Ураган зламаў унікальнае дрэва ў Жамыслаўскім парку. Што цяпер з ім будзе?
Ліпеньскія катаклізмы нанеслі вялікую шкоду прыродным помнікам, якая дагэтуль не падлічана. Сярод аб'ектаў, якія моцна пацярпелі, аказаўся і парк пры адной з самых пазнавальных сядзіб Беларусі.
Днямі стала вядома, што ў выніку ўраганных вятроў быў зламаны 130-гадовы ясень на тэрыторыі сядзібы Умястоўскіх у вёсцы Жамыслаўль Іўеўскага раёна. Пра гэта паведаміў тэлеграм-канал «Спадчына».
Гэтае дрэва было ўнікальнае тым, што яно найрэдкая для Беларусі форма ясеня пенсільванскага аўкубалістага (Fraxinus pennsylvanica 'Aucubaefolia') з жоўта-плямістым лісцем, якое падобнае да лісця пярэстай аўкубы японскай, папулярнай хатняй расліны.
Яшчэ ў 1972 годзе яго ўзялі пад ахову як батанічны помнік прыроды рэспубліканскага значэння.
Сядзіба сфарміравалася на левай высокай тэрасе ракі Гаўі ў XIX стагоддзі. У яе будаўніцтве назіралася вяртанне да формаў класіцызму. Парк быў пабудаваны па праекце французскага садоўнікі Ямайса, які ў фарміраванні параднай часткі аддаў перавагу парадна-восеваму вырашэнню. Цэнтрам кампазіцыі з'яўляецца двухпавярховы мураваны палац з бельведэрам, пабудаваны ў 1870-1880-я гады па падабенстве з каралеўскім палацам у Лазенках.
Унікальны ясень быў часткай жывапіснага афармлення параднай часткі парку, якая адкрывалася перад палацам, і, мяркуючы па ягоным узросце, быў адным з тых першых дрэваў, высаджаных яшчэ французам Ямайсам.
Апошні ўладальнік Уладзіслаў Умястоўскі аддаў сядзібу пад навуковую базу з прыродазнаўчай і сельскагаспадарчай спецыялізацыяй Віленскага ўніверсітэта. У часы Першай сусветнай вайны тут быў нямецкі ваенны санаторый, пасля Другой сусветнай — упраўленне калгасу, пошта, клуб, бібліятэка. Будынак пуставаў з 2006 года.
У 2012 годзе палац гарэў, агонь знішчыў частку даху. У 2015 годзе комплекс купіў бізнэсовец з Іарданіі, але знік, нічога не зрабіўшы. У 2017 сядзібу купіў беларускі бізнэсовец Міхаіл Глінскі, які паходзіць з месцаў непадалёк ад Жамыслаўля. Ён пачаў працы ў будынку, расчысціў парк побач з палацам. Але далей пакуль справы па аднаўленні сядзібы не зрушыліся.
Пасля таго, як дрэва было зламанае, было праведзена абследаванне стану батанічнага помніка прыроды, якое паказала, што прыродны аб'ект страчаны.
У выніку ўраганнага ветру была адламаная бакавая галіна з часткай драўніны асноўнага ствала, а ў месцы разлому, па ўсёй даўжыні ствала дрэва паражонае стрыжнёвай гніллю. Па выніках абследавання камісія вырашыла зняць ахоўны статус з дрэва, паведамляе Інстытут эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі.
Знішчэнне ўраганам унікальнага дрэва выглядае выпадковасцю, але яшчэ ў 2019 годзе новы ўласнік казаў журналістам СБ, што дрэва патрабуе лячэння, але гэтага не даюць зрабіць:
«Ён ахоўваецца дзяржавай. Паглядзіце, у якім ён стане. Дрэва гіне. Але лячыць яго не дазваляе ахова прыроды», — шкадаваў Міхаіл Глінскі.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары