Расіяне ўпісалі беларусаў у сваю петыцыю да Еўрапарламента. Твітар кіпіць
Расійская журналістка Гера Угрумава апублікавала ў Х (былым твітары) тэкст петыцыі да еўрадэпутатаў — ад грамадзян Расіі і Беларусі. Беларусы на гэта абурыліся. Што здарылася?
У паведамленні Гера піша, што рыхтуецца петыцыя ад грамадзянаў Расіі — рэзідэнтаў ЕС да Еўрапарламента, і прыводзіць прыкладны тэкст петыцыі. Петыцыя сфармуляваная ўжо ад імя грамадзян Расіі і Беларусі.
Яе аўтары пішуць пра масавую адмову банкаў ЕС «мець гарантаваныя па законе базавыя банкаўскія рахункі рэзідэнтам з грамадзянствам Расіі і Беларусі». Яны сведчаць, што ў некаторых краінах, каб працягнуць ДНЖ, трэба мець банкаўскі рахунак, але, калі набліжаецца тэрмін заканчэння ДНЖ, банкі закрываюць рахункі, у тым ліку базавыя, што робіць працяг ДНЖ немагчымым. Сказана, што супрацоўнікі банкаў часта спасылаюцца на неіснуючыя санкцыі супраць грамадзян Расіі і Беларусі, а таксама адмаўляюцца прымаць дакументы, што сведчаць пра чаканне ДНЖ як пацверджанне рэзідэнцтва.
Праект Геры «Искра», паводле дапоўненай петыцыі, за апошнія тры месяцы атрымаў 2500 зваротаў ад грамадзян Расіі і Беларусі датычна адмовы ў адкрыцці рахункаў ці іх блакіроўкі. Актывісты просяць Еўрапарламент прыняць рэзалюцыю ці дырэктыву, скіраваную на тое, каб прадухіліць такую практыку. Паводле аўтараў петыцыі, такія дзеянні банкаў «сілкуюць адмоўны наратыў пуцінскай прапаганды пра «русафобію» Захаду».
Пад пастамі, прысвечанымі петыцыі, багата каментароў ад беларусаў. Большасць з іх пра тое, што ўпісваць беларусаў у агульную з расіянамі петыцыю — сумнеўны крок:
«А можна беларусаў выключыць з гэтага ліста? Для нас неактуальна».
«Не ўпісвайце Беларусь, займайцеся самі сваімі праблемамі, Беларусь — асобная дзяржава і беларусы самі пра сябе паклапоцяцца».
«Абмежаванне правоў грамадзян Беларусі сілкуе наратыў аб русафобіі? Цудоўны тэкст, абсалютна ніяк не пацвярджае словы Ціханоўскай пра імперскае мысленне».
«Пра Пуціна і русафобію бачу, а пра Лукашэнку і беларусафобію — не. Пра іншых грамадзян і дыктатараў таксама трэба ўпісаць. Уцекачоў з Афрыкі шмат хто баіцца, напрыклад».
«Як грамадзянін Беларусі, прашу выкрасліць нас з гэтай петыцыі. Быць разам з вамі ў любых петыцыях — гэта непрымальна. У нас хапае прадстаўнікоў майго народа за мяжой для прасоўвання інтарэсаў».
Некаторыя каментатары не стрымліваюць эмоцый:
«Е***ь, а хто ты такая, каб ад беларусаў пісаць?»
«Ніколі такога не было і вось зноў. Добрыя рускія цягнуць беларусаў у адну запрэжку з сабой. Вы сваімі дзеяннямі з кожным разам усё больш пацвярджаеце, што нармальных сярод вас нікчэмная меншасць. Калі ж вы ўжо па-братэрску ад****цеся».
Арганізатарка жаночых маршаў Настасся Касцюгова бачыць у паводзінах расійскіх актывістаў сістэмнасць:
«Цікава, як кожны раз, калі адбываецца нешта падобнае, вы і вашы суайчыннікі нават не разумееце, што вы зрабілі не так, колькі б вам не тлумачылі. Бо вам усё роўна».
У Геры ўдакладнілі, ці ёсць беларускамоўны варыянт петыцыі, і яна яго дала. Што да крытыкі ад беларусаў, Угрумава звярнула ўвагу, што атрымлівала ад грамадзян нашай краіны звароты па тэме петыцыі і прапанавала ўсім, хто не згодны са зваротам, проста яго не падпісваць.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬЧытайце таксама:
Пасля выпадку са стральбой у Літве задумаліся пра адмову ад рускіх школ
Каментары