«Замах на маю сям'ю!» Ідэолаг з «Белай Русі» просіць абараніць яе ад Бондаравай
Намесніца старшыні гродзенскай абласной арганізацыі «Белая Русь» Святлана Вараніца, якая раней выступала супраць Бондаравай і Азаронка, зноў не змагла змаўчаць.
Днямі даносчыца Вольга Бондарава апублікавала праграму, з якой ідзе ў дэпутаты Мінгарсавета.
«Як маці, я буду змагацца за душы і розумы кожнага беларускага дзіцяці, імкнучыся адвесці ад нашых дзяцей пагрозу разбэшчвання і дэградацыі», — паабяцала яна.
Вараніца такой «змагарцы» не рада. Яна просіць не дапусціць такой самадзейнасці Бондаравай.
«Паважаная бацькоўская і педагагічная грамадскасць! Вы давалі згоду на такую «барацьбу» за душы і розумы кожнага беларускага дзіцяці? У нас ёсць нормы права, практыка, звычаі, каб кожны, хто захоча, стаў раптам «змагацца»?
Я як грамадзянін Рэспублікі Беларусь і мама катэгарычна пярэчу, каб староннія людзі па-за сферай сваёй кампетэнцыі і паўнамоцтваў змагаліся за душу і розум майго дзіцяці. Любую спробу такой «барацьбы» буду расцэньваць як замах на маё гарантаванае і ахоўваемае Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь права на выхаванне дзяцей, а таксама ўмяшанне ў справы сям'і», — напісала Вараніца ў сваім канале.
Зрэшты, шанцаў стаць дэпутатам у Бондаравай пакуль няма. Па яе акрузе зарэгістраваныя і кандыдат-фаварыт, і яго спарынг-партнёр. Выглядае, што Бондаравай выдзеляць толькі апошняе месца ў выніковым пратаколе.
Каментары