26-гадовы спявак Ёст Клейн з Нідэрландаў аказаўся ў цэнтры скандалу: у выніку яго адхілілі ад удзелу ў конкурсе «Еўрабачанне». Напярэдадні Клейну ўжо забаранілі наведваць рэпетыцыі.
«Зараз мы расследуем інцыдэнт, пра які нам паведамілі, з удзелам нідэрландскага артыста. Ён не будзе ўдзельнічаць у рэпетыцыях да далейшага апавяшчэння», — заявілі раней у Еўрапейскім вяшчальным саюзе (EBU).
Па даных шведскай тэлекампаніі SVT, паміж Клейнам і фатографам за кулісамі адбылася фізічная сутычка. Афіцыйная прычына расследавання ў дачыненні да музыканта пакуль што не раскрываецца.
Клейн ужо прыцягнуў да сябе ўвагу на сумеснай прэс-канферэнцыі з дзесяццю пераможцамі другога паўфіналу Еўрабачання. У прыватнасці, ён некалькі разоў без дазволу выказаўся наконт удзелу ў конкурсе Эдэн Голан, якая прадстаўляе Ізраіль.
Ён таксама дэманстратыўна падняў над галавой сцяг Нідэрландаў, калі спявачка рабіла заяву. Раней Клейн адмовіўся фатаграфавацца побач з Голан.
Фінал Еўрабачання пройдзе сёння вечарам, пачатак а 22-й гадзіне.
Каментары