Грамадства77

Гіганцкі ўчастак у Сочы, які належаў Рэспубліцы Беларусь, прадалі за бясцэнак фірмам, звязаным асабіста з Лукашэнкам — Белпол

Гаворка пра 1000 сотак зямлі ў Краснай Паляне. Больш дарагога месца ў Расіі проста няма. І вось гэтыя 10 гектараў зямлі, рынкавы кошт якіх можа дасягаць 100 мільёнаў даляраў, з уласнасці беларускай дзяржавы перайшлі ў валоданне кампаніі, за якой стаіць «Vector Energy Innovation FZCO», зарэгістраваная ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах — раскапала арганізацыя былых сілавікоў «Белпол».

Расследаванне пра гэта выпусцілі «Белпол» і «Белсат».

Неверагодна шчодры продаж беларускай зямлі

Участак плошчай 97 248 м2 у элітным курортным пасёлку Красная Паляна ў межах Сочы належаў Рэспубліцы Беларусь на праве ўласнасці з 2013 года — яго атрымалі пасля ратыфікацыі пагаднення паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй аб узаемнай перадачы ва ўласнасць зямельных участкаў. Гэта значыць, абмянялі на беларускую тэрыторыю. І перадалі ў аператыўнае кіраванне дзяржаўнай установы «Санаторый Беларусь», што ўваходзіць у структуру прадпрыемстваў Кіраўніцтва справамі Аляксандра Лукашэнкі.

18 лютага 2022 года натарыусам Сочынскай натарыяльнай акругі Ларыёнавай была пасведчана дамова куплі-продажу гэтага ўчастка. Ад імя прадаўца дамову падпісаў дырэктар санаторыя «Беларусь» Генадзь Калеснік — выхадзец з МУС, былы кіраўнік Магілёўскага каледжа Міністэрства ўнутраных спраў і спартыўнага таварыства «Дынама».

Участак у Сочы, пра які гаворыцца ў расследаванні. Скрыншот: BELPOL / Youtube

«Белпол» звярнуў увагу на пункт 1.3, у адпаведнасці з якім участак адчужаецца на карысць расійскай фірмы на падставе распараджэнняў Лукашэнкі з грыфам «Для службовага карыстання». На падставе такіх жа сакрэтных распараджэнняў адчужалася нерухомасць дзяржаўнай установы БФСТ «Дынама» ў Мінску на карысць прыватнай ахоўнай фірмы былога кіраўніка Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі (у 2013—2021 гадах) Віктара Шэймана «ГардСэрвіс».

Купіла ўчастак ТАА «Комплекс-Інвест», зарэгістраванае 8 чэрвеня 2021 года ў Маскве. У дамове згадвалася сакрэтнае распараджэнне №157рп-дсп, датаванае 20 ліпеня 2021 года — неўзабаве пасля рэгістрацыі «Комплекс-Інвест».

Аўтары расследавання знайшлі тое распараджэнне — з яго вядома, што Лукашэнка загадаў прадаць той самы ўчастак расійскаму «Комплекс-Інвесту» за 970 млн расійскіх рублёў (10,5 млн даляраў), гэта значыць кадастравым коштам. Таксама ў дамове згадвалася сакрэтнае распараджэнне Лукашэнкі № 12рп-дсп ад 18 студзеня 2022 года. Гэтым распараджэннем Лукашэнка знізіў кошт удвая, да 485 млн расійскіх рублёў (5,3 млн даляраў). За столькі і прадалі.

Адна сотка ў Сочы, як заўважылі ў «Белполе», прадаецца на сайтах прыватных аб’яваў не танней за 10 млн расійскіх рублёў. Гэта значыць рынкавы кошт прададзенага ўчастка ў амаль тысячу сотак у 20 разоў вышэйшы.

Праз Расію і Эміраты — у кішэню Лукашэнкі

«Комплекс-Інвест» зарэгістравалі 8 чэрвеня 2021 года на імя грамадзянкі РФ Алены Борцевай — пенсіянеркі, якая пражывае ў акупаваным Расіяй Севастопалі. Фармальна будаўнічая кампанія нічога не будавала і наогул не вяла дзейнасці. А купіўшы элітны ўчастак за бесцань, пачакала пару месяцаў — і стала беларускай. 12 мая 2022 года 99,9% долі фірмы «Комплекс-Інвест» перайшлі ва ўласнасць беларускага ТАА «Рэгіянальны парадак».

Пра «Рэгіянальны парадак» расследавальнікі не знайшлі ў адкрытых крыніцах нічога цікавага акрамя нумару тэлефону, які зарэгістраваны на грамадзяніна Беларусі Вячаслава Васільева. Гэты ж Васільеў, як высветлілася, з’яўляецца дырэктарам і заснавальнікам фірмы. Паводле звестак «Белпол», гэта той самы Васільеў, што займае пасаду старэйшага інспектара ваенізаванай аховы спецыяльнага аддзелу аховы фізічных асобаў ТАА «ГардСэрвіс» — «лукашэнкаўскіх вагнераўцаў».

Схема расследавання пра продаж беларускіх участкаў у Сочы. Скрыншот: BELPOL / Youtube

Другім заснавальнікам «Парадку» выявілася фірма «Vector Energy Innovation FZCO», зарэгістраваная ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах. Гэтая фірма фігуравала ў скандале ва Украіне, што разгарэўся ўвосень 2021 года: яна ўклала дамову з украінскім энергатрэйдарам на пастаўку электраэнергіі з Беларусі, купляла 1 МВт⋅ч за 59 даляраў і прадавала за 100. Энергія ішла з Украіны ў Беларусь, розніца ў цане ішла ў Эміраты, чысты прыбытак фірмы мог дасягаць 400 млн даляраў.

Украінскія расследавальнікі лічылі, што галоўным выгадаатрымальнікам той скандальнай угоды сталі ўкраінскія палітыкі і бізнэсоўцы. Але «Белпол» упэўнены, што асноўную выгаду атрымалі Лукашэнка, Шэйман і падкантрольныя ім бізнэсы. Так, у жніўні 2021 года ў «арабскую» фірму быў працаўладкаваны выканаўчым дырэктарам з заробкам амаль 11 тысяч даляраў у месяц нехта Сяргей Аношка.

Той Аношка, перакананы «Белпол», гэта былы першы намеснік дырэктара РУП «Беларусьгандаль» у структуры Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі. 11 сакавіка 2021 года Аношка разам са звольненым напярэдадні намеснікам Шэймана Андрэем Свірыдавым заснаваў у Мінску ЗАТ «Вектар Капітал Груп». Другі кіраўнік — былы першы намеснік кіраўніка кіраўніцтва справамі Лукашэнкі Мікалай Селіванаў. Гэтую фірму «Белпол» лічыць «паменшанай копіяй» Кіраўніцтва спраў Лукашэнкі, якая выконвае тыя ж функцыі, але пад маскай прыватнай структуры, каб абысці санкцыі Еўразвязу.

Прычынай звальнення Свірыдава, Шэймана і Селіванава ў кожным выпадку значыцца пераход на іншую працу. Паралельна з імі пасады пакідаюць шэраг іншых, непублічных супрацоўнікаў Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі. Усе яны становяцца супрацоўнікамі «Вектар Капітал Груп».

«Белпол» робіць выснову: «Кола замкнулася». Фірма «Вектар Капітал Груп» падсправаздачная непасрэдна Лукашэнку, праз «Vector Energy Innovation FZCO» і «ГардСэрвіс» звязаная з «Рэгіянальным парадкам», які атрымаў кампанію «Комплекс-Інвест», якой прадалі ўчастак у Сочы на загад Лукашэнкі.

Акрамя таго, намеснік дырэктара «Комплекс-Інвест» — грамадзянін Беларусі Віктар Жураўкоў. Расследавальнікі ўпэўненыя, што гэта сын Галіны Жураўковай, якая ачольвала Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі ў 2001—2004 гадах, была асуджаная за крадзяжы і памілаваная Лукашэнкам у 2005 годзе.

Яшчэ адна рэзідэнцыя Лукашэнкі і яшчэ паўмільярда ў кішэню?

Па звестках расследавання, «Комплекс-Інвест» збіраецца будаваць у Сочы жылы комплекс «Красная паляна» на тры элітныя катэджы плошчай больш за 300 м2 кожны, гатэль, рэстаранны комплекс і велізарнае гаспадарскае шале плошчай 1002 м2.

У гаспадарскім катэджы па праекце апроч іншага ёсць пакой для лыжаў, лазня, кухні для халодных і гарачых страваў, працоўны кабінет, некалькі спальняў. На падземным паверсе басейн, лазні, службовы пакой аховы.

«Ён яшчэ ў актыўнай будоўлі, у эксплуатацыю яшчэ не ўведзены», — адказалі «Белсату» наконт комплеса ў тэхнічным аддзеле кампаніі «Краснадарграмадзянпраект».

«Белпол» сцвярджае, што будаўніцтва кантралюе Шэйман, які асабіста інспектаваў аб’ект нават тады, калі на ўчастку яшчэ не пачалося будаўніцтва.

Комплекс «Красная паляна». Скрын відэа «Белсат»
Комплекс «Красная паляна», адзін з праектаў фасада гаспадарскага катэджа. Скрын відэа «Белсат»
Праект хола ў гаспадарскім катэджы. Скрын відэа «Белсат»

Па выніках інспекцыі Шэймана прыйшлося перарабіць праектную дакументацыю. У выніку меры бяспекі сталі нагадваць тыя, што планавалі для новага палаца Лукашэнкі: сістэма падаўлення беспілотнікаў, металадэтэктары, цеплавізары, радыёметрычны кантроль… «Белпол» не выключае, што фактычным гаспадаром комплексу будзе асабіста Лукашэнка.

Меркаваная новая рэзідэнцыя Аляксандра Лукашэнкі. Расследаванне пра продаж беларускіх участкаў у Сочы. Скрыншот: BELPOL / Youtube

«Белпол» сцвярджае, што ведае і пра наступны крок у Сочы. Паркавы комплекс «Фруктовы сад» плошчай больш за 8500 гектараў (у 850 разоў большы за ўчастак, пра які ішла гаворка вышэй) таксама збіраюцца прадаць па цане ніжэйшай за рынкавую. Санаторый «Беларусь», як сцвярджаецца, прадасць яго той жа фірме «Комплекс-Інвест».

Замест парку плануюць пабудаваць дзесяць шматпавярховых будынкаў з адна– і двухпакаёвымі апартаментамі. Прыбытак, паводле звестак расследавальнікаў, плануюць атрымаць на суму 526 млн даляраў. 

Каментары7

  • Ганьба
    29.04.2024
    Падмахвай далей пратаколы ў камісіі, лукашэнкаўскі підагог. Тупыя балваны.
  • Пакаленія NIXTO™
    29.04.2024
    Не тое счытаеце...
  • Дзяржмаёнтак
    29.04.2024
    Ўсё для народа

Макс Корж выпусціў першы кліп пасля пагроз ГУБАЗіКа. Правакацыйны і шматсэнсоўны27

Макс Корж выпусціў першы кліп пасля пагроз ГУБАЗіКа. Правакацыйны і шматсэнсоўны

Усе навіны →
Усе навіны

У Германіі памёр навуковец Міхаіл Ерамец. Ён нарадзіўся ў Пінску1

У Гродне і раёне ўведзены рэжым контртэрарыстычнай аперацыі1

Офіс Ціханоўскай пракаментаваў экстрадыцыю Васіля Верамейчыка17

Даныя ўсіх карыстальнікаў Pokemon GO цяпер ператворацца ў глабальную мапу мясцовасці8

Байдэн спіша частку доўгу Украіне1

Трамп абмовіўся, што гатовы пайсці на трэці тэрмін. А ці магчыма такое ў ЗША ўвогуле?9

Стаў вядомы спіс афіцэраў, якіх Лукашэнка за падтрымку народу ў 2020 годзе пазбавіў званняў7

Бондарава заклікала пакараць Марзалюка. Але падвяла сябе пад 15 сутак за рэпост «НН»13

У эфіры прапагандыстаў паказалі яшчэ аднаго зняволенага каліноўца — Максіма Ралько5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Макс Корж выпусціў першы кліп пасля пагроз ГУБАЗіКа. Правакацыйны і шматсэнсоўны27

Макс Корж выпусціў першы кліп пасля пагроз ГУБАЗіКа. Правакацыйны і шматсэнсоўны

Галоўнае
Усе навіны →