У прычынах здарэння разбіраецца паліцыя. Вось што вядома на дадзены момант.
Як паведамляе нідэрландскае агенцтва RTV Oost, у горадзе Дэвентэр паліцыя затрымала мужчыну з Беларусі, які параніў нажом аднаго мясцовага жыхара і двух замежнікаў падчас бойкі.
Паводле агенцтва, у суботу ўвечары 15 чэрвеня ў паліцыю паступіла паведамленне аб панажоўшчыне ў адной транспартнай кампаніі Дэвентэра. Прыбыўшы на месца, паліцыянты знайшлі трох чалавек з лёгкімі раненнямі. Гэта былі 43-гадовы мужчына з Дэвентэра і двое іншаземцаў (38 і 46 гадоў).
Падазраваны ў злачынстве да моманту прыбыцця паліцыі ўжо ўцёк з месца здарэння. Пазней увечары ён усё ж быў затрыманы і змешчаны пад варту. Ім аказаўся 44-гадовы мужчына з Беларусі, чые матывы цяпер высвятляе следства.
Асноўная версія здарэння — гэта сварка, якая папярэднічала бойцы. Ужо былі апытаныя сведкі і прагледжаныя запісы камер відэаназірання, паведамляе паліцыя.
Каментары