Ніколі не дарыце гэта на Новы год! Найгоршыя падарункі на думку беларусаў
Правялі невялікае апытанне і даведаліся, якія падарункі не варта класці пад навагоднюю ялінку. Спадзяемся, гэты спіс дапаможа вам не памыліцца з выбарам сюрпрызу і абраць тое, што насамрэч парадуе вашых блізкіх.
Прамахнуцца з навагоднім прэзентам вельмі лёгка, бо, каб яго абраць, мы часта кіруемся толькі сваім ўласным досведам і густам. Таму калі ў гэтай падборцы апынуліся рэчы, якія вы хацелі камусьці падарыць, не адчайвайцеся — у вас яшчэ застаўся час, каб іх абмяняць.
Сертыфікаты на экстрэмальныя актыўнасці. Пераадольваць свае страхі — гэта добра, дрэнна — кідаць выклік чужым. Нават калі вам здаецца, што скачок на тарзанцы з вышкі — выдатны падарунак, ваш сябар можа прытрымлівацца іншага меркавання.
Наборы цукерак ад дзяржаўных фабрык. Салодкі набор стане ўдалым падарункам для тэматычнай вечарыны «назад у часы дэфіцыту». Традыцыйна палова такой каробкі забіваецца нясмачнымі ледзянцамі, ды і шкоды ад такой колькасці цукру больш, чым карысці.
Букеты з садавіны. Нарэзаная садавіна хутка абветрываецца, таму часта такія букеты губляюць таварны выгляд, яшчэ не паспеўшы патрапіць у адпаведныя рукі. Акрамя гэтага, многія людзі грэбуюць есць прысмакі, прыгатаваныя саматужным спосабам.
Хатнія жывёлы. Нават калі чалавек некалькі разоў казаў, што хоча набыць гадаванца, абзавесціся ім ён павінен сам. Жывая істота — гэта адказнасць, якую не трэба ўзвальваць на чужыя плечы — нават з найлепшых памкненняў.
Набор шампуняў і геляў для душа. Парфумерныя камплекты, якія на першы погляд здаюцца ўніверсальным прэзентам, на справе часта адпраўляюцца ў смецце нават не распакаванымі. Да таго ж, па такім прэзенце адразу відаць, што чалавек паставіўся да выбару падарунка без энтузіязму.
Посуд для гатавання і бытавая тэхніка для кухні ці ўборкі. Клопаты па хаце — дадатковая праца, якую нярэдка жанчыны цягнуць самі. Не трэба нагадваць пра гэта ў навагоднюю ноч: лепш купіце пэўныя рэчы без нагоды — проста, каб аблегчыць жыццё.
Парфума. Адгадаць, якія духі падыдуць знаёмаму — вельмі складана. І рэч тут нават не ў густавых перавагах. На тое, як на целе раскрыецца парфума, уплывае мноства фактараў: ад тэмпературы ў памяшканні, дзе будуць нанасіць водар, да гарманальных асаблівасцяў чалавека. Таму ад такога падарунка лепш адмовіцца. Аднак ёсць выключэнне: калі вам мякка намякнулі, што жадаюць атрымаць канкрэтны флакончык, можаце смела класці яго пад ёлку.
Дрыль або набор адвёртак у падарунак мужчынам. Святы — выдатная нагода прадэманстраваць, што ўвесь год вы былі ўважлівыя да таго, што радуе блізкага чалавека і гатовы падарыць яму нешта для душы, а не для хаты. У дадатак, самастойная пакупка тэхнікі і інструментаў можа прыносіць мужчынам задавальненне — не варта пазбаўляць іх гэтай радасці.
Адзенне і бялізна. Пра густы не спрачаюцца, але часта моўчкі з імі не пагаждаюцца. Калі не жадаеце, каб абраная вамі рэч пылілася ў шафе, падарыце сертыфікат у краму або зрабіце, як гэта прынята ў шматлікіх краінах Еўропы — прыкладзіце да падарунка чэк. Так чалавек зможа вярнуць тавар ці абмяняць яго на грошы.
А якія няўдалыя падарункі атрымлівалі вы?
Каментары