Расія зноў атакавала Украіну беспілотнікамі і ракетамі. У Крывым Рогу другі дзень запар перабоі з электрычнасцю
У камандаванні Паветраных сіл УСУ паведамілі, што ў ноч на 3 лютага расійскія войскі атакавалі Украіну 14 беспілотнікамі тыпу «Шахед».
Па даных украінскіх вайскоўцаў, як і ў ноч на 2 лютага, «значная частка» беспілотнікаў атакавала аб'екты энергетычнай інфраструктуры ў Днепрапятроўскай вобласці.
Над рэгіёнам збілі пяць дронаў, яшчэ некалькі БПЛА дасягнулі зямлі. Кіраўнік Днепрапятроўскай абласной ваеннай адміністрацыі Сяргей Лысак паведаміў, што ў выніку атакі ўзніклі два пажары.
«Без святла ў раёне амаль 15000 чалавек. А яшчэ — дзве кацельні Крывога Рога, якія забяспечваюць 43000 абанентаў. У горадзе часткова абясточаны хуткасны трамвай. Таксама некаторыя сем'і засталіся без водазабеспячэння», — напісаў Лысак.
Кіраўнік Рады абароны Крывога Рога Аляксандр Вілкул заявіў, што расійскія вайскоўцы ўдарылі па аб'екце энергетычнай інфраструктуры горада.
У ноч на 2 лютага расійскія войскі запусцілі па тэрыторыі Украіны 24 ударных беспілотнікі. Адзін з беспілотнікаў пашкодзіў электрападстанцыі «Укрэнерга», без святла ў Крывым Рогу засталіся каля 40 тысяч абанентаў, у тым ліку дзве шахты, нагадвае «Медуза».
Каментары