Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў відэазвароце пацвердзіў адстаўку Валерыя Залужнага і назваў прозвішча новага Галоўнакамандуючага УСУ — генерал-палкоўніка Аляксандра Сырскага.
Зяленскі выказаў падзяку Залужнаму «за два гады абароны», але пры гэтым паведаміў, што «з сённяшняга дня да кіраўніцтва Узброенымі сіламі Украіны прыступае новая кіраўнічая каманда».
Паводле слоў украінскага прэзідэнта, ён «правёў дзясяткі размоў з камандзірамі рознага ўзроўню» і спыніўся на кандыдатуры «найбольш дасведчанага ўкраінскага камандуючага» — генерал-палкоўніка Аляксандра Сырскага.
Да гэтага моманту Аляксандр Сырскі камандаваў Сухапутнымі сіламі УСУ.
Зяленскі адзначыў, што «ён мае паспяховы вопыт абароны — правёў Кіеўскую абарончую аперацыю. Ён мае таксама і паспяховы вопыт наступлення — Харкаўскай вызваленчай аперацыі». І выказаў упэўненасць, што «2024 год можа стаць паспяховым для Украіны толькі пры ўмове эфектыўных зменаў у аснове нашай абароны, якой з'яўляюцца Узброеныя сілы Украіны».
Каментары