У яго быў рак. Футбольны трэнер пражыў 76 гадоў.
Памёр былы галоўны трэнер нацыянальнай каманды Англіі ў футболе Свен-Ёран Эрыксан, паведамляе BBC.
***
Свэн-Ёран Эрыксан прызнаўся, што ў яго рак, у пачатку года. Ён расказаў, што каля года таму яму дыягнаставалі неаперабельны рак мозгу, і цяпер дактары прагназавалі для яго яшчэ ад сілы год жыцця. У сувязі з гэтым ён заявіў, што пастараецца зрабіць так, каб гэты год стаў найлепшым з усіх пражытых.
«Я буду супраціўляцца столькі, колькі змагу», — сказаў тады Эрыксан.
Ён пачаў кар'еру футбольнага трэнера ў 1976 годзе ў сябе на радзіме, узначаліўшы спачатку шведскі клуб «Дэгерфорс», а затым «Гётэборг».
З 1982 года ён працаваў з рознымі замежнымі клубамі, уключаючы такіх грандаў, як партугальская «Бенфіка», італьянская «Рома», англійскія «Манчэстэр Сіці» і «Лестэр Сіці» і многія іншыя. Шведскі спецыяліст стаў першым замежным трэнерам зборнай Англіі. Ён заняў сваю пасаду ў 2001 годзе і ўжо ў 2002-м вывеў сваю каманду ў чвэрцьфінал чэмпіянату свету.
Пад яго кіраўніцтвам англічане таксама выходзілі ў чвэрцьфіналы чэмпіянату Еўропы-2004 і ЧС-2006.
Агулам ён кіраваў рознымі футбольнымі клубамі цягам 47 гадоў.
Пасля Свэн-Ёран жыў у хоспісе, але, паводле яго, вёў абсалютна нармальны лад жыцця: наведваў сваіх блізкіх, а яны — яго. Ён шмат кантактаваў з іншымі пацыентамі і займаўся спортам, хоць значна менш, чым нават год таму.
«Калі табе абвяшчаюць такі дыягназ, раптам пачынаеш шанаваць кожны дзень і шчаслівы ўжо ад таго, што прачнуўся раніцай і адчуваеш сябе добра», — сказаў Эрыксан.
«Мне сказалі, што прызначаць лячэнне, каб максімальна падоўжыць маё жыццё. Але дыягназ канчатковы, і аперацыя, на жаль, немагчымая», — казаў Эрыксан.
У маі трэнер «Ліверпуля» Юрген Клоп здзейсніў мару Эрыксана — запрасіў яго на дзень у клуб, у тым ліку і каб пакіраваць камандай.
На мінулым тыдні Свэн-Ёран Эрыксан развітаўся з усімі, заклікаўшы жыць і атрымліваць асалоду ад жыцця.
Каментары