Грамадства66

«Гэта будзе доўга і пакутліва». Як беларусы каментуюць закрыццё Літвой яшчэ двух пераходаў з Беларуссю

Радыё Свабода пагаварыла з беларусамі пра тое, як іхнае жыццё пагоршыцца, калі Літва закрые яшчэ два пераходныя пункты з Беларуссю.

Час на дарогу вырасьце на тры гадзіны, паліва — на 10 даляраў

Беларусы ў шоку ад навіны пра закрыцьцё памежных пераходаў з боку Літвы Райгорад/Прывалка і Лаварышкі/Катлоўка зь 1 сакавіка. Найбольш пацярпяць жыхары Горадзеншчыны — ад закрыцьця пункту ў Прывалцы, да якога з Горадні можна было даехаць за паўгадзіны.

Калі ад Горадні да Прывалкі адлегласьць каля 35-40 кілямэтраў, то ад Горадні да Берасьця — 240, а да Каменнага Логу — 240-280, у залежнасьці ад маршруту.

Гарадзенец Ігнат* (імёны ўсіх суразмоўцаў зьмененыя дзеля іхнай бясьпекі. — РС) мяркуе, што час на дарогу паміж Горадняй і Беластокам вырасьце на 3 гадзіны, выдаткі на паліва — на 10 даляраў у адзін бок.

Марыя чакае падаражэньня білетаў паміж краінамі. Кажа, што кіроўцы маршрутак прагназуюць скарачэньне колькасьці рэйсаў і больш складаны пераход мяжы.

Нязручнасьці, якіх можна чакаць:

  • яшчэ больш павялічыцца час на дарогу — на дадатковы крук;
  • павялічыцца час чаканьня на мяжы, бо вырасьце нагрузка на пункты, якія застануцца працаваць;
  • падаражэюць білеты на аўтобусы і вырасьце кошт выкарыстанага паліва, калі ехаць уласным транспартам.

Цяпер беларусы на легкавіках ці аўтобусах змогуць выехаць у Эўразвяз празь пераходы:

  • Беняконі/Салечнікі (Літва);
  • Каменны Лог/Меднікі (Літва);
  • Берасьце/ Тарэспаль (Польшча);
  • Грыгораўшчына/Патэрніекі» (Латвія).

Першыя два з 1 сакавіка таксама абмяжуюць рух раварыстаў і пешаходаў. Раварысты праходзяць мяжу ў асобнай чарзе, значна хутчэй за аўтамабілі і аўтобусы. Многія раней прыяжджалі на мяжу на машынах з роварам у багажніку, іншыя нават трымалі свае ровары на стаянках побач зь мяжой. Двухколавы транспарт быў патрэбны толькі для пераходу пункту пропуску. Цяпер гэты хітрык, выглядае, ня будзе працаваць.

«Каб зьезьдзіць у Беларусь, трэба здаць кроў»

Гарадзенка Ядзьвіга ўжо нейкі час жыве і працуе ў Польшчы. У Беларусі ў яе засталіся сваякі. Адзін зь іх цяжка хварэе, яго трэба пастаянна даглядаць. Раней яна раз на некалькі месяцаў езьдзіла ў Беларусь, каб наведаць родных, а таксама каб падмяніць іх каля цяжка хворага і даць ім адпачыць хаця б пару дзён.

У яе ўжо былі расплянаваныя паездкі ў Беларусь ці не на паўгода наперад. На іх жанчына звычайна бярэ некалькі дзён адпачынку на працы. Новыя абмежаваньні Літвы руйнуюць ейныя пляны.

«Учора я плакала. Гэта капец. Цяпер я ня ведаю, як разьлічыць свой адпачынак, каб трапіць у Беларусь», — кажа суразмоўца пра тое, як успрыняла навіну пра закрыцьцё памежных пунктаў, у прыватнасьці ў Прывалцы.

Апошнім часам яна езьдзіла празь пераход Прывалка/Райгорад аўтобусам. Дарога паміж Горадняй і Беластокам у яе займала ў сярэднім 7-8 гадзін. Нядаўна ўвесь шлях заняў нават усяго 5. Калі яна неяк ехала празь пераход у Беняконях, то дарога заняла 13-14 гадзін, але тады, падкрэсьлівае суразмоўца, не было вялікай чаргі.

Цяпер беларуска мяркуе, што на дарогу толькі ў адзін бок трэба плянаваць суткі. Яна думае, што давядзецца даўжэй стаяць у чарзе на мяжы, бо людзі з двух пунктаў накіруюцца ў тыя, што засталіся. Складанасьць яшчэ і ў тым, каб своечасова вярнуцца і пасьпець выйсьці на працу ў Польшчы. Калі ў апошні час усталяваўся больш-менш устойлівы расклад у руху маршрутак, то цяпер зноў шмат невядомых.

Раней у сярэднім 24 гадзіны трэба было плянаваць на дарогу ўласным транспартам. Аўтобусы выбіралі тыя, каму трэба было прыехаць больш-менш хутка, на заплянаваны час.

«Яшчэ і маральна вельмі цяжка. Паміж Горадняй і Беластокам каля 100 кілямэтраў, рукой падаць. А тут ведаць, што табе ехаць яшчэ да Берасьця, складана», — дадае яна.

Беларуска знайшла спосаб, як атрымаць дадатковыя вольныя дні на паездку — здаваць кроў. Донар у Польшчы не атрымлівае грашовых выплат, але яму даюць два вольныя дні на працы. Жанчына ў Польшчы можа здаваць кроў 4 разы на год.

«Вось я ў чацьвер здала кроў — і адразу паехала ў Беларусь, а не ў пятніцу ўвечары, як раней. Добры загаловак: «Каб зьезьдзіць у Беларусь і пабыць зь сям’ёй, трэба здаць кроў». Едзем на крыві», — іранізуе яна.

На думку суразмоўцы, таксама вырасьце цана білетаў. Цяпер квіток на аўтобус Горадня — Беласток у адзін бок каштуе 100 рублёў, на аўтобус Менск — Варшава — 120-140.

Суразмоўца мяркуе, што вырастуць і цэны за перадачы, якія беларусы перадаюць на радзіму або з радзімы. Цяпер за невялікую тэчку дакумэнтаў кіроўцы аўтобусаў бяруць па 40-50 злотых (10-15 даляраў), і то ня ўсе пагаджаюцца.

«Ці будуць цяпер кіроўцы маршрутак пагаджацца, калі дарога ўскладніцца? А як са спантаннымі перадачамі, якія трэба хутка даслаць? А як лекі цяпер перадаваць? Я купляю тут і лекі, і іншыя мэдыцынскія рэчы сваякам. Цяжка», — кажа Ядзьвіга.

Гарадзенка думае, што доўгая дарога ўскладніць і паездкі сваякоў старэйшага ўзросту зь Беларусі да дзяцей і ўнукаў за мяжу, бо ім цяжка будзе вытрымаць столькі часу ў дарозе ў аўтобусе.

«Значыць, бабуля цяпер будзе прыяжджаць ня раз на два месяцы, а раз на чатыры», — падсумоўвае яна.

«Гэта будзе доўга і пакутліва»

Беларуска Ксенія жыве на дзьве краіны і часта езьдзіць паміж Беларусьсю і Польшчай і аўтобусам, і прыватным аўтамабілем. Яна мяркуе, што найбольш праблем створыць закрыцьцё пераходу ў Прывалцы.

«На Прывалку ехала значная частка народу, што разгружала іншыя пераходы. І то бывала, што я на Прывалцы стаяла па 13 гадзін на адным месцы», — кажа Ксенія.

Паводле ейных назіраньняў, пункт у Прывалцы найперш выкарыстоўвалі людзі, якія зарабляюць на мяжы. Яны «перагружалі» пераход, на думку суразмоўцы.

«Яны езьдзяць з кароткімі паездкамі нешта купіць-прадаць. Ты выходзіш з аўтобуса, а там людзі з бауламі і ты. Яны спрактыкаваныя, у іх усё прадумана. Яны выкідаюць упакоўку, ведаюць дакладную вагу ўсіх рэчаў, што куды трэба зьмясьціць. Там жыцьцё камэрсантаў вельмі ажыўленае. Ня думаю, што атрымаецца спыніць лявіну гэтых людзей. Цяпер яны будуць ехаць на рэшту пунктаў, і там будзе капец», — кажа Ксенія.

Цяпер, думае суразмоўца, самым папулярным пунктам пераходу стане «Каменны Лог», які вядзе на Вільню.

«Мне было ўжо не прынцыпова, каб даць крук на Берасьце. Глядзіш памежны чацік беларусаў. Тыя, хто «пасуцца» на мяжы, выкладаюць, што там адбываецца. Думаеш: «Лепш я дам 6 гадзін убок, але ня буду стаяць 13 гадзін на мяжы»», — адзначае Ксенія.

Яна кажа, што памежныя чаты актыўныя, людзі шлюць туды праўдзівую інфармацыю, якая дапамагае арыентавацца ў бягучай сытуацыі.

«Там жа цэлая «мафія» памежная, якая трымае чаргу сабе, якую можна купіць. Людзі ледзь не групавалася ў суполкі: «Паехала машына, лавіце яе, не прапускайце». Я думаю, што падаражаюць расцэнкі на чаргу, квіткі на аўтобусы. Гэта будзе гамон», — эмацыйна кажа беларуска.

На думку суразмоўцы, ніхто зь беларусаў, каму гэта сапраўды важна, ня стане езьдзіць радзей за мяжу праз абмежаваньні Літвы.

«Ніхто з тых, для каго гэта стыль жыцьця або для каго гэта хлеб», — удакладняе яна.

Ксеніі складана са свайго досьведу ацаніць, як закрыцьцё двух памежных пунктаў павялічыць час на дарогу паміж Беларусьсю і Эўразьвязам. Яна перакананая, што гэта непрадказальна.

«Часам ты не чакаеш увогуле, часам чакаеш вельмі доўга. І няма гэтаму тлумачэньняў. Бывае, думаеш: аўторак, ну каму трэба ехаць? Але ты стаў, і ніводнай машыны не прапускаюць 8 гадзін», — расказвае яна.

У любым выпадку, на ейную думку, час на дарогу вырасьце моцна.

«Гэта будзе доўга і пакутліва», — прадбачыць Ксенія.

Да таго ж яна падазрае, што беларусы павялічаць цэны на знаходжаньне ў зоне чаканьня.

«Ты рэгіструесься на стаянку ў зоне чаканьня на Каменным Логу за 11 рублёў. Потым праз 3 гадзіны да цябе даходзіць, што трэба аплаціць 5 рублёў за тэлефоннае апавяшчэньне, якім ты ідзеш у чарзе. Інакш ты павінен пільнаваць таблё, на якім паказваюць чаргу машын, не адрываючы вачэй: ні паспаць, ні адпачыць», — дадае яна.

За апошні год яна найхутчэй прайшла мяжу за 5 гадзін, а найдаўжэй — за 30.

«У зоне чаканьня зь беларускага боку, калі ідзеш на чырвоны канал, няма ні пітной вады, ні чаго паесьці, толькі кепскія салаты, «сьнікерсы», салёная каўбаса і «Бела-кола». Ваду можна ўзяць толькі ў туалеце, там яна сьмярдзіць хлёркай. Я тады заехала пад раніцу і выехала позьняй ноччу. Хадзіла і прасіла ў людзей з аўтобусаў папіць», — успамінае яна.

Каментары6

  • Прапанова
    26.02.2024
    Ну дык трэба біць чалом перад спадаром Лукашэнка і прасіць яго, каб адмяніў гэты чортавы бязвіз, бо каб яго не прадоўжылі б, то і гэтыя пункты пропуску не зачынілі б, і ,нават, другія аднавілі б сваю працу. Людзям, якім сапраўды трэба ездіць у Беларусь, карысці ад гэтага безвізу няма, бо сюды пруць тыя, каму ўвогуле няма чаго рабіць у Беларусі, едуць каб купіць таннай саляркі, гарэлкі, цыгарэт,ды розныя лекі для перапродажу, а праз іх і чэргі аграмадныя. Сапраўдны кіраўнік краіны ў першаю чаргу павінен думаць пра сваіх грамадзян, як патэнцыяльных выбаршчыках, у другую чаргу - пра тых людзей, якія маюць дачыненне да Беларусі, а зараз усё атрымліваецца наадварот, на першыі плане спепкулянты, розныя перакаці-поле, для іх Лукашэка добры. Карацей , трэба пісаць зварот і сабіраць подпісы за адмену бязвіза, другога выйсця ў цяперашніх абставінах няма.
  • Хуч
    26.02.2024
    Як зрабіць так, каб памежныя пункты запрацавалі? Ўсё вельмі проста: скідайце луку, вызваляйце палітвязьняў, праводзьце новыя свабодныя выбары на альтэрнатыўнай падставе.
  • Žvir
    26.02.2024
    Прапанова, nie, biazviz, heta dobra, nia treba admianiać, chaj budzie. I z čaho vy úziali, što pa vašuju harelku niechta jedzie, ci pa cyharety ? Nikomu heta nia treba, piercisia ú Bielaruś za litruchaj šniahi. A cyharety kantrabaśniki i raniej pierahaniali, kali biazvizu nie bylo, i nikudy nia jezdzili, a čerhi na miažy i ú toj čas čamuści byli. Liudzi nie skacina, kab trymać u chlievie.

17-гадовы блогер з Гомеля выйграў BMW M4 і вырашыў на грошы ад яго купіць кватэру бяздомнай жанчыне12

17-гадовы блогер з Гомеля выйграў BMW M4 і вырашыў на грошы ад яго купіць кватэру бяздомнай жанчыне

Усе навіны →
Усе навіны

Пара мяняць летнюю гуму. Колькі гэта каштуе цяпер?1

Памятаеце банду, якая ў балаклавах рабавала на трасах фуры? Вынік суда шакуе8

Прымайце вітаміны: сонца мы не пабачым доўга4

Як адрозніваюцца цэны на прадукты ў Мінску і Маскве19

Рызота з грэчкі з курыцай і песта — рэцэпт1

«Гумару я не губляю. Гэта магчымасць рабіць лепшымі дні або хвіліны для кагосьці». Гутарка з Аленай Зуй-Вайцяхоўскай2

У Віцебскай вобласці перакулілася «Лада» з падлеткамі, страшныя наступствы

«Я хачу пазбавіцца ўсіх кліентаў з ноўтбукамі!»: уладальнік сталічнай кавярні падзяліўся болем44

Віктар Бабарыка сустракае дзень нараджэння ў невядомасці — калі ён жывы25

больш чытаных навін
больш лайканых навін

17-гадовы блогер з Гомеля выйграў BMW M4 і вырашыў на грошы ад яго купіць кватэру бяздомнай жанчыне12

17-гадовы блогер з Гомеля выйграў BMW M4 і вырашыў на грошы ад яго купіць кватэру бяздомнай жанчыне

Галоўнае
Усе навіны →