Кіеў заяўляе пра сваю прыхільнасць нормам міжнароднага права.
Нігер заявіў у аўторак, што разрывае дыпламатычныя адносіны з Украінай, абвінаваціўшы Кіеў у падтрымцы тэрарыстычных груп. Двума днямі раней аб такім жа рашэнні абвясціў урад Малі, паведамляе Расійская служба Радыё Свабода.
Улады Нігера абвясцілі пра свой намер прасіць Раду Бяспекі ААН сабрацца на спецыяльнае пасяджэнне, прысвечанае абмеркаванню ўкраінскай «агрэсіі». З такой заявай выступіў па тэлебачанні афіцыйны прадстаўнік урада Нігера.
Як піша France-24, Нігер і Малі кіруюцца ваеннымі ўрадамі, якія нядаўна прыйшлі да ўлады гвалтоўным шляхам, у выніку перавароту. Неўзабаве абедзве гэтыя краіны выйшлі з абаронных пагадненняў з Францыяй і звярнуліся па ваенную дапамогу да Расіі.
«Урад Рэспублікі Нігер, цалкам салідарны з урадам і народам Малі, вырашыў, абапіраючыся на свой суверэнітэт, разарваць дыпламатычныя адносіны паміж Рэспублікай Нігер і Украінай. Гэта рашэнне ўступае ў сілу неадкладна», — гаворыцца ў пастанове ўладаў афрыканскай дзяржавы.
Прадстаўнік урада Малі заявіў у нядзелю, што ягоная краіна пайшла на разрыў адносін з Украінай пасля выказвання прадстаўніка Галоўнага ўпраўлення разведкі Андрэя Юсава. Украінскі вайсковы прадстаўнік нібыта сказаў: «Паўстанцы атрымалі ўсю неабходную інфармацыю, у якой мелі патрэбу». Ніякіх тлумачэнняў да гэтай заявы Юсаў не даў.
Урад Нігера назваў словы ўкраінскага прадстаўніка абуральнымі і непрымальнымі.
Кіраўнік МЗС Украіны Дзмітра Кулеба заявіў у панядзелак, што Украіна «безумоўна выконвае нормы міжнароднага права» і «рашуча абвяргае абвінавачванні з боку пераходнага ўрада Малі». Міністр дадаў, што шкадуе аб «паспешным» рашэнні Нігера.
Каментары
А ў чым гэтыя адносіны палягалі раней?