Украіна змяніла стратэгію, адмовіўшыся ад прыярытэту ў выглядзе адваявання акупаваных Расіяй тэрыторый — Bild
«Наша мэта — дамагчыся максімальна станоўчага каэфіцыента знішчэння расійскіх вайскоўцаў», — сказаў Bild афіцэр Узброеных сіл Украіны.
Ваенны аглядальнік Юльян Рэпке са спасылкай на словы афіцэра УСУ піша, што адваёва акупаваных тэрыторый не з'яўляецца цяпер асноўнай мэтай украінскай арміі — прыярытэтам становіцца і не абарона цяперашняй лініі фронту, а знішчэнне як мага большай колькасці расійскіх вайскоўцаў з мінімальнай колькасцю страт ва ўкраінскай арміі.
«Наша мэта — дамагчыся максімальна станоўчага каэфіцыента знішчэння», — сказаў Bild афіцэр УСУ.
Маюцца на ўвазе суадносіны сваіх страт і страт суперніка. «Калі 10 да 1 на нашу карысць, мы пойдзем далей, калі 1 да 1, мы адступім», — адзначыў ён.
Іншы вайсковец пацвердзіў: «Цяпер ужо няма ціску, таму мы проста імкнемся да максімальных страт суперніка. Пазіцыі не маюць значэння, галоўнае, каб большасць украінцаў засталіся жывыя».
Пра гэта кажа і былы заходні вайсковец, які ў апошнія гады неаднаразова кансультаваў Украіну.
У каментары для Bild, які ён даў на ўмовах ананімнасці, ён назваў тое, што адбываецца, «па сутнасці кантраляваным адступленнем з боем».
«Вы ствараеце міннае поле і назіраеце, як на ім гіне як мага больш рускіх і знішчаюцца іхнія танкі. А калі яны пройдуць, вы адступіце на кіламетр і дазволіце рускім заехаць на наступнае міннае поле, якое было тым часам устаноўлена», — сказаў ён.
За гэтай стратэгіяй, на думку вайсковага дарадцы, стаіць «надзея на дасягненне кульмінацыйнай кропкі, у якой расійскі наступ абрынецца».
Утрыманне ці нават вяртанне тэрыторый, кажа дарадца, зноў стане прыярытэтам толькі калі расійскія сілы альбо страцяць дастаткова людзей і тэхнікі, альбо на фронт прыбудзе «зброя, якая змяняе правілы гульні», якая дазволіць Украіне ўзяць ініцыятыву ў свае рукі.
Такой зброяй з'яўляюцца, напрыклад, «крылатыя ракеты дарадцаў, такія як ATACMS або Taurus», а таксама «знішчальнікі, такія як F-16 або JAS 39».
Каментары