Беларусы адкрылі ў Варшаве салон кухняў, але кліенты так і не дачакаліся сваіх заказаў
Раней гэтую схему махлярства яны абкаталі ў Маскве.
У Варшаве двое беларусаў адкрылі салон кухняў. Гэта мог бы быць натхняльны прыклад паспяховага бізнэсу, але не ўсе кліенты салона аказаліся задаволенымі якасцю аказаных паслуг. А каля 20 чалавек да гэтага часу не атрымалі свае заказы, хоць унеслі папярэднюю аплату. Пацярпелыя абвінавачваюць бізнэсоўцаў у махлярстве, а тыя рыхтуюцца да банкруцтва, паведамляе Most.
Прычым гэта не першы раз. Яшчэ некалькі гадоў назад яны планавалі пазбегнуць адказнасці і ў Маскве. Тады грошы згубілі дзясяткі кліентаў. Most пагутарыў з пацярпелымі з Польшчы і былой супрацоўніцай салона кухняў.
Скінулі дошкі пад пад'езд і з'ехалі
Беларус Максім М. зарэгістраваў салон кухняў у студзені 2024 года. Кампанія размясцілася ў тым жа офісе ў цэнтры Варшавы, што і яго іншая фірма, заснаваная ў красавіку 2022 года. Абедзве кампаніі фігуравалі ў дамовах, якія падпісвалі з падманутымі кліентамі.
Адзін з іх — Сяргей (гэта і наступныя імёны зменены) — кажа, што яго падкупілі нізкія цэны. Офіс фірмы таксама здаваўся цалкам прыстойным: каля 60 квадратных метраў, працуючыя супрацоўнікі, была нават экспазіцыя кухняў.
— З намі працавала дзяўчына Святлана. Яна была моцна ўцягнута ў справу і дапамагала нам, — распавядае мужчына. — Потым яна звольнілася з гэтай працы і зараз гатова быць сведкам у судзе.
Дамову мужчына падпісаў у сакавіку 2024 года, унёс папярэднюю аплату. У жніўні былі праведзены кантрольныя замеры. Кухню паабяцалі даставіць і паставіць на пачатку верасня, але потым тэрмін перанеслі на канец месяца. Некаторы час кампанія не адказвала на тэлефонныя званкі, але пазней дырэктар выйшаў на сувязь.
Урэшце заказ прывезлі ў сярэдзіне лістапада: паводле слоў Сяргея, «скінулі дошкі пад пад'езд і з'ехалі». Ён сцвярджае, што ў наборы не хапае сталешніцы, якая каштуе палову ўсёй кухні. Дырэктар кажа, што зараз у фірмы няма грошай ні на сталешніцу, ні на мантаж. І, увогуле, ён падаўся на банкруцтва.
— Я не адзін пацярпелы, — апісвае маштаб праблемы мужчына. — Нас ужо 13 чалавек — у асноўным беларусы, ёсць украінцы. Ёсць яшчэ пяць чалавек палякаў. Усе яны падпісалі дамовы ў 2024 годзе, і ім да гэтага часу нічога не прывезлі, нават тых дошак, што мне.
Сяргей лічыць, што калі Максім М. сапраўды запусціць працэдуру банкруцтва, то прэтэнзіі да яго будуць прад'яўлены ў рамках адміністрацыйнай, а не крымінальнай справы, і ён зможа ўцячы ад адказнасці.
Пацярпелыя супрацоўнічаюць з юрыстамі: спачатку яны не хацелі браць справу, але пазней сталі вядомы дадатковыя абставіны. Юрысты лічаць, што з'явілася магчымасць прыцягнуць бізнэсоўцаў за махлярства.
«Выглядае як падробка дакументаў з мэтай атрымання грошай»
Ад імя падманутых кліентаў з юрыстамі размаўляе Міхаіл. Ён кажа, што адвакаты зацікавіліся справай, калі стала вядома пра маскоўскае мінулае Максіма і схему махлярства, якую ён выкарыстоўваў у Расіі.
Таксама аказалася, што дамова, якую салон кухняў заключаў з кліентамі ў Польшчы, была складзена паводле ўзору маскоўскай, яна была некарэктнай і ўводзіла пакупнікоў у зман, каб завалодаць іх сродкамі.
Акрамя таго, юрыстаў зацікавілі «квітанцыі», якія выдаваліся пасля папярэдняй аплаты, падчас замераў у кватэрах кліентаў.
— Яны давалі абсалютна неўстаноўленую форму паперкі без рэквізітаў фірмы, без пячаткі, без нічога. Юрысты кажуць, што гэта выглядае як падробка дакументаў з мэтай атрымання грошай, — тлумачыць Міхаіл.
Мужчына адзначае, што Максім М. яшчэ не пачаў працэдуру банкруцтва, бо гэта выглядае падазрона, бо фірма была зарэгістравана толькі ў пачатку гэтага года:
— Не паспелі адкрыцца і ўжо закрываюцца з кучай незадаволеных кліентаў.
Таму прадпрымальнік цягне час, корміць абяцанкамі і выбарачна пастаўляе кліентам «нейкія нарэзаныя драўляшкі без зборкі і без праверкі камплектацыі».
«Я заўважыла, што за тры месяцы фірма не паставіла ніводнай кухні»
Фірма з'ехала з офіса ў Варшаве, але яе сайт усё яшчэ не закрыты. Былая супрацоўніца кампаніі Святлана працавала там з чэрвеня 2023 года па верасень 2024 года. Займалася абзвонам кліентаў, разлікам праектаў кухняў, навучаннем навічкоў.
Акрамя яе, у кампаніі было чатыры менеджары па продажах, а таксама спецыяліст, які рабіў замеры, праўда, ён пастаянна змяняўся. Мантажнікі працавалі па субпадрадзе, а тэхнолагі знаходзіліся ў Беларусі.
Святлана кажа, што першым званочкам стала спыненне супрацоўніцтва з беларускім цэхам у студзені 2024 года (тады ж была зарэгістравана новая кампанія).
— І з гэтага часу пачаліся нейкія кругавароты, пачалі ўводзіць якіхсьці дадатковых супрацоўнікаў, нас пачалі перанавучаць. Я стала разумець, што адбываецца нейкая лухта, — дзеліцца дзяўчына.
Яна адзначае, што да гэтага часу кампанія ўсё ж ставіла кухні кліентам, але рабіла гэта «з моцным запазненнем». За ўсё гэты час было добра ўстаноўлена прыкладна 60% кухняў, астатнія — «з дэфектамі»: з няякасных дошак, без фасадаў, без ручак, без сталеўніц і гэтак далей.
Праз тры месяцы Святлана заўважыла, што кампанія не паставіла ніводнай кухні, хаця дзяўчына правільна іх прадавала на 200 тыс. злотых у месяц (40 тысяч еўра). Яна пачала задаваць пытанні, на гэтым фоне пачаліся канфлікты з Максімам М., і ў маі дзяўчыну панізілі да «адміністратара».
— Я напісала заяву на звальненне ў жніўні, адпрацавала яшчэ два месяцы, але за гэты перыяд не прадавіла ніводнай кухні, — расказвае Святлана. — Мне нічога не заплацілі за гэтыя два месяцы, таксама мне не выплацілі адпачынковыя, працэнты ад продажаў і за перапрацоўкі, якія былі практычна ва ўсіх супрацоўнікаў, — больш за 40 гадзін у месяц.
Маскоўскія фірмы і ўцёкі ў Польшчу
Да студзеня 2024 года польская фірма Максіма М. закупляла кухні ў гродзенскай фабрыкі. З ёй жа вялося супрацоўніцтва і ў Маскве з 2015 па 2018 год. Менавіта на гэтым прадпрыемстве, па словах суразмоўцаў, працаваў Максім М. і яго бізнэс-партнёр Андрэй Ш., перш чым яны адправіліся ў Расію.
Першую фірму ў Маскве беларусы зарэгістравалі ў 2015 годзе, пасля гэтага было адкрыта яшчэ тры кампаніі — усе яны займаліся пастаўкай кухняў, якія вырабляла гродзенская фабрыка.
У 2017 годзе ў бізнэсу Максіма і Андрэя сталі з'яўляцца незадаволеныя кліенты, якія так і не дачакаліся ўсталноўкі заказаных кухняў — іх было як мінімум некалькі дзясяткаў. Аб несумленных бізнэсменах нават здымалі рэпартажы на расійскім тэлебачанні — у праграмах «Экстранны выклік 112» і «Кантрольная закупка».
У 2018 годзе 40 пацярпелых аб'ядналіся, каб пакараць бізнэсменаў. Агульная сума шкоды складала 10 мільёнаў расійскіх рублёў (175 тыс. даляраў па курсе на март 2018 года).
Некаторы час пазней у дачыненні да фірмаў пачалася працэдура банкруцтва. Яе ініцыяваў «кліент», які нібыта заказаў кухні ва ўсіх чатырох кампаніях. Аднак працэс быў прыпынены крымінальнай справай па факце махлярства ў вялікім памеры. Яе завёў БЭП пасля разгляду калектыўнай скаргі.
Андрэй Ш. змог уцячы з Расіі, а Максіма М. затрымалі і змясцілі ў СІЗА. Пасля паўтары года беларуса перавялі пад хатні арышт, з якога ён уцёк.
Максім М. накіраваўся ў Польшчу, дзе ўжо знаходзіўся Андрэй Ш. У 2022 годзе Максім адкрыў фірму, якую назавем K., Андрэй не ўваходзіў у склад заснавальнікаў і супрацоўнікаў, але, па словах суразмоўцаў, прадстаўляецца як яе інвестар.
Кампанія пачала заказваць кухні ў гродзенскай фабрыцы. У студзені 2024 года гэтае супрацоўніцтва спынілася, як сцвярджаюць бізнэсмены, з-за санкцый. Тады ж Максім зарэгістраваў новую фірму.
Пасля таго як незадаволеныя кліенты пачалі націскаць на Максіма, яго партнёр Андрэй ў верасні гэтага года зарэгістраваў на сваё імя новы салон кухняў — S. Цікава, што беларус таксама займаецца бізнэс-коўчынгам, падпісваючыся тым жа імем, але іншым прозвішчамі, таксама пачынаецца на Ш.
Каментары