З'яўленне Колі Лукашэнкі на афіцыйных мерапрыемствах часта становіцца прадметам дыскусій. «Наша Ніва» прыглядзелася да таго, у чым ён паказваецца на публіцы.
Часцей за ўсё на публіцы Лукашэнка-малодшы з'яўляецца ў добра скроеных уборах цёмна-сіняга і чорнага колераў. Як мяркуецца, рэчы для маладога чалавека шыюцца ў сталічным атэлье LineA — там жа, дзе ствараюцца касцюмы амаль усёй лукашэнкаўскай эліты.
Пасталеўшы, Мікалай стаў насіць стрыжку-«брытанку».
Юнак, як і бацька, захапляецца хакеем. Падчас паездкі беларускай дэлегацыі ў Кітай Сі Цзіньпін падарыў хлопцу спартыўны касцюм з кітайскім сцягам. Зрэшты, наўрад ці падарунак прыйшоўся да двара — ён выраблены ў бела-чырвоных колерах з залатой устаўкай.
У гардэробе Колі таксама можна заўважыць некалькі рэчаў ад LEPSHY — праўладнага мерча.
У рэдкія моманты, калі Мікалай знаходзіцца на трыбуне, можна разгледзець адзенне, якое ён выбірае для не пратакольных мерапрыемстваў. Так, на адзін з матчаў юнак прыйшоў у футболцы ад Stone Island — любімым брэндзе англійскіх ультрас і прыхільнікаў ультраправых ідэй.
Для іншых паўсядзённых аўтфітаў хлопец абірае дэмакратычныя маркі спорт-кэжуал. Напрыклад, цішоткі ад Under Armour ці класічныя пола ад вядомага брэнда Marc O'Polo.
Цікава, што ў адрозненне ад іншых сваякоў гардэроб Колі нельга назваць багатым. Тое ж датычыцца аксэсуараў: хлопец увогуле не носіць гадзіннікаў.
У 2020-м Мікалай запомніўся бронекамізэлькай і аўтаматам, з якімі прадэманстраваў сваю лаяльнасць і рашучасць абараняць ідэі кіраўніка сям'і.
***
Мікалай, трэці сын Аляксандра Лукашэнкі, нарадзіўся 31 жніўня 2004 года. Мама Колі Ірына Абельская — былая асабістая доктарка кіраўніка Беларусі. Цяпер яна галоўная доктарка Рэспубліканскага клінічнага медычнага цэнтра (лечкамісіі).
Чытайце таксама:
Коля з дзяцінства быў частым спадарожнікам бацькі. Ёсць меркаванне, што ідэя браць у замежныя паездкі дзіця прыйшла лорду Цімаці Бэлу — брытанскаму піяр-стратэгу, які ў сярэдзіне нулявых працаваў над іміджам Лукашэнкі. Спецыялісту здавалася, што маленькі сын надае вобразу палітыка мяккасці і чалавечнасці.
Лукашэнка заяўляў, што не мог ні з кім пакінуць хлопчыка, бо той слухаўся толькі бацьку. Яго значная роля ў жыцці хлопца бачная і ў дробязях. Аднойчы, заўважыўшы, што служба пратаколу своечасова не дала Лукашэнку-старэйшаму парасон, Мікалай ірвануў да яго, каб падзяліцца сваім.
Калі ў студзені 2023 Лукашэнка наведваў МТЗ, то згадваў, што Мікалай пастаянна сядзіць у інтэрнэце. «Карысці ад яго шмат. Ён мне прыносіць усю інфармацыю. Вось ты заўтра нешта брыдкае пра мяне напішаш, а ён мне «тата, паглядзі, народ піша», — расказваў палітык.
Мікалай цяпер студэнт. Ён паступіў на біяфак БДУ, але цяпер па праграме вучыцца ў Пекінскім універсітэце.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары