Ратавальнікі ў мароз — пры тэмпературы ніжэйшай за -13°C — вядуць пошукі жывых.
Прынамсі 118 чалавек загінулі і больш за 250 пацярпелі ў выніку землятрусу, які адбыўся на паўночным захадзе Кітая, піша Бі-бі-сі.
Землятрус адбыўся ў правінцыі Ганьсу каля 00:00, у выніку чаго былі пашкоджаныя дамы і аб'екты інфраструктуры як у правінцыі Ганьсу, так і ў суседняй правінцыі Цынхай.
Па даных Геалагічнай службы ЗША (USGS), магнітуда землятрусу склала 6,2, глыбіня эпіцэнтра — 10 км.
Дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва Сіньхуа паведамляе, што 100 чалавек загінулі і 96 пацярпелі ў правінцыі Ганьсу, яшчэ 11 чалавек загінулі і 124 атрымалі траўмы ў правінцыі Цынхай.
У раён бедства накіраваныя каля 1,5 тыс. пажарных і ратавальнікаў.
У некаторых раёнах рэгіёна парушана энерга– і водазабеспячэнне.
Другі землятрус быў зарэгістраваны ў правінцыі Сіньцзян.
Кітайскі лідар Сі Цзіньпін заявіў, што «неабходна прыкласці ўсе намаганні для правядзення пошукава-выратавальных работ, своечасовага лячэння параненых і мінімізацыі колькасці ахвяр».
Кітай размешчаны ў рэгіёне, дзе сыходзяцца некалькі тэктанічных пліт — у прыватнасці, Еўразійская, Індыйская і Ціхаакіянская, — і асабліва схільны да землятрусаў.
Каментары