Лукашэнка хоча, каб кітайцы пабудавалі ў Мінску музей гісторыі Беларусі
Па яго словах, гэты праект ужо абмяркоўваецца.
Аляксандр Лукашэнка прапанаваў Кітаю пабудаваць у Мінску яшчэ адзін буйны аб'ект — музей гісторыі Беларусі.
Пра гэта ён расказаў на сустрэчы з сакратаром партыйнага камітэта Пекінскага ўніверсітэта Хаа Пінам.
«Мы з вамі хочам дамовіцца аб тым, каб вы нам дапамаглі, асабліва пры планаванні архітэктуры, пабудаваць падобны да кітайскага музея гісторыі Беларусі.
Мы ўжо з вашымі спецыялістамі супрацоўнічаем. Гэта будзе зусім побач. Ён упрыгожыць наш Мінск», — заявіў Лукашэнка.
Будзе гэты новы будынак для Нацыянальнага гістарычнага музея ці там размесціцца нейкая новая ўстанова, палітык не патлумачыў.
Кітай проста цяпер будуе ў Мінску Нацыянальны стадыён і басейн міжнароднага ўзроўню. Акрамя таго, недалёка ад Палаца незалежнасці быў узведзены кітайскі квартал.
Каментары