Свет77

Іран стаў адным з сусветных лідараў па змене пола. Як так сталася ў гэтай мусульманскай краіне?

Пакуль у Беларусі зачышчаюць супольнасць трансгендараў, а парламент Расіі забараняе жыхарам краін, дзе дазволены аперацыі па змене пола, усынаўляць расійскіх дзяцей, галоўны саюзнік Пуціна і Лукашэнкі — Іран — з'яўляецца адзінай дзяржавай ісламскага свету, дзе актыўна і афіцыйна практыкуюцца транспераходы. Расказваем, чаму ў таталітарным і ўльтракансерватыўным Іране, дзе караюць смерцю за датычнасць да ЛГБТ, дазваляюць мяняць пол.

Ілюстрацыйная выява. Крыніца: Getty Images

Фетва Рухалы Хамейні

Па інфармацыі Нацыянальнага цэнтра біятэхналагічнай інфармацыі пры ўрадзе ЗША, Іран — адзіная дзяржава ісламскага свету, дзе актыўна і афіцыйна практыкуюцца транспераходы. Адразу варта адзначыць, што ў Іране няма паўнавартаснага закону, які дазваляе змены пола. Легалізацыя падобных аперацый і самога існавання трансгендараў у краіне грунтуецца толькі на адным дакуменце — фетве першага Вярхоўнага лідара паслярэвалюцыйнага Ірана вялікага аяталы Рухалы Хамейні, стваральніка той Ісламскай Рэспублікі Іран, якую мы ведаем сёння.

Канстытуцыя Ірана прадугледжвае, што суддзі для вынясення рашэнняў па пытаннях, сутнасць якіх замоўчваюць афіцыйныя іранскія прававыя дакументы і кнігі, павінны прытрымлівацца фетваў (ад арабcкага «аўтарытэтных пастановаў»).

Фетва па ісламскіх канонах і звычаях можа выдавацца толькі вышэйшымі і прызнанымі духоўнымі асобамі мусульманскай краіны ці супольнасці. Ганаровы тытут «аятала», які распаўсюджаны выключна ў шыіцкіх дзяржавах (такіх, як Іран), якраз самы высокі духоўны ранг у шыітаў. Пасля ісламскай рэвалюцыі ў Іране ў 1979 годзе, якая зрынула мясцовую манархію, іранскі палітык Рухала Хамейні стаў Вярхоўным лідарам краіны і атрымаў званне «вялікага аяталы» (каб быць вышэйшым за звычайных аятал, бо яшчэ да рэвалюцыі насіў тытул аяталы). 

Рухала Хамейні. Фота: Wikimedia Commons

У апошнія гады існавання манархічанага ладу ў Іране Хамейні, як галоўны апазіцыянер краіны, знаходзіўся ў вымушанай эміграцыі ў Парыжы (да гэтага жыў у Турцыі і Іраку), а ў самім Іране, які на той момант быў свецкай дзяржавай, што пераймае Еўропу, хоць і былі шырокія па мерках Блізкага ўсходу грамадзянскія свабоды, асабліва ў сферы правоў жанчын, але не было развітага заканадаўства па пытаннях трансгендараў і аперацыях па змене пола (пры гэтым такія аперацыі ў манархічным Іране хоць і вельмі рэдка, але праводзіліся).

У 1970-я гады адзін з прыхільнікаў Хамейні, які працаваў на іранскім тэлебачанні і меў праблемы з вызначэннем уласнай гендарнай ідэнтычнасці, пачаў пісаць аятале з намерам распавясці яму сітуацыю з трансгендарамі ў Іране. Мужчыну звалі Ферэйдун Малкара, і ён быў натхнёны тагачаснай пазіцыяй Хамейні, які выступаў за рэлігійны дазвол на транспераходы, бо для веры, паводле Хамейні, больш была важна душа, а не цела (небінарных асоб, пры гэтым, аятала ніколі не прызнаваў).

Ферэйдун Малкара з дзяцінства аддаваў перавагу дзявочым цацкам, вопратцы і заняткам, сутыкаўся з ціскам бацькоў, а потым, не атрымаўшы належнай дапамогі і разумення ад манархічных уладаў у намеры змяніць пол (бо такія аперацыі на той момант яшчэ былі і вельмі дарагія), вырашыў звярнуцца да Рухалы Хамейні, каб той у выпадку прыходу да ўлады цалкам легалізаваў транспераходы і правы трансгендараў у краіне. 

Для гэтага Малкара ў 1978 годзе (за год да пачатку рэвалюцыі ў Іране) нават паспрабаваў сустрэцца з Хамейні асабіста ў Парыжы, але ахова аяталы не прапусціла мужчыну, а рэвалюцыя, насуперак чаканням Малкары, істотна пагоршыла становішча трансгендараў у Іране, бо на іх у першыя паслярэвалюцыйныя гады распачалося сапраўднае паляванне. 

Ісламская рэвалюцыя ў Іране, 1979 год. Крыніца: Michel Lipchitz / AP

Новая рэлігійная ўлада адпраўляла трасгендараў у турмы, збівала і катавала, публічна забівала камянямі, альбо сілком шпігавала іх мужчынскімі гармонамі і змяшчала ў псіхіятрычныя лякарні. З гэтым прыйшлося сутыкнуцца і Ферэйдуну Малкары, якога звольнілі з тэлебачання, некалькі разоў арыштоўвалі і дапытвалі, пагражалі забойствам, прымушалі насіць мужчынскую вопратку, шпігавалі мужчынскімі гармонамі, а потым змясцілі ў псіхлячэбніцу. 

Аднак, дзякуючы сваім сувязям з некаторымі бачнымі лідарамі рэвалюцыі, сярод якіх быў будучы прэзідэнт Ірана Алі Акбар Хашэмі Рафсанджані, і медыйнай падтрымцы, якую Малкара аказваў ім падчас працы на тэлебачанні, мужчыну выпусцілі на свабоду і ён працягнуў дамагацца сутрэчы з Рухалай Хамейні, які стаў Вярхоўным лідарам Ірана, каб спыніць пераслед і забойствы трансгендараў.

Як піша выданне The Guardian, у 1987 годзе Ферэйдун Малкара, апрануўшыся ў мужчынскі касцюм і трымаючы ў руках Каран, прыйшоў да асабняка аяталы Хамейні ў Паўночным Тэгеране. На шыі ў Малкары вісеў абутак — стары іранскі знак, які азначае, што чалавеку патрэбны прытулак. Ахоўнікі не прапусцілі Ферэйдуна і пачалі яго збіваць, але на шум выйшаў сын аяталы, Ахмад Хамейні. Ён адвёў Малкару ў свой дом па суседстве і выслухаў усю гісторыю мужчыны, які перыядычна выкрыкваў, што з'яўляецца жанчынай. Уся гісторыя жыцця Малкары, па ягоных успамінах, «кранула Ахмада да слёз».

Ахмад адвёў Ферэйдуна да свайго бацькі Рухалы, той пасля склікаў нараду з трох сваіх лекараў і ў выніку пастанавіў, што Ферэйдуну неабходная аперацыя па змене полу, і што гэта не супярэчыць ісламскім законам і звычаям. Рухала Хамейні адправіў Малкару да галоўнага пракурора і начальніка аддзела медыцынскай этыкі з лістом, які даваў мужчыны рэлігійны дазвол на хірургічнае ўмяшанне і змену свайго полу на жаночы. Гэты ліст стаў той самай фетвай, на аснове якой падобныя аперацыі і наступная легалізацыя правоў станавілася даступнай і для іншых грамадзян краіны.

Аперацыя Малкары праз бюракратычныя складанасці і супраціў з боку іншых прыхільнікаў Хамейні адбылася ў Тайландзе і толькі праз 10 гадоў (пад кантролем і з дазволу іранскіх уладаў). Пасля яе Малкара атрымала імя Мар'ям, і жанчына стала першым афіцыйным трансгендарам у Іране (з абавязкам прытрымлівацца іранскага заканадаўства і абмежаванняў у дачыненні да жанчын, уклучаючы правілы дрэс-коду).

Мар'ям Малкара працягвала змагацца за правы трансгендараў да самай смерці (у 2012 годзе), лабіявала ў іранскім кіраўніцтве пашырэнне адпаведных медыцынскіх ведаў і працэдур, выбівала дзяржфінансаванне, юрыдычна кансультавала і спансіравала аперацыі для тых, хто меў у гэтым патрэбу, а таксама заснавала першую ў Іране супольнасць па падтрымцы асоб з разладам гендарнай ідэнтычнасці.

Мар'ям Хатунпур Малкара (мужчынскае імя пры нараджэнні — Ферэйдун Малкара) — першы чалавек у паслярэвалюцыйным Іране, якому афіцыйна дазволілі правесці аперацыю па змене пола. Стаўшы жанчынай у 1997 годзе, Мар'ям Хатунпур Малкара згуляла ключавую ролю ў прасоўванні поўнай легалізацыі транспераходаў у Іране і заснавала Іранскую супольнасць па падтрымцы асоб з разладам гендарнай ідэнтычнасці. На фатаздымку за 2010 год побач з ёй злева знаходзіцца яе муж Мохамед, адзін з урадавых іранскіх чыноўнікаў. Крыніца: Kaveh Kazemi / Getty Images

Цяперашняя сітуацыя са зменай пола ў Іране

Гісторыя з Малкарай так і не прывяла да поўнай легалізацыі аперацый па змене пола і правоў трансгендараў, а іранская рэлігійная ўлада дагэтуль цалкам не прымірыла фетву Хамейні з існуючымі іранскімі законамі і ідэалогіяй.

На думку ісламскіх прававедаў Ірана, змяніць душу немагчыма, але ў той жа час дасягнення медыцыны зрабілі магчымым змяненне цела, таму змена пола дапушчальная, калі нельга вызначыць дакладны пол чалавека з улікам наяўных палавых прыкмет. Пры гэтым у краіне дзейнічае некалькі рухаў супраць трансгендараў, іх лідары ўпэўнены, што аятала Хамейні выдаў фетву, знаходзячыся пад негатыўным уплывам асабістых дактароў ці ворагаў.

Сам Рухала Хамейні падчас кіравання Іранам заяўляў, што чалавеку патрэбна выразная сэксуальная ідэнтычнасць, каб выконваць свае рэлігійныя абавязкі, таму ў некаторых выпадках змена полу становіцца рэлігійнай неабходнасцю.

На сённяшні момант, дзякуючы фетве Хамейні, у Іране можна не толькі зрабіць аперацыю (з частковай кампенсацыяй кошту з боку ўладаў), але і афіцыйна памяняць усе свае дакументы — ад пасведчання аб нараджэнні да ўніверсітэцкага дыплома. Трансгендары таксама маюць права ўступаць у шлюб, працаваць разам з прадстаўнікамі свайго новага полу і весці адпаведнае ім сацыяльнае жыццё (але адной з умоваў змены пола для іранскіх грамадзян з'яўляецца абавязковая стэрылізацыя).

Пры гэтым жаданне быць трансгендарам у Іране ўсё яшчэ афіцыйна лічыцца псіхічным разладам і адхіленнем ад нормы, не кажучы пра забабоны і агрэсію да такіх асоб з боку іранскага грамадства. Ад трансгендараў часта адмаўляюцца бацькі, яны пазбаўленыя вайсковай службы, часта губляюць працу і сутыкаюцца з беднасцю і дыскрымінацыяй на ўсіх узроўнях. Іх целы часта сэксуальна эксплуатуюць падпольныя бізнэсы. Таму многія вымушаныя хаваць сваю прыроду альбо вырашаюцца на самагубства.

Акрамя таго, кошт аперацый па змене пола, нягледзячы на частковае, але не гарантаванае дзяржпакрыццё выдаткаў, занадта высокі для многіх іранскіх жыхароў, а доступ да медыцынскай дапамогі для здзяйснення транспераходу ў Іране абмежаваны, бо некаторыя лекары адмаўляюцца працаваць з трансгендарамі. Спецыялізаваныя клінікі ёсць толькі ў буйных гарадах, пры гэтым якасць аперацый па-ранейшаму застаецца на нізкім узроўні, што стварае пагрозу для здароўя пацыентаў.

Ды і весь працэс змены пола, пачынаючы з першага наведвання медыцынскага цэнтра і заканчваючы заменай дакументаў, займае ў Іране ў сярэднім 1-2 гады. У асобных выпадках працэдура можа доўжыцца менш за шэсць месяцаў ці, наадварот, больш за тры гады.

Колькасць аперацый па змене пола ў Іране з моманту падпісання фетвы Хамейні, нягледзячы на цяжкасці і дыскрымінацыю, расце (даныя ад Нацыянальнага цэнтра біятэхналагічнай інфармацыі пры ўрадзе ЗША). Так, у перыяд з 1987 па 2000-ыя гады былі зафіксаваныя 270 аперацый, а з 2001-га па 2004-ы — яшчэ 200. Самыя свежыя звесткі датуюцца 2012-2017 гадамі: за гэты перыяд было зафіксавана 839 аперацый.

У дадатак да гэтага Іран, як адзіную краіну ісламскага свету, дзе дазволеныя аперацыі па змене пола, часта для транспераходаў наведваюць іншаземцы, асабліва з іншых мусульманскіх краін, якія могуць сабе гэта дазволіць фінансава. Гэтым тлумачыцца і статус Ірана як аднаго з сусветных лідараў па транспераходах, але доля трансгендараў у Іране значна меншая за паказчыкі заходніх краін.

Транспераход у Іране таксама лічыцца «эфектыўным сродкам ад гомасэксуальнасці». За апошняе, паводле іранскіх законаў, чалавека можа чакаць турма і нават смерць, таму дактары і сваякі гомасэксуалаў настойліва раяць тым змяніць пол, каб нармалізаваць сэксуальную арыентацыю і пазбегнуць рэпрэсій. У гэтым выпадку транспераход для геяў і лесбіянак у Іране часта становіцца прымусовым.

Каментары7

  • 1
    29.09.2024
    Аперацыі па змену полу занадта дорага каштуюць. На гэтым можна зарабляць вялікія грошы. Вось і падказка для Лукашэнкі дзе ўзяць грошы? Лукашэнаўская Беларусь павінна стаць міжнародным лідарам у аперацыях па змене полу і зарабляць на расеянах і сябрах з азіяцкіх краін на аперацыях па змену полу.
  • Нацыянальная Цэнтра Біятэхналягічнае Дэзынфармацыі
    29.09.2024
    Паўзірайся, любы чытачэ, якім ракам на шыі падаткаплацельніка я, сілкаваны атрутай агрэгаванае статыстыкі, вырас.
    Мяркую зьлегчыся з НАСА й і на Марсе збіраць біятэхналягічную інфармацыю, не спынуся на пэрсах
  • Янук
    29.09.2024
    Иран цэ Европа!

Журналісты атрымалі дакументы, датычныя смерці Навальнага. Яны ўказваюць на тое, што яго маглі атруціць7

Журналісты атрымалі дакументы, датычныя смерці Навальнага. Яны ўказваюць на тое, што яго маглі атруціць

Усе навіны →
Усе навіны

Усаў расказаў, як трэба было зразумець словы Пазняка пра Лукашэнку і Калеснікаву85

Суперзоркі, дасціпны гумар і заблытаныя забойствы. На экране чацвёрты сезон ледзь не дасканалага дэтэктыва1

«Насралу забілі, калі ён глядзеў прамову Нетаньяху ў ААН». Як Ізраіль падмануў лідара «Хезбалы»10

74-гадовага мужчыну асудзілі за «абразу» і «паклёп» на Лукашэнку1

Алі Хаменеі перавялі ў бяспечнае месца7

У нядзелю схаладае да +10°С

Рыжанкоў заявіў, што Мінск адкажа на наўмыснае прымяненне Кіевам дронаў па Беларусі13

Ізраіль забіў кіраўніка «Хезбалы» Хасана Насралу8

Жыхар Баранавічаў сабраў другі ўраджай клубніцаў2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Журналісты атрымалі дакументы, датычныя смерці Навальнага. Яны ўказваюць на тое, што яго маглі атруціць7

Журналісты атрымалі дакументы, датычныя смерці Навальнага. Яны ўказваюць на тое, што яго маглі атруціць

Галоўнае
Усе навіны →