Усяго патроху

«Настальгія па дзяцінстве». Жанчына сабрала калекцыю больш чым з 1000 старых ёлачных цацак, і чаго там толькі няма

51-гадовая Святлана Грэкава — гаспадыня крамы «Тэхнасіла» ў Бабруйску, а ў вольны час — калекцыянерка старых навагодніх цацак. У яе калекцыі — ужо больш за тысячу вінтажных экзэмпляраў, піша Komkur.info.

«Дзядуля прыносіць ялінку, прыбірае яе, а мы з сястрой назіраем»

Пачалося яе захапленне каля шасці гадоў таму з прагулкі па барахолцы.

«Мы ішлі з мужам, і я ўбачыла цікавыя старыя цацкі, якія прадавала бабуля, — расказала суразмоўца. — Яны былі такія, як у мяне ў дзяцінстве, і вельмі мне спадабаліся! Я мужу і кажу: «Давай купім!» Потым яшчэ дзесьці ўбачыла і купіла. І захацелася ялінку ўпрыгожыць толькі старымі цацкамі.

Гэта была настальгія па дзяцінстве, калі навагодняе свята было сапраўдным цудам і казкай. Мы тады з сястрой жылі з бабуляй і дзядулем на вуліцы Мінскай.

Па гэты дзень яркі ўспамін: дзядуля прыносіць ялінку, упрыгожвае яе, а мы з сястрой назіраем. А 1 студзеня на стале былі розныя смакоткі, і было столькі радасці, таму што канікулы!»

На памяць пра тое дзяцінства ў Святланы засталося ўсяго цацак з пяць. Тады нашы бабулі, дзядулі і бацькі не ведалі, якімі каштоўнымі будуць у будучыні гэтыя ўпрыгожанні, кажа яна.

«Бабуля біла шкляныя цацкі, каб зрабіць нам навагоднія кароны, і мы з сястрой ішлі ў школу на ёлку — такія прынцэсы!»

«Людзі часта прадаюць гэтыя скарбы за капейкі»

Паступова калекцыянаванне цацак захапіла нашу гераіню не на жарты. Муж Святланы прапанаваў ёй даць аб'яву аб куплі рэтра-цацак.

«Людзі тэлефануюць, і многія без шкадавання расстаюцца са старымі навагоднімі ўпрыгожваннямі, — кажа жанчына. — Неяк патэлефанаваў адзін мужчына, які пераехаў сюды з Поўначы. Ён прывёз з сабой вялізную скрынку шкляных навагодніх цацак, а калі выгружаў рэчы, яна ўпала.

Ён сказаў мне: «Выбірайце з таго, што засталося», і аддаў усё бясплатна. Так мая калекцыя папоўнілася адразу сотнямі каштоўных экзэмпляраў.

Пажылыя людзі часта прадаюць гэтыя скарбы за капейкі, кажуць: «Мне яно не трэба, я ялінку не стаўлю, а так хоць будзе на каўбасу».

Жанчыны звычайна больш сентыментальныя, яны як бы апраўдваюцца з сумам: «Сваякі памерлі, а мы такімі не ўпрыгожваем ялінку». Мужчыны расстаюцца з навагоднімі рарытэтамі больш рашуча: «Забірай, мне яно не трэба».

Бывала, што прыязджаю па цацкі, а мне кажуць: «А ў мяне яшчэ Дзед Мароз ёсць і Снягурка, забераце?»

Практычна ўсе свае цацкі жанчына купляе па аб'явах. Кажа, раней ёлачныя ўпрыгажэнні можна было знайсці і на «птушыным» рынку, але з кожным годам іх там менш. А ў камісіёнках, на яе думку, дарагавата — у сярэднім па 15 рублёў за штуку.

У Інтэрнэце рэтра-цацкі наогул могуць каштаваць казачных грошай, і ў апошнія гады цікавасць да савецкіх навагодніх упрыгожванняў расце.

Святлана ўсе свае цацкі купляла па цане ад 50 капеек да 5 рублёў за штуку.

Чыпаліна, Астролаг, хрушчы, кукуруза…

Калекцыя Святланы раскладзеная ў скрынках па тэмах, кожная падпісаная: снегавікі і Дзяды Марозы, лялечкі-дзяўчынкі-дзеці, жывёлы, гародніна, садавіна, рыбы, казуркі, птушкі, шары…

Большасць цацак шкляныя, ёсць таксама з кардона і ваты. Вельмі многія ёлачныя рарытэты — на прышчэпках.

Акрамя рознакаляровых бліскучых шароў, ёсць шмат казачных герояў — тут і Стары Хатабыч, і Чыпаліна, і Чырвоны Каптурок, і Астролаг… А якая разнастайнасць насякомых — божая кароўка, слімак, хрушч… З «гародніны» можна скласці цэлы салат: баклажан, морква, памідор, кукуруза, агуркі розных відаў і нават дзяўчынка-радыска! А якія мілыя дзіцячыя ўспаміны абуджаюць месяц з «тварыкам», хлопчык на санках, навагоднія гадзіннікі і разнастайныя ліхтарыкі!..

У скрынцы з цацкамі з ваты знаходзім медсястру, Снягурку, гусака з грыбамі. А якіх толькі Дзядоў Марозаў няма ў калекцыі — і з ваты, і пластмасавыя. Ашчадна, у асобнай скрынцы складзеныя шкляныя каралі і верхавіны для ялінкі.

Святлана стараецца даведацца пра гісторыю кожнай сваёй цацкі: у якія гады і дзе яна была зроблена. Самыя старыя экзэмпляры — ватныя і шклярусныя (гэта такія шкляныя трубачкі і пацеркі, нанізаныя на дрот), а таксама шары ручной работы, яны датуюцца саракавымі гадамі мінулага стагоддзя. Калекцыянерка мяркуе, што ёсць сярод іх і 1936-1937 года.

«Старыя цацкі хочацца кранаць рукамі, у іх ёсць душа»

«Сучасныя пластмасавыя цацкі мяне не радуюць, — кажа Святлана. — Старыя цацкі хочацца кранаць рукамі, у іх ёсць душа, гісторыя. З сучасных мне падабаюцца толькі ўпрыгожанні фабрыкі ёлачных цацак «Грай», якая знаходзіцца ў Мінску, у іх таксама ёсць душа. Кожны год купляю па адной такой».

Да Новага года яны з мужам ставяць у доме вялікую жывую елку пад два метры вышынёй. Святлана ўпрыгожвае яе толькі старымі цацкамі са сваёй калекцыі. Кажа, што рэакцыя гасцей на гэта адна: «Ваў!»

А вось два яе дарослыя сыны ставяцца да такой рэтра-ялінкі, ды і да самога Новага года, спакойна, жартуюць: «Гэта мамчыны цацачкі!»

Муж Святланы, Андрэй, калекцыянуе вінілавыя пласцінкі, так што захапленні адзін аднаго яны разумеюць і паважаюць. І калі хтосьці ў іх пытаецца: «Будзеце прадаваць свае калекцыі?», муж Святланы адказвае: «Не дай Бог так згаладаць!»

Каментары

Халезін: Неўзлін фінансуе Хартыю'97 яшчэ з прэзідэнцкіх выбараў 2010 года10

Халезін: Неўзлін фінансуе Хартыю'97 яшчэ з прэзідэнцкіх выбараў 2010 года

Усе навіны →
Усе навіны

Украінскія беспілотнікі атакавалі Казань2

Сёння самы кароткі дзень у годзе і самая доўгая ноч1

Школьніка затрымалі за інтэрнет-афёру на 90 тысяч рублёў

Рэцэпт на выхадныя: французскія калядныя пячэнькі «Сабле»1

Дзяўчына ў Расіі пакінула водгук пра касіра, які пахне як скунс. А пасля закруцілася — псіхбальніца, хэйт, вэбкам-мадэль і нават суіцыд13

Фрыдман: Уся гэтая рыторыка пра ўдзел Лукашэнкі ў перамовах ужо надакучыла ўкраінцам7

Наезд на людзей у Магдэбургу зрабіў мужчына родам з Саудаўскай Аравіі17

Пад пераслед трапіў вядомы віцебскі блогер3

МНС: Уладальнік згарэлага ГЦ у Віцебску не ліквідаваў раней выяўленыя парушэнні1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Халезін: Неўзлін фінансуе Хартыю'97 яшчэ з прэзідэнцкіх выбараў 2010 года10

Халезін: Неўзлін фінансуе Хартыю'97 яшчэ з прэзідэнцкіх выбараў 2010 года

Галоўнае
Усе навіны →