Мінскае «Дынама» будзе гуляць у асноўным раўндзе Лігі канферэнцый. І гэта някепска
Апошні раз у асноўным раўндзе еўракубкаў беларускія клубы гулялі шэсць год таму.
Што праўда, бельгійскі «Андэрлехт» прайсці не ўдалося. Тыдзень таму «Дынама» прайграла 0:1, сёння ў Бельгіі «Андэрлехт» таксама выйграў з лікам 1:0.
Такім чынам бельгійскі клуб згуляе ў асноўным раўндзе Лігі Еўропы, а «Дынама» будзе выступаць у асноўным раўндзе Лігі канферэнцый — трэцім па прэстыжнасці еўракубку.
Лёсаванне пройдзе ў гэту пятніцу. «Дынама» атрымае шэсць супернікаў. Тры матчы пройдуць на нейтральным полі ў Азербайджане, а тры — у гасцях.
«Дынама» пачынала выступ з кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў. Прайшло армянскі «Пюнік», у другім раўндзе прайграла балгарскаму «Лудагорцу», у трэцім раўндзе кваліфікацыі Лігі Еўропы прайшло па суме двух матчаў гібралтарскі «Лінкальн».
Беларускі клуб апошні раз гуляў у групавым турніры ў сезоне 2018-2019 (БАТЭ ў Лізе Еўропы). З таго часу беларускія дружыны ў еўравосень не прабіваліся.
Каментары