«Прынцэса і жабка» — анімацыйная музычная казка, намаляваная ад рукі.
Цемнаскурая дзяўчына Тыяна марыць адкрыць свой рэстаран ды шмат працуе. На карнавале яна знаёміцца з жабкай-прынцам, якога зачараваў злы вядзьмак. Але пасля пацалунку дзяўчына сама стаецца амфібіяй. Два паўзуны ўвязваюцца ў небяспечныя прыгоды…
Карціна Рона Клементса і Джона Маскера — амаль забытая, намаляваная ад рукі анімацыя. У сённяшнія кампутарныя часы студыя «Дыснэй» вырашыла ўзгадаць пра вытокі. Рэжысёрам, якія працавалі над «Аладзінам» і «Русалачкай» гэта прыйшлося даспадобы.
Класічны казачны сюжэт, амаль не перакручаны постмадэрновымі здзекамі. Абавязковыя пацешныя персанажы: закаханы ў зорку святляк і кракадзіл, які шалее ад джазу (прататып — слынны джазмэн Луі Армстронг). Героі спяваюць, танчаць, гарэзяць.
Карціна настальгуе па Новаму Арлеану 20-х, яшчэ не разбуранаму ўраганам Катрына. Палітыка праточваецца ў фільм сценямі і вобразамі: тата гераіні нагадвае Барака Абаму.
Актуальная і дэмакратычная мараль. Прынцам-лавеласам варта вучыцца працаваць. Жабкам-працагалічкам — любіць.
Радасць, феерверкі, вяселле.
Мілая стужка, але ў залатыя часы, намаляваныя Уолтам Дыснэем ужо не вернуцца.
Каментары