Усяго патроху

«Зазіраю ў акенца, у якім гарыць цёплае святло, — і згадваю сваё дзяцінства». Дзяўчына знайшла арыгінальны спосаб, як захаваць цёплыя ўспаміны

Дыван з лебедзямі на сцяне, выцінанкі на вокнах; за шклом серванта — сервіз, які даставалі толькі па вялікіх святах, цёплая печ, дзе так прыемна паляжаць узімку з кніжкай… Усё гэта было ў дзяцінстве многіх з нас. Вось толькі адным пашанцавала больш: вясковая хата захавалася, і яны працягваюць прыязджаць туды і даглядаць яе. У некага ж так склаліся абставіны, што радавое гняздо давялося прадаць ці яго наогул закапаў у зямлю бульдозер. Засталіся толькі ўспаміны — у сэрцы, у сямейных альбомах. А ў гераіні гэтага артыкула — яшчэ і на кніжнай паліцы, піша «Звязда».

«Там мы разам кармілі куранят, збіралі вішні…»

Хатка, дарагая сэрцу Настассі Студзянцовай, настаўніцы пачатковых класаў з Мінска, знаходзіцца ў невялічкім гарадскім пасёлку Хоцімск, што ў Магілёўскай вобласці. Там яе пабудавалі прадзед (ён быў сталяром) і дзядуля Настассі прыблізна 70 гадоў таму.

«Дзядуля з бабуляй пражылі ў той хатцы ўсё сумеснае жыццё, — расказвае Настасся. — Яны пазнаёміліся праз пару гадоў пасля вайны ў вясковым клубе недалёка ад Хоцімска. Бабулю размеркавалі туды настаўніцай, а дзядуля прыехаў у родную вёску са службы ў адпачынак. Я заўсёды была вельмі прывязаная да гэтага месца.

Там прайшло маё дзяцінства, там палюбіла прыроду, там клікала куранят да бабулі, калі яна выходзіла іх карміць. Там мы з дзядулем разам капалі бульбу, збіралі вішні. І разам баяліся бабулю (яна ж у нас была заслужанай настаўніцай матэматыкі), калі «касячылі». Мая маці паехала мяне туды нараджаць, хоць ужо жыла ў Мінску. Таму я звязана з Хоцімскам з самага свайго нараджэння. Менавіта гэта месца, лічу, зрабіла мяне той, хто я ёсць».

Але… гэта жыццё. Са стратай родных вельмі часта прыходзіць і страта хаты…

«Дзядуля памёр у 2012 годзе, бабуля — у верасні 2022-га, — працягвае свой аповед Настасся. — У Хоцімску нікога з родных не засталося. Было зразумела, што рана ці позна хату давядзецца прадаць, ніхто не будзе з Мінска ездзіць яе даглядаць. Гэта быў вялікі боль майго сэрца. Там столькі маёй душы, успамінаў, я вельмі люблю і ведаю ў той хаце кожны брусочак, кожную палічку. І расставацца з гэтым было вельмі цяжка. Таму я пастаянна думала, як мне гэта захаваць, акрамя сваёй памяці і фотаздымкаў».

Настасся верыць у Бога. І лічыць, што гэта менавіта Ён нейкім чынам зрабіў так, каб яна ўбачыла ў інстаграме акаўнт майстроў-мініяцюрыстаў Сняжаны і Аляксея.

— Памятаю, разглядала там фотаздымкі з маленечкімі, памерам з кнігу, дамкамі мары ды пакойчыкамі з папулярных фільмаў. І падумала: «А чаму б не захаваць і нашу вясковую хатку ў такой мініяцюры. Я адразу ж напісала майстрам і запыталася, ці маглі б яны зрабіць яе маленькую копію».

Сняжана адказала: «Можам паспрабаваць» і папрасіла даслаць шмат падрабязных фотаздымкаў. Якраз у жніўні ў маёй маці, якая нарадзілася ў гэтай хаце, быў юбілей, таму я вырашыла, што зраблю ёй такі незвычайны падарунак».

Настасся папрасіла рамеснікаў зрабіць не толькі макет дома, але і яшчэ ўнутры яго адзін пакой.

«У нашай хаце два вялікія пакоі, і калі я думала, які з іх увасобіць, спынілася менавіта на зале, дзе падчас свят збіралася ўся сям’я. Што б ні святкавалі — Новы год ці чыйсьці дзень нараджэння, — дзядуля заўсёды сядзеў на чале стала. Ён быў ветэранам вайны, меў шмат узнагарод. Дык вось на нейкае свята дзядулю падарылі вялікі партрэт, на якім ён у пінжаку, завешаным ордэнамі і медалямі. Ён шмат гадоў займаў пачэснае месца ў нас на буфеце. Радасна, што Сняжана з Аляксеем зрабілі паменшаную копію ў тым ліку і гэтага партрэта. 

Такім чынам, дзядуля нават тварам прысутнічае ў мініяцюрным дамку. Таксама ў міні-пакоі над сталом вісіць копія калажа з фотаздымкаў, які я рабіла на залатое вяселле бабулі і дзядулі.

— Што самае каштоўнае ў міні-пакоі — партрэт дзядулі?

— Напэўна, усё. Партрэту ўсяго дваццаць гадоў, а буфет, напрыклад, там стаяў, колькі я сябе памятаю. 

У нашым сямейным альбоме шмат чорна-белых фотаздымкаў на яго фоне. Канапа, засцеленая мякенькім пакрывалам, таксама ўсё маё жыццё там стаяла. Каб дакладна паўтарыць узоры на ім, Сняжана з Аляксеем прымянілі друк па тканіне з фотаздымка. Таму да гэтага пакрывала ў мініяцюрным дамку можна дакрануцца і адчуць яго навобмацак.

Мы былі са Сняжанай увесь час на сувязі, узгаднялі кожную дэталь. І зусім нечакана гэтыя званкі ды перапіска, сам працэс падбору матэрыялаў сталі для мяне своеасаблівай псіхатэрапіяй.

Калі я ўзяла ў рукі бабулін і дзядулеў дамок, адразу пачала плакаць, бо адчула ўжо не боль, а светлы сум, пяшчоту. Цяпер міні-копія хаткі — сапраўдная рэліквія ў нашай сям’і, якая будзе перадавацца як скарб, з пакалення ў пакалення.

— А як ваша маці адрэагавала на такі незвычайны падарунак?

— Калі я падняла дах і ўключыла ў хатцы святло, яна таксама пачала плакаць. На той момант наша радавое гняздо яшчэ належала нам. Мінулай вясной мы ездзілі туды на Радаўніцу і прыхапілі з сабой яго мініяцюрную копію. Для мяне было вельмі важна, каб яны пазнаёміліся, каб маленькая хатка пабывала ўнутры вялікай. Не так даўно мы перадалі бабулін дом у добрыя рукі знаёмых нашай сям’і…

…Я вельмі ўдзячная Сняжане і Аляксею. Я даверыла ім каштоўную частку майго сэрца, і яны беражліва і з любоўю падарылі ёй працяг. Дзякуючы іх таленту, цяпер памяць пра хатку будзе жыць не толькі ў маім сэрцы, але і на кніжнай паліцы. Кожны раз, калі гляджу на яе, адчуваю спакой, цеплыню, любоў, абарону.

Зазіраю ў акенца, у якім гарыць цёплае святло, — і згадваю сваё дзяцінства, уяўляю, што зноў сяджу на печы (на месцы празрыстай здымнай сцяны, якая аберагае ад пылу, у рэальнасці знаходзіцца печ) і зверху назіраю за дарослымі, слухаю, што яны абмяркоўваюць.

Ці вось прайшло шумнае свята, і мы сядзім з кніжкамі і семкамі, ужо вузкім колам. Нехта на канапе, а нехта за сталом. У гэтым доме, непасрэдна ў гэтым пакоі.

Хоцімск і наша хатка — гэта мая моц на ўсё жыццё, месца сілы і любові назаўсёды. Калі мне цяжка, я заўсёды думкамі вяртаюся туды, дзе, маленькая, гуляю з братам і сябрамі ў «Казакі-разбойнікі» ды будую шалаш з галінак і лісця, а ў двары бабуля з дзядулем чакаюць нас з поўнай міскай суніц з нашага агарода. І ўсе праблемы падаюцца ўжо не такімі страшнымі, жыццё становіцца прасцейшым і святлейшым.

Каментары

«У Беларусь Крыгер заехаў турыстам». З'явіліся новыя падрабязнасці пра немца, прысуджанага да расстрэлу9

«У Беларусь Крыгер заехаў турыстам». З'явіліся новыя падрабязнасці пра немца, прысуджанага да расстрэлу

Усе навіны →
Усе навіны

Рашэнне зняць сваю кандыдатуру Байдэн прыняў сёння. Яно стала нечаканасцю для ягонага штаба9

«Надышоў час аб'яднацца і перамагчы Трампа». Байдэн падтрымаў кандыдатуру Камалы Харыс на выбарах29

«Найгоршы прэзідэнт у гісторыі краіны». Дональд Трамп пракаментаваў выхад Джо Байдэна з прэзідэнцкай гонкі21

Байдэн выходзіць з прэзідэнцкай гонкі47

Факельнае шэсце і байкеры. Як адсвяткавалі ў Гудагаі1

Латушка: прыгаворанага да расстрэлу Крыгера могуць абмяняць на супрацоўніка ФСБ Красікава7

Прапагандысты пахваліліся вандалізмам у Курапатах ФОТЫ21

МУС хоча забараніць «дублі», «цублі» і іншыя сувенірныя грошы

На беларуска-кітайскіх вучэннях пад Брэстам адпрацоўвалі захоп аэрапорта11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«У Беларусь Крыгер заехаў турыстам». З'явіліся новыя падрабязнасці пра немца, прысуджанага да расстрэлу9

«У Беларусь Крыгер заехаў турыстам». З'явіліся новыя падрабязнасці пра немца, прысуджанага да расстрэлу

Галоўнае
Усе навіны →