Лукашэнка панаракаў, што беларусы не працуюць, як кітайцы, і не будуць
На думку палітыка, беларусы былі б у некалькі разоў багацейшымі.
Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з кіраўніком Федэрацыі прафсаюзаў Юрыем Сянько закрануў тэму Кітая, дзе функцыянер раней працаваў паслом.
Лукашэнка адзначыў, што кітайскі досвед Сянько важны, паведамляе прэс-служба.
«Бо часам прафсаюзы адарваныя ад жыцця і пачынаюць: «Вось гэта трэба, то трэба…» я заўсёды падтрымліваю працоўных, гэта сапраўды правільна. Каб нешта патрабаваць, трэба працаваць.
І вы бачылі, як працуюць кітайцы. Вядома, нашы не працуюць так і працаваць, напэўна, не будуць. Але калі б мы блізка былі да працы і аб'ёмаў, якія выконваюць кітайскія рабочыя, я думаю, мы б у некалькі разоў багацейшыя былі. Таму вопыт гэты вельмі важны для самога прафсаюзнага кіраўніка», — лічыць Лукашэнка.
Сянько ў сваю чаргу распавёў, што за тры гады працы аб'ездзіў практычна ўвесь Кітай. Паводле яго слоў, усюды ведаюць пра Беларусь. Лукашэнка папярэдзіў кіраўніка прафсаюзаў, што яму, акрамя асноўнай працы, прыйдзецца яшчэ і падпрацоўваць экспертам у кітайскім пытанні.
Каментары