Ад дзвюх гадзін да сутак. Як доўга цяпер стаяць у чэргах на мяжы?
Паглядзелі, што адбываецца на межах Беларусі і ЕС перад выхаднымі.
Латвія
Найменш загружаным традыцыйна з'яўляецца латвійскі кірунак. У адзіным дзейным пункце пропуску на беларуска-латвійскай мяжы «Грыгароўшчына — Патэрніекі» чэргаў з легкавікоў па стане на 16 гадзін пятніцы няма.
Абумоўлена гэта не толькі тым, што сама Латвія куды менш цікавіць беларусаў, чым Польшча і Літва. Рэч у тым, што з поўным бакам паліва ў гэтую краіну можна ўязджаць толькі раз на 30 дзён.
Літва
У «Беняконях» выезду з Беларусі чакаюць больш за 90 легкавікоў. У «Каменым Лозе» — больш за 60.
Людзі, якія днём у пятніцу трапілі ў Літву праз «Каменны Лог», кажуць, што на праход мяжы на аўто ў іх сышло 19 гадзін.
У «Беняконях» сітуацыя падобная. Людзі, якія часта ездзяць праз мяжу, кажуць, што апошнім часам на праезд сыходзіць ад 12 гадзін да сутак у адзін бок.
Падарожнікі з дзецьмі ва ўзросце да 3 гадоў пішуць, што абедзве мяжы можна праехаць за 30 хвілін па «зялёным канале» і за 1,5-2 гадзіны, калі па «чырвоным».
З аўтобусамі прасцей. Шлях з Мінска да Вільні займае каля 6 гадзін. Ад 2 да 4 гадзін займае праходжанне мяжы аўтобусамі ў ПП «Беняконі».
Польшча
Найбольш загружаным застаецца адзіны дзейны пасажырскі пераход на мяжы з Польшчай «Брэст — Тарэспаль».
Перад ім утварылася чарга з больш чым 250 машын, якія чакаюць на выезд з Беларусі. Апошнім часам лічыцца нормай правесці ў чарзе каля сутак, каб трапіць у Польшчу. І так у кожны бок.
У адрозненні ад Літвы, паездка на аўтобусе не выратоўвае ад стаяння ў чарзе. На праезд праз мяжу аўтобусам сыходзіць ад 20 да 42 гадзін.
Беларускі бок у гэтай сітуацыі вінаваціць сваіх польскіх калег. Паводле інфармацыі ад Пагранкамітэта Беларусі, 12 красавіка з 08:00 да 14:00 на польскую тэрыторыю прайшло ўсяго 4 аўтобусы з 42 магчымых.
Грузавы рух
На грузавым кірунку сітуацыя застаецца стабільна напружанай. Агулам, па стане на 16 гадзін пятніцы выезду з Беларусі чакаюць больш за 2400 вялікагрузаў.
З іх 830 на мяжы з Латвіяй і амаль 1600 на мяжы з Літвой, па 800 і 760 у кожным з пунктаў пропуску. На праезд фуры праз гэтыя пункты пропуску сыходзіць ад 10 да 15 сутак.
А вось на адзіным дзейным грузавым пункце пропуску з Польшчай выезду з Беларусі чакаюць усяго толькі больш за 10 грузавікоў.
Каментары