Фота з сайту kvetku.by

Фота з сайту kvetku.by

Калі вас уразіў кошт півонь у бабуль на вуліцах Мінска, то на сайты букетэрый лепш не заходзіць. Напрыклад, у анлайн-краме cvetok.by півоні прадаюць ад 20 рублёў за штуку да 305 рублёў за букет з 9 штук.

А flowwow.by, напрыклад, прапаноўваюць з дастаўкай букет з 25 півонь сорту «Сара Бернар» за 772 рублі.

На сайце kvetku.by тэарэтычна можна замовіць нават букет са 101 півоні — праўда, каштаваць гэта будзе 3060 рублёў (за ружовыя кветкі) ці 3180 рублёў (за белыя).

Скрыншот сайту kvetku.by

Скрыншот сайту kvetku.by

Больш танныя варыянты можна адшукаць на «Куфары». Напрыклад, фларыстка з Мінска прапаноўвае 13 півоній у скрынцы за 70 рублёў. Ёсць і бюджэтныя прапановы ад тых, хто сам вырошчвае крыху кветак на лецішчы ці нават у сталіцы ў прыватным сектары. У апошнім выпадку можна не хвалявацца за свежасць півонь, бо абяцаюць зрэзаць з куста пры пакупніку тыя кветкі, якія спадабаюцца. Тыя, хто мае шмат раскошных кустоў, часам кажуць, што дазволяць у іх пафатаграфавацца.

Скрыншот аб'явы на «Куфары»

Скрыншот аб'явы на «Куфары»

«На зрэз» півоні прапаноўваюць у сярэднім па 2-4 рублі за штуку. Але ёсць прапановы больш дарагіх сартоў — напрыклад, за адну півоню «Сара Бернар» просяць 8 рублёў. Некаторыя прадаўцы гатовыя загарнуць букет у крафтавую паперу або перавязаць стужачкай. Нехта пазначае, што можа даставіць кветкі замоўцы. А нехта аддае півоні па смешных цэнах (напрыклад, за букет з 15 кветак аўтар аб’явы хоча атрымаць усяго 13 рублёў), але з умовай самавывазу з Лошыцы.

Скрыншот аб'явы на «Куфары»

Скрыншот аб'явы на «Куфары»

«Наша Ніва» спытала ў фларыста, чым абумоўлены высокія цэны на півоні ў сезон:

— Ёсць некалькі прычын. Зразумела, больш дарагімі будуць півоні, якія прывозяць з іншых краін, бо кошт дастаўкі таксама трэба ўлічваць. Калі мы гаворым пра беларускія півоні, то трэба разумець, што іх складаней выгадаваць, чым, напрыклад, цюльпаны. Ты пасадзіў цыбуліны цюльпанаў — яны ўзышлі праз два тыдні, а яшчэ дзён праз 10 распусціліся. Каб атрымаць кветкі ад куста півонь, трэба пачакаць 2-3 гады (ёсць сарты, калі прыйдзецца і даўжэй чакаць). Плюс важна стварыць камфортнае асяроддзе для расліны. Калі куст захварэў, яго нельга вылечыць — можна толькі выкапаць і знішчыць, каб ён не заразіў іншыя.

Адзін з галоўных фактараў, які ўплывае на кошт беларускіх півонь у сезон, — гэта мода.

— Адкрыйце інстаграм. Амаль у кожнай другой дзяўчыны будуць фоты з півонямі. Бабулькі каля метро, можа, і нічога не ведаюць пра інстаграм, але калі яны бачаць, што півоні актыўна купляюць, дык, канешне, яны будуць павышаць цэны. Упэўнены, што калі фота з півонямі сыдзе з летніх трэндаў, то ў наступным годзе кветкі адчувальна патаннеюць — прынамсі беларускія ў сезон.

Чытайце таксама:

Дзе таннейшыя цюльпаны — у прадаўцоў на вуліцы ці ў краме? 

Драма ў Мінску: дзяўчыне падарылі 151 ружу не таго памеру

Беларус ператварыў адзін з пакояў у цяпліцу і вырошчвае там цюльпаны на продаж

«Калі мужчына не разбіраецца ў кветках, можна павялічыць кошт букета. Адзін заплаціў 600 рублёў»

Клас
10
Панылы сорам
4
Ха-ха
1
Ого
1
Сумна
2
Абуральна
4