Грамадства22

«Гэта не нязломнасць, гэта адэкватнасць». Сябры Анджэя Пачобута пра тое, чаму ён не здаецца

Радыё Свабода расказвае пра журналіста, за вызваленне якога ўлады Польшчы гатовыя адкрыць памежны пераход у Баброўніках.

Фота: БелТА

Імя беларускага палітвязьня, журналіста і актывіста Саюзу палякаў Беларусі Анджэя Пачобута, асуджанага на 8 гадоў, не сыходзіць са стужак навінаў і загалоўкаў польскіх СМІ. У апошні месяц прыходзяць супярэчлівыя паведамленьні наконт умоваў вызваленьня ці абмену Пачобута. Расказваем больш пра чалавека, ад якога зараз залежаць адносіны паміж дзьвюма дзяржавамі.

«Ня хоча пакідаць Беларусь без магчымасьці вярнуцца»

Былы міністар-каардынатар спэцслужбаў Польшчы Марыюш Каміньскі паведаміў, што з афіцыйным Менскам ішлі закулісныя перамовы аб вызваленьні Анджэя Пачобута ў абмен на адкрыцьцё Варшавай памежнага пераходу ў Баброўніках. Паводле Каміньскага, умовай рэжыму ў Беларусі была выдача кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня Паўла Латушкі. На гэта польскія ўлады не пагадзіліся.

Канцылярыя прэзыдэнта Польшчы днямі заявіла, што журналіст і актывіст Саюзу палякаў Анджэй Пачобут «ня хоча пакідаць Беларусь без магчымасьці туды вярнуцца».

Фота: sb.by

2 жніўня выданьне «Rzeczpospolita» паведаміла з спасылкай на кіраўніцу СПБ Анжаліку Борыс, якая сустракалася з палітвязьнем у красавіку, што Пачобут пагадзіўся пакінуць Беларусь у выпадку вызваленьня.

Дык пагаджаецца ці не пагаджаецца? Сябры і калегі Анджэя Пачобута перакананыя, што ён ніколі не пойдзе на кампраміс з рэжымам, бо надзвычай прынцыповы, нязломны і нават упарты. І ніколі не пагодзіцца прызнаць віну ці пісаць прашэньне аб памілаваньні.

Сяброўка Анджэя, якая ў мэтах бясьпекі прасіла не называць яе імя, выказалася наконт такіх супярэчлівых паведамленьняў даволі рэзка.

«Мы ня чуем голасу самога Анджэя. То кажуць, што ён не згаджаецца, то, наадварот, ужо пагаджаецца, — гэта гавораць за яго. А мы ня чулі Анджэя ўжо тры гады. Сваякі ня маюць зь ім сувязі ўжо больш за год. Яго больш за год трымаюць у ПКТ («памяшканьні камэрнага тыпу». — РС) ці ў ШЫЗА Наваполацкай калёніі фактычна ў рэжыме інкамунікада. Таму давайце не пераказваць чужых словаў», — абураецца суразмоўца.

«Гэта не нязломнасьць. Гэта адэкватнасьць»

З словаў сяброўкі Пачобута, яго нязломнасьць, прынцыповасьць і нават упартасьць вынікаюць з нармальнай чалавечай адэкватнасьці і цьвярозай ацэнкі сытуацыі.

«Гэта чалавек з добрай памяцьцю. Ня з памяцьцю рыбкі, як у многіх цяпер. Ён мае добры гістарычны і асабісты досьвед і разумее, куды падзеі могуць прывесьці. Гэта не нязломнасьць. Гэта адэкватнасьць.

У Анджэя вельмі высокі інтэлект, добрая адукацыя, веды і праўная сьвядомасьць, ён жа вучыўся на юрыста. Ён ніколі не пагодзіцца, каб яму «ўкручвалі» ў мазгі непраўдападобную вэрсію падзеяў, пагатоў у якіх ён удзельнічаў, ён ня згодзіцца на падман самога сябе. Ён ніколі ня здрадзіць сваім прынцыпам», — перакананая суразмоўца.

Кіраўнік Беларускага дому ў Варшаве Алесь Зарэмбюк ведае Пачобута з канца 1990-х, яшчэ з «Маладога фронту», пастаянна кантактаваў зь ім больш за 20 гадоў. Ён сьцьвярджае, што Анджэй заўсёды быў прынцыповым.

«Пачобут — камень, крэмень! Тое, што ў яго нязломны, моцны і нават упарты характар, Анджэй прадэманстраваў, калі яго пасадзілі ў 2011 годзе нібыта за абразу Лукашэнкі. Яго прымушалі напісаць прашэньне аб памілаваньні, але ён не пагаджаўся. І не прызнаў сваёй віны. Тая няволя яго ўзмацніла ў маральным пляне. І ён тады перамог (суд апраўдаў Пачобута ў абвінавачаньнях у абразе Лукашэнкі, але прызнаў яго вінаватым у паклёпе і асудзіў на тры гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай на два гады. Журналіста вызвалілі ў залі суду, за кратамі ён правёў тры месяцы. — РС). Гэта чалавек, які ніколі ня пойдзе на кампраміс», — перакананы Алесь Зарэмбюк.

На думку спадара Зарэмбюка, улады разумеюць, што Анджэя Пачобута давядзецца выпусціць. І што сам Анджэй просьбы аб памілаваньні пісаць ня будзе.

«Мяркую, адзіныя людзі, хто мог бы на Анджэя паўплываць, гэта жонка, ці бацькі, якія ўжо ва ўзросьце, ці сын-падлетак. Яны, магчыма, маглі б яго ўгаварыць. А не рэжым карцарам ці ШЫЗА.

Дапускаю, што ў межах нейкай амністыі ці па стане здароўя Лукашэнка яго можа выпусьціць, як вызваліў Рыгора Кастусёва.

Адзіная ўмова, якую Пачобут павінен выканаць, — што ён пакіне Беларусь і ня будзе, асабліва перад так званымі прэзыдэнцкімі выбарамі, баламуціць ім ваду. Бо яны гэтага вельмі і вельмі баяцца», — мяркуе Алесь Зарэмбюк.

Сям’я настаўнікаў, панк-гурт Deviation

Анджэй Пачобут нарадзіўся ў 1973 годзе ў сям’і настаўнікаў у мястэчку Вялікая Бераставіца. Маці Ванда Андрэеўна выкладала хімію, тата Станіслаў Ёсіпавіч — фізкультуру і працу. У сям’і Пачобутаў заўсёды размаўлялі па-польску. Да таго ж у Горадзенскай вобласьці тады можна было глядзець польскую тэлевізію, таму Анджэй добра ведаў польскую мову дзякуючы мультсэрыялам «Пчолка Мая» і «Лёлек і Болек».

Акцыя ў абарону Анджэя Пачобуту ў 2011 годзе

У дзяцінстве і юнацтве Анджэй з братам Станіславам захапляліся шахматамі і музыкай. У 1990‑х яны заснавалі гурт Deviation, творчасьць якога мела выразную анархічную афарбоўку (да прыкладу, песьні «Забі мяне, мент», «Твой бацька фашыст», «Тэлепузік Лу-Лу»). Сьпявалі ў асноўным па-беларуску. Стась быў фронтмэнам, а Анджэй — бас-гітарыстам.

Права і журналістыка

У 1998 годзе Анджэй скончыў юрыдычны факультэт Горадзенскага ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы. Цягам трох гадоў выкладаў права ў політэхнічным каледжы і недзяржаўным тэхнікуме права і бізнэсу.

З 2002 году цалкам зьмяніў сфэру дзейнасьці — стаў журналістам. Працаваў у горадзенскіх газэтах «Пагоня», «Дзень», «Мясцовы час», «Głos znad Niemna», быў карэспандэнтам «Народнай Волі», галоўным рэдактарам часопісу Саюзу палякаў «Magazyn Polski na uchodźstwie». З 2006 году Анджэй Пачобут — карэспандэнт польскай «Gazety Wyborczej» у Беларусі.

На пачатку 2000-х Пачобут стаў актыўным сябрам Саюзу палякаў Беларусі, кажа Алесь Зарэмбюк, які сябруе з Анджэем з тых часоў.

«Увесь час Анджэй Пачобут быў супраць гэтага рэжыму. Чалавек сьвядома з студэнцкіх часоў быў актывістам дэмакратычнага руху, потым ангажаваўся ў Саюз палякаў Беларусі.

Яго абурыла, калі ў 2005 годзе на VI зьезьдзе СПБ ўлады не прызналі выбараў новай кіраўніцы СПБ Анжалікі Борыс, а прызначылі старшынём праўладнага горадзенскага бізнэсоўцу Станіслава Сямашку. Радыкалізавала Анджэя тое, што Лукашэнка фактычна зьнішчыў СПБ. Улады забралі «Польскія дамы» ў рэгіёнах. Дарэчы, яшчэ тады разьбірацца з сытуацыяй у Горадню прыяжджаў тагачасны і цяперашні прэм’ер Польшчы Дональд Туск», — узгадвае Алесь Зарэмбюк.

У студзені 2010 году Анджэй з сотняй мясцовых актывістаў абараняў «Польскі дом» у Івянцы.

Закрыты суд у 2011-м

Пасьля асьвятленьня падзеяў Плошчы 2010 году Анджэй Пачобут атрымаў 15 дзён арышту, якія адбываў на Акрэсьціна. У сакавіку 2011 году горадзенская абласная пракуратура завяла на яго крымінальную справу за абразу (ч.1, арт. 368) і за паклёп на Лукашэнку (ч.1 арт. 367). Падставай сталі публікацыі журналіста ў польскай «Gazecie Wyborczej» і ў інтэрнэце — на сайце «Беларускага партызану» і ў «Жывым дзёньніку». У пастанове пракуратуры фігуравалі загалоўкі «Ў Беларусі выбары бяз выбару», «Кажыце мне «бацька», «Лукашэнка: «Так, я сфальсыфікаваў выбары»», «Час закручваць гайкі», «Перадвыбарчы папулізм па-беларуску».

Пачобута зьмясьцілі ў СІЗА горадзенскай турмы № 1. Суд праходзіў у закрытым рэжыме, што канкрэтна інкрымінавалі Пачобуту, невядома. У пастанове пракуратуры сьцьвярджалася, што ў артыкулах «маюцца прыкметы публічнай зьнявагі прэзыдэнта». Адвакаты потым апавядалі, што Пачобут віны не прызнаў, ад апошняга слова адмовіўся.

Таксама адвакаты заявілі пра выкарыстаньне сілы супраць вязьня, яны заўважылі чырвоныя плямы на ягоным твары і шыі. Гвалт чынілі і над журналістамі, якія чакалі каля будынку суду. На руках у фотакарэспандэнта Сяргея Грыца засталіся сінякі — «людзі ў цывільным» спрабавалі вырваць у журналіста камэру.

Фота: Радыё Свабода

Пачобуту прысудзілі 3 гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай на 2 гады. Журналіста апраўдалі па артыкуле «абраза прэзыдэнта», але прызналі вінаватым у паклёпе. Анджэя тады вызвалілі ў зале суду з падпіскай аб нявыезьдзе.

Летам 2012 году на яго заводзілі яшчэ адну крымінальную справу за паклёп на Лукашэнку, але яе даволі хутка закрылі з прычыны адсутнасьці складу злачынства. Сам Анджэй Пачобут лічыў, што яшчэ тады ўлады марылі выцісьнуць яго з краіны.

«Мне ад самага пачатку здавалася, што мэтаю гэтай крымінальнай справы было выпхнуць мяне зь Беларусі… Адкрыты працэс нельга зрабіць, бо гэта вельмі сьмешна было б, вельмі зьняважліва для ўлады. Бо тут татальная адсутнасьць доказаў, прыцягнутыя за вушы экспэрты, якія робяць абсалютна фантастычныя высновы з гэтых тэкстаў».

Закрыты пункт пропуску

Анджэя Пачобута зноў арыштавалі 25 сакавіка 2021 году. За артыкул пра напад СССР на Польшчу ў верасьні 1939-га, які Пачобут назваў агрэсіяй, журналіста абвінавацілі ў «распальваньні варожасьці паводле нацыянальнай прыкметы». Таксама ў справе фігуравалі заявы Анджэя ў абарону польскай меншасьці ў Беларусі, артыкул аб пратэстах у 2020 годзе і нават тэкст 2006 году пра аднаго з камандзіраў польскага антыкамуністычнага падпольля.

8 лютага 2023 году Пачобуту вынесьлі прысуд — 8 гадоў калёніі. Ён адбывае пакараньне ў наваполацкай калёніі № 1, якая славіцца вельмі жорсткім рэжымам. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, пісаць прашэньне аб памілаваньні Пачобут адмовіўся. Больш за год ад яго няма лістоў. Ад былых палітвязьняў, якія выходзяць на волю, вядома, што ў Анджэя праблемы са здароўем, але належнага лячэньня яму не даюць. Палітвязьня пастаянна трымаюць у «памяшканьні камэрнага тыпу».

Анджэй Пачобут падчас абароны «Польскага дома» ў Івянцы, 2010 год

Пасьля прысуду Пачобуту Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла адзін з двух пунктаў пропуску, якія яшчэ дзейнічалі, — Баброўнікі (зь беларускага боку Бераставіца). Польскія ўлады сьцьвярджаюць, што пастаянна дамагаюцца вызваленьня палітвязьня Пачобута.

Каментары2

  • даведка
    13.08.2024
    Анджея Почобута пытались посадить все начальники УКГБ по Гродненской области.
  • AlexxelA
    13.08.2024
    не разумею, чаму НН кожны дзень піша пра Пачабута, і ня піша пра 1500 астатніх палітвязняў? Яны ўсе што нявартыя гэтага дзеяча з сумнеўнымі ідэяламі?

У планах Расіі — падзяліць Украіну на тры часткі. Вось карта з сакрэтнага расійскага дакумента

У планах Расіі — падзяліць Украіну на тры часткі. Вось карта з сакрэтнага расійскага дакумента

Усе навіны →
Усе навіны

Як Расія наймае крымінальнікаў для выканання спецаперацый на Захадзе1

У Вялікабрытаніі зафіксавалі палёты неапазнаных дронаў над вайсковымі базамі, якія выкарыстоўваюць ЗША1

Знойдзены самы ўдачлівы рыбак Беларусі: за гадзіну ён вылавіў у Мінску дзве 18-кілаграмовыя рыбіны

Расійская армія пачала штурм Вялікай Навасёлкі. Яе захоп будзе мець велізарнае значэнне2

Пасол Украіны ў Турцыі расказаў, як Эрдаган выратаваў ад расійскага захопу Адэсу і Мікалаеў1

У Купалаўскім тэатры адбылася першая прэм'ера сезона. Гэта трагікамедыя Дастаеўскага з Няфёдавай у галоўнай ролі21

«Сто працэнтаў Беларусь». У Магілёве заўважылі ката, які ведае правілы дарожнага руху ВІДЭА1

Памёр віцебскі мастак Аляксандр Слепаў

«Вось за гэта вас, хачэй, і ненавідзяць!» Комік Мірзалізадэ расказаў, ці можна лічыць беларусаў талерантнымі21

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У планах Расіі — падзяліць Украіну на тры часткі. Вось карта з сакрэтнага расійскага дакумента

У планах Расіі — падзяліць Украіну на тры часткі. Вось карта з сакрэтнага расійскага дакумента

Галоўнае
Усе навіны →