«Не трэба баяцца». Сергеенка заклікаў беларусаў, якія з'ехалі, вяртацца
Экс-кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі, а цяпер кіраўнік Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергеенка заклікаў беларусаў вяртацца на радзіму. На ягоную думку, любы, хто хоча вярнуцца ў родныя мясціны, можа вярнуцца. Але толькі калі ён «не здзяйсняў супрацьпраўных дзеянняў», піша «Союзное вече».
Сергеенка выказаў меркаванне, што многія беларусы вяртаюцца на радзіму, абыходзячы камісію пад кіраўніцтвам генпракурора Шведа.
«Не трэба разглядаць усіх як ворагаў. Ёсць сярод іх і проста заблукалыя. Зрэшты, часу з тых часоў прайшло дастаткова, і, думаю, вызначыцца з палітычнай пазіцыяй і сваім далейшым лёсам яны ўжо цалкам маглі», — мяркуе Сергеенка.
Экс-намеснік старшыні КДБ лічыць, што жыць на чужыне няпроста.
«Так, многія зразумелі, як няпроста там, на чужыне, сябе знайсці, працаўладкавацца, заняць месца ў жыцці. Некаторыя, я думаю, за кардонам і пакутуюць, і вяртацца баяцца. Такіх, напэўна, сярод «збеглых» ужо большасць. Але баяцца не трэба. Вяртайцеся!» — заклікаў Сергеенка.
Каментары