Грамадства

Дзень народзінаў за кратамі сустракае журналістка Ірына Слаўнікава

Былая супрацоўніца Белсата, потым штатная супрацоўніца Польскага тэлебачання (TVP) сёння сустракае свой трэці дзень народзінаў за кратамі. Ёй спаўняецца 54 гады, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Журналістку Ірыну Слаўнікаву разам з мужам Аляксандрам Лойкам затрымалі ў Нацыянальным аэрапорце ў Мінску 30 кастрычніка 2021 года, пасля вяртання з адпачынку ў Егіпце. Спачатку ім прысудзілі па 15 сутак адміністрацыйнага арышту кожнаму нібыта за захоўванне «экстрэмісцкіх матэрыялаў», пасля абвінавацілі ў дробным хуліганстве і прысудзілі яшчэ па 15 сутак.

26 лістапада стала вядома, што Ірына Слаўнікава стала падазраванай па крымінальнай справе паводле часткі 1 артыкула 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх»). У снежні яе перавялі ў СІЗА № 1.

Напрыканцы красавіка 2022-га стала вядома, што яе дадаткова абвінавацілі ў «кіраванні экстрэмісцкім фарміраваннем».

Следства сцвярджала, што ў яго з’явіліся «доказы», што Ірына Слаўнікава кіравала рэдакцыяй «Белсата» ў Беларусі: «Аб’яднала групу грамадзян, якія пад яе кіраўніцтвам і кантролем стваралі і размяшчалі экстрэмісцкія матэрыялы на медыярэсурсах, фарміравала склад супольнасці, размяркоўвала ролі, карэктавала парадак навін, матэрыяльна забяспечвала і фінансавала дзейнасць злачыннай групы».

Сама Ірына Слаўнікава і не абвяргала, што калісьці супрацоўнічала з «Белсатам», брала ўдзел у праваабарончай праграме «Маю права». Але на момант затрымання яна ўжо працяглы час з’яўлялася штатнай адзінкай польскага тэлеканала TVP. Але гэта ніяк не паўплывала ні на следства, ні на суд, які пачаўся ўлетку 2022-га.

3 жніўня 2022 года Гомельскі абласны суд прызначыў Ірыне Слаўнікавай 5 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Яе накіравалі ў гомельскую ПК № 4.

«Верыла ў здаровы розум і ў тое, што прафесія — гэта не нагода садзіць чалавека ў турму»

Ірына Слаўнікава не мае журналісцкай адукацыі, яна дыпламаваны эканаміст. Працавала па спецыяльнасці ў камерцыйных фірмах, затым бухгалтарам у газеце «Беларуская маладзёжная», дзе журналістыка яе і захапіла.

Журналістка Галіна Уласік, сяброўка Ірыны яшчэ па наргасу (у журналістыку прыйшлі абедзве падчас працы ў бухгалтэрыі «Беларускай маладзёжнай»), у інтэрв’ю «Прэс-клубу» ўзгадвае, што пасля 2020-га «некалькі разоў заводзілі размову пра тое, што ёй лепш з’ехаць з краіны, але яна ўсё ж засталася».

«Чаму? Мне падаецца, яна занадта верыла ў чалавечую прыстойнасць і здаровы розум. І што прафесія — гэта не нагода садзіць чалавека ў турму», — сказала Галіна Уласік.

Журналістка Анастасія Рубанава ўспамінае сумесную працу ў «Беларускай маладзёжнай»: «Не памятаю, каб былі тэмы, ад якіх яна адмаўлялася. Мы разам і ў салігорскую шахту спускаліся, і па «незабытых вёсках» маталіся (быў у нас такі праект), і нават жартаўлівы агляд прэзерватываў рабілі. Іра — «універсальны салдат».

Слаўнікава — наш агеньчык-запальнічка. Яе своеасаблівая манера гаварыць, фірмовы смех і гумар — без усяго гэтага немагчыма ўявіць тую «маладзёжку». Дый потым, калі ўсе мы разбегліся па розных працах, але захаваліся як кола сяброў, Іра падтрымлівала гэтую атмасферу.

Я вельмі паважаю яе за прафесійны шлях. Справядліва сказаць, што яна зрабіла сябе сама, коштам неверагоднай працаздольнасці і самаарганізаванасці. Увогуле, Іра — чалавек, які ўмее жыць прыгожа, у нармальным сэнсе гэтага слова. І часам па-добраму ёй зайздросціш. Усё ў яе неяк уладкавана, у хаце і на працы парадак, што задумала — атрымалася. Іра мае бездакорны густ і імкненне зрабіць вакол сябе прыгажосць і ўтульнасць. Яна цудоўная гаспадыня, любіць гатаваць розныя стравы, вязаць. Захапляецца ёгай, «А што, падчас працы зрабіла пару асан — і добра!», — казала яна».

Ёсць праблемы з сувяззю і здароўем

Аляксандр Лойка, муж Ірыны Слаўнікавай, праз пагрозу крымінальнага пераследу вымушана пакінуў Беларусь і паслядоўна выступае за арганізацыю перамоўнага працэсу з рэжымам дзеля вызвалення закладнікаў.

«Мы з ёй некалькі разоў да арышту абмяркоўвалі тэму ад’езду. Яе пазіцыя была такая: «Навошта з’язджаць, калі мы нічога не зрабілі?». Акрамя таго, у нас сталага веку бацькі ў Беларусі», — распавядаў Аляксандр Лойка «Прэс-клубу» ў 2022 годзе.

Ужо тады, у 2022‑м, былі праблемы з сувяззю: «Ірыне не перадаюць усе лісты. Нават ад родных перадаюць вельмі выбарачна. Яна атрымлівае лісты ад мяне, бацькоў, часам — ад маёй маці, сястры. А вось лісты ад сына — не. Пра сяброў увогуле маўчу».

У нядаўнім інтэрв’ю Deutsche Welle Аляксандр Лойка сказаў, што «паводле лістоў і паводле тых звестак, якія да мяне ад іншых людзей даходзяць, у Ірыны больш-менш усё нармальна, але вы ж разумееце, што гэта — не санаторый».

Мужчына перажывае, што пасля вызвалення Ірыне будзе складана адаптавацца да нармальнага жыцця. Ён кажа, што зробіць усё, каб гэта адбылося як мага хутчэй, «галоўнае, каб хапіла маёй любові». «Але хто верне нам час? Пяць гадоў зняволення — гэта вельмі вялікі тэрмін», — заўважае Аляксандр Лойка.

Паводле яго інфармацыі, Ірына працуе на швейнай вытворчасці — «даволі цяжкая, напружаная праца», «акрамя таго, што пагоршыўся зрок і мусіла заказаць новыя акуляры, дык адбіваецца ранейшая хвароба, ёй патрэбна добрая тэрапія». «Паведамляла, што спрабавала там займацца ёгай, але не пайшла справа. Магчыма, няма ўмоў», — сказаў ён у інтэрв’ю «Радыё Свабода» ўвосень мінулага года.

На судзе Ірына Слаўнікава не прызнала віны, у калоніі не пісала прашэння аб памілаванні.

30 лістапада 2021 года праваабарончая супольнасць прызнала Ірыну Слаўнікаву палітзняволенай.

Напісаць ліст журналістцы: Ірына Аляксандраўна Слаўнікава, ПК № 4, 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3.

Каментары

«А што ў вас за праблемы? Далёка да Мінска ці няма каму падвезці?» Публічная пікіроўка Лукашэнкі і Пашыняна13

«А што ў вас за праблемы? Далёка да Мінска ці няма каму падвезці?» Публічная пікіроўка Лукашэнкі і Пашыняна

Усе навіны →
Усе навіны

Прыгожая традыцыя ў Берліне працягваецца. Дзясяткі тысяч заўзятараў «Уніёна» спявалі на стадыёне калядныя песні3

У Еўропе падымуць цэны на новыя аўто, каб стымуляваць пераходзіць на электрамабілі. Ці закране гэта Беларусь?29

Навагоднія падарункі ад Слуцкага сыраробнага камбіната ўразілі сваёй шчодрасцю10

На вуліцах Львова жыццё спаборнічае са смерцю ФОТАФАКТ9

60-гадовы мужчына, які ў 2020-м назіраў за выбарамі з табурэткі праз бінокль, пасля адваяваў два гады ва Украіне49

Пашкоджанні кабеляў працягваюцца. На гэты раз адзін з іх абарваны паміж Эстоніяй і Фінляндыяй4

Масквічы папрасілі Пуціна перанесці будаўніцтва гасцявога комплексу для пасольства Беларусі6

Навошта Лукашэнку «прэзідэнцкі баль» — такая дэманстратыўная і крыху архаічная, сэксісцкая па форме традыцыя?24

Байдэн збіраецца на развітанне ўвесці пакет санкцый супраць «ценявога флоту» Расіі

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«А што ў вас за праблемы? Далёка да Мінска ці няма каму падвезці?» Публічная пікіроўка Лукашэнкі і Пашыняна13

«А што ў вас за праблемы? Далёка да Мінска ці няма каму падвезці?» Публічная пікіроўка Лукашэнкі і Пашыняна

Галоўнае
Усе навіны →