Набліжаны да Лукашэнкі бізнэсмен Аляксей Алексін цяпер у санкцыйных спісах. Абыходзіць абмежаванні яму дапамагаюць непублічныя сваякі, высветліла «Бюро».
Яшчэ да ўвядзення абмежаванняў бізнэсмен пераразмеркаваў частку сваіх актываў паміж жонкай і двума сынамі, але ўжо ў чэрвені 2022 года Дзмітрый і Віталь Алексіны самі аказаліся пад санкцыйным ціскам ЕС.
Трэба было шукаць, на каго перапісаць актывы. Адным з такіх людзей стала жонка Дзмітрыя Вікторыя Губанава.
Дзмітрый Алексін і яго брат Віталь былі ўключаныя ў санкцыйны пакет ЕС 3 чэрвеня 2022 года. Праз 27 дзён, 30 чэрвеня, у беларускай кампаніі «Метраж» рэзка змяніўся бенефіцыяр. Дзмітрыя Алексіна, які быў саўладальнікам фірмы з 2007 года, на пасадзе змяніла яго жонка.
Кампанія «Метраж» спецыялізавалася на здачы нерухомай маёмасці. У красавіку 2024 года яна была ліквідаваная — яе далучылі да іншай фірмы Алексіных, якая Губанавай таксама дасталася ў «спадчыну» ад мужа — «Алекс Карго».
«Алекс Карго» займаецца імпартам і рэалізацыяй спецый, мясных вырабаў і нікацінавых паўчаў з краін СНД, Еўропы і Азіі. Акрамя таго, фірма валодае сеткай мясных рэстаранаў Hooper у Мінску.
Змены адбыліся і з іншай кампаніяй.
У ліпені 2022-га, пасля траплення Віталя і Дзмітрыя ў блэк-ліст Еўрасаюза, кампанію «Велес-Міт» (яна займаецца мясам) перадалі ва ўласнасць свежастворанай юрыдычнай асобе — ТАА «Сандаа». Валодае «Сандаа» Андрэй Губанаў — бацька Вікторыі Губанавай, жонкі Дзмітрыя Алексіна.
«Сандаа», акрамя «ператрымкі» мяснога актыву Алексіна, паралельна займаецца імпартам пнеўматычных шын для аўтамабіляў з Францыі і Германіі.
Пасаду дырэктара ў фірме займае Раман Паўловіч. Дзякуючы «Кіберпартызанам» журналісты высветлілі, што ў 2020 годзе Паўловіч працаваў кіраўніком кампаніі і намеснікам начальніка аддзела па рэалізацыі ў «Велес-Міт».
Каментары