. Харыс мяркуе, што дыктатары і аўтакраты чакаюць вяртання Трампа на пасаду прэзідэнта, таму змогуць ім маніпуляваць.

Апытанне, праведзенае ў жніўні Associated Press — NORC, паказала, што амерыканцы не аддаюць перавагі ніводнаму з кандыдатаў у пытанні вырашэння вайны ва Украіне. Каля 40% рэспандэнтаў заявілі, што давяраюць абодвум прэтэндэнтам на прэзідэнцкую пасаду па гэтым пытанні.

Каментары11

  • За Свабоду!
    11.09.2024
    Трамп дыктатар па натуры і танны папуліст, грае на карысць Пуціна. У гэтай пары Харыс лепшы выбар. Зразумела лепш былі б Маккейн, Хэйлі, той жа Байдэн, але іншых ужо няма, другі стар, трэцяя прайграла Трампу ўнутры рэспубліканцаў, таму толькі не Трамп, Харыс нармальны выбар, не ідэальны, але нашмат лепшы за Трампа
  • Ботам
    11.09.2024
    Пуцінскія боты, ваш выхад, неабходна падтрымаць расійскага любімца Трампа і аблаяць расійскага ворага Харыс.
  • Ботам
    11.09.2024
    Пуцінскія боты, ваш выхад, неабходна падтрымаць расійскую любімцу Харыс і аблаяць расійскага ворага Трампа.

Купіць мільярд за €230 мільёнаў. Продаж Прыёрбанка азалаціў бізнэсменаў удачы пры Лукашэнку13

Купіць мільярд за €230 мільёнаў. Продаж Прыёрбанка азалаціў бізнэсменаў удачы пры Лукашэнку

Усе навіны →
Усе навіны

Расійскага «забойцу Вікіпедыі» забілі самога. А Вікіпедыя жыве5

«Рэпутацыйная шкода велізарная». Ад цыбульнага плантатара Ёрга Дорнау дыстанцыруецца нават «Альтэрнатыва для Германіі»5

Казачны парк або турыстычная вёска. Куды паехаць на выхадныя гэтай восенню?2

Як бюджэтна адпачыць на востраве вечнай вясны ў Атлантычным акіяне? Беларусы падзяліліся досведам4

Зянон Пазняк расказаў, чым займаўся 10 дзён ва Украіне61

«Пратэст завадчан у 2024». Найлепшыя твіты тыдня3

Беларускі вундэркінд Аляксей Маёраў забіў чатыры галы за «Рэал» і прывёў у захапленне іспанскую прэсу4

Ксяндзу Анджэю Юхневічу пагражаюць фэйкавымі абвінавачаннямі ў педафіліі2

«Перавыхоўваюць і мілітарызуюць». Для суда ў Гаазе падрыхтавалі даклад пра тое, хто і як вывозіць украінскіх дзяцей у Беларусь4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Купіць мільярд за €230 мільёнаў. Продаж Прыёрбанка азалаціў бізнэсменаў удачы пры Лукашэнку13

Купіць мільярд за €230 мільёнаў. Продаж Прыёрбанка азалаціў бізнэсменаў удачы пры Лукашэнку

Галоўнае
Усе навіны →