Нядаўна Саўмін скараціў пералік відаў дзейнасці, якімі можна займацца ў якасці ІП. За апошнія гады гэта ўжо не першае ўскладненне для ІП. «Наша Ніва» вырашыла параўнаць умовы працы прадпрымальнікаў у Беларусі і Літве.
Паводле даных Doing Business, Літва па выніках 2020 года займала 11 месца ў свеце па лёгкасці вядзення бізнэсу, Беларусь у гэтым рэйтынгу на 49 месцы. Іншыя суседнія краіны занялі наступныя пазіцыі: Латвія — 19, Расія — 28, Польшча — 40, Украіна — 64.
Аналагам беларускага ІП у Літве лічыцца індывідуальная дзейнасць па сертыфікаце (літ. individuali veikla pagal pažymą).
Як стаць ІП?
Пачаць дзейнасць у якасці індывідуальнага прадпрымальніка даволі проста ў абедзвюх краінах.
У Беларусі за некаторымі выключэннямі за адкрыццё ІП давядзецца заплаціць дзяржаўную пошліну памерам 0,5 базавай (20 рублёў). У Літве сертыфікат аб індывідуальнай дзейнасці бясплатны.
Рахунак у банку
Пачаўшы камерцыйную дзейнасць, у абедзвюх краінах спатрэбіцца мець для яе банкаўскі рахунак.
У Беларусі прадпрымальнік мусіць заключыць дамову з банкам на разлікова-касавае абслугоўванне менавіта як ІП.
У Літве дастаткова проста адкрыць дадатковы рахунак ад свайго імя, які будзе выкарыстоўвацца для індывідуальнай дзейнасці. Ніякіх дадатковых дамоў і візітаў у банк для гэтага не спатрэбіцца. Дастаткова зайсці ў мабільны дадатак і ў некалькі клікаў адкрыць дадатковы рахунак.
Падаткі і іншыя абавязковыя адлічэнні
Беларускі індывідуальны прадпрымальнік плаціць падаткі згодна з агульнай сістэмай падаткаабкладання або аплачвае адзіны падатак, калі абраны від дзейнасці дазваляе гэта зрабіць.
Стандартная стаўка падаходнага падатку для ІП у Беларусі — 20%.
Калі прадпрымальнік не вядзе ўлік выдаткаў, то ён можа аўтаматычна спісваць на выдаткі 20% ад сумы. Іншымі словамі, падаткам абкладаецца толькі 80% ад заробку.
Апроч падаткаў ІП мусіць рабіць адлічэнні ў ФСАН у памеры 35% ад мінімальнай заработнай платы, то-бок 220 рублёў у месяц.
У Літве памер падаходнага падатку для ІП мае прагрэсіўную шкалу і ў залежнасці ад заробку вагаецца ад 5 да 15%. Як і ў Беларусі, літоўскі прадпрымальнік мусіць рабіць адлічэнні ў SODRA (аналаг нашага ФСАН). Мінімальная сума 64,5 еўра (каля 220 рублеў) у месяц, калі індывідуальная дзейнасць з'яўляецца адзінай крыніцай даходу.
Сачыце за лічбамі
Каб параўнаць выніковую падатковую нагрузку, возьмем для прыкладу ўмоўнага ІП, якія аказвае паслугі і кожны месяц атрымлівае бруднымі па 1500 еўра (5150 рублёў). За год набягае 18 тысяч еўра, або каля 62 тысяч рублёў па бягучым курсе.
З улікам усіх абавязковых выдаткаў, беларускі прадпрымальнік аддасць у казну з 18 тысяч еўра 3650 еўра, а яго літоўскі калега — 2840 еўра.
Такія лічбы атрымліваюцца, калі абодва не будуць весці ўлік выдаткаў, а будуць па змоўчванні спісваць 20% на выдаткі ў Беларусі і 30% на выдаткі ў Літве.
Нюансы па працы з ПДВ
Беларускія індывідуальныя прадпрымальнікі з 1 студзеня 2024 года страцілі магчымасць працаваць з ПДВ, што значна скараціла магчымасці для вядзення бізнэсу.
Літоўскія ІП могуць працаваць як з ПДВ, так і без. Дробныя прадпрымальнікі, чые абароты за продаж тавараў і паслуг цягам года не перавышаюць 45 тысяч еўра (3750 еўра ў месяц), могуць самастойна выбіраць, хочуць яны працаваць з ПДВ або не.
Калі сума перавышае адзнаку ў 45 тысяч, або сума тавараў набытых у іншых краінах ЕС перавышае 14 тысяч еўра «нета» (без уліку ПДВ аплачанага ў іншай краіне), літоўскі прадпрымальнік у абавязковым парадку мусіць стаць плацельшчыкам ПДВ.
Колькасць супрацоўнікаў і іншыя абмежаванні
Беларускі іпэшнік можа мець наёмных супрацоўнікаў, але не больш за тры чалавекі.
Літоўскі ІП не мае абмежаванняў па колькасці працаўладкаваных асоб.
Апроч гэтага, пачынаючы з гэтага года беларускім ІП скарацілі колькасць відаў дзейнасці, якімі яны могуць займацца.
Новы пералік відаў дзейнасці для прадпрымальнікаў набудзе моц з 1 кастрычніка 2024 года. Па відах дзейнасці, што не ўвайшлі ў гэты пералік, спыняць рэгістрацыю новых ІП.
Што да дзейных ІП, якія не трапілі ў спіс, то ім дазволяць працаваць да 31 снежня 2025-га. За гэты час ім трэба будзе трансфармавацца ў юрыдычную асобу або спыніць дзейнасць.
Каментары