Грамадства

«Была ўпэўненая, што наступным разам «хіміяй» не абмяжуюцца». Экс-палітвязні расказваюць, як выходзілі на волю

Паводле праваабаронцаў «Вясны», цягам 2023 года штомесяц некалькі дзясяткаў палітвязняў выходзілі на волю. Радыё Свабода расказвае, што пры гэтым адчувалі некаторыя з іх.

За кратамі ў Беларусі застаецца прыкладна паўтары тысячы прызнаных праваабаронцамі палітычных зьняволеных. Неафіцыйна называюцца значна большыя лічбы. Далёка ня ўсе арыштаваныя і асуджаныя з палітычных прычын хочуць, каб іх імёны траплялі ў сьпісы праваабаронцаў. У 2023 годзе штомесяц пасьля адбыцьця поўнага тэрміну на волю выходзілі некалькі дзясяткаў палітвязьняў. Некаторыя зь іх празь нейкі час зноў трапілі за краты, значная частка выехала з краіны. Расказваем пяць гісторый вызваленьня беларускіх палітзьняволеных і іх уражаньні ад таго, што пабачылі на волі.

Леў Антанюк: «Сьніцца, што ўцякаю ад міліцыянтаў — і заўсёды пасьпяхова»

Былы супрацоўнік Сьледчага камітэту па Берасьці Аляксандар Антанюквыйшаў на волю 28 студзеня, адбыўшы за кратамі год і два месяцы. У асабістых і судовых дакумэнтах імя былога палітвязьня Антанюка — Аляксандар, але сам ён просіць называць яго іншым імем, Леў. Тлумачыць, што прызвычаіўся да яго з 2020 году.

«Выйшаў з калёніі, еду ў маршрутцы і заўважаю, якія ў людзей незадаволеныя твары. Падумалася пра спадарожнікаў: вось яны свабодныя, а ня цэняць гэтай свабоды!» — кажа Антанюк.

Але ўжо празь месяц, сутыкнуўшыся з новымі рэаліямі жыцьця ў Беларусі, Леў па-іншаму ўбачыў тую ж сытуацыю. На працу яго нікуды ня бралі, праверкі і абмежаваньні працягваліся, агульны настрой у грамадзтве быў змрочны. Тады былы зьняволены вырашыў, што трэба як мага хутчэй выяжджаць за мяжу.

«Дагэтуль амаль кожны дзень мне сьніцца, што я зноў у турме. Прычым у сьне я чамусьці застаўся ў Беларусі і мне «шыюць» новую справу. А яшчэ адзін мой папулярны сон — гэта што я бараню свой дом і ўцякаю ад міліцыянтаў. І заўсёды пасьпяхова. А ўвогуле мае сны пра турму даволі пазытыўныя. Можа, таму, што сваю турму я дагэтуль не ўспрымаю нэгатыўна», — прызнаецца Леў.

Былы зьняволены калёніі «Віцьба-3» называе шэраг імёнаў вядомых апазыцыянэраў, зь якімі пазнаёміўся ў калёніі. Бачыўся там з блогерам Сяргеем Пятрухіным, які ўжо выйшаў на волю, кантактаваў з адвакатам Максімам Знакам, якога зьмясьцілі ў ПКТ. Іншыя імёны новых сяброў па няволі Леў просіць не агучваць, бо «хлопцам яшчэ сядзець».

«Адзін перад маім вызваленьнем трапіў у ШЫЗА, таму не давялося разьвітацца нармальна. Але наша сустрэча наперадзе. Веру, яна адбудзецца раней, чым прызначыў суд», — кажа Леў Антанюк.

Пра само вызваленьне былы палітвязень успамінае няшмат. «Выхад адчуў спакойна, бо разумеў, што рана ці позна гэта настане. Да апошняга моманту заставаліся падазрэньні, што могуць прыдумаць якую правакацыю, каб сапсаваць вызваленьне. Выпускалі доўга, мо цягам 4 гадзінаў. Але ў выніку ўсё скончылася нармальна. Каля калёніі мяне сустрэлі сваякі».

У Польшчы, паводле былога вязьня, ён займаецца дапамогай беларусам, якія мусілі ўцячы з радзімы. Дэталяў не паведамляе зь меркаваньняў бясьпекі. Суразмоўца кажа, што пытаньне бясьпекі і за мяжой вельмі важнае, да яго трэба ставіцца звышсур’ёзна ўсім уцекачам, а ня толькі былым сілавікам, якіх на тым баку мяжы абвесьцілі «здраднікамі».

«Да выкраданьня і вывазу на радзіму ў багажніку аўтамабіля справа наўрад ці дойдзе, ня тыя часы. Але пільнасьць страчваць нікому ня раю», — кажа Леў і пералічвае простыя правілы, якіх трэба прытрымлівацца.

«Як куды ідзяце, азірайцеся, глядзіце ўважліва па баках, кантралюйце сытуацыю вакол сябе. Папярэджвайце сяброў, куды вы зьбіраецеся, колькі там прабудзеце. Пры любым падазрэньні зьвяртайцеся да паліцыі, якая тут працуе значна больш прафэсійна».

Пра сябе Леў кажа, што ад думкі, што хутка зможа вярнуцца ў Беларусь, ён паступова адмаўляецца. Сытуацыя ў сьвеце зьмянілася і на рэзкае паляпшэньне разьлічваць не даводзіцца. Мяркуе, што яшчэ 2-3, а то і 5 гадоў прабудзе за мяжой.

«Але варта не апускаць рук, рабіць беларускую справу там, дзе ты апынуўся», — настойвае Антанюк.

У грамадзкай актыўнасьці ён бачыць фундамэнт мэнтальнага здароўя ўцекачоў-суайчыньнікаў. Да станоўчых вынікаў году малады чалавек залічвае салідарнасьць.

«Нашы людзі захавалі салідарнасьць і прыналежнасьць да народу, яго культуры. Шмат разоў было, што незнаёмцы зь Беларусі, убачыўшы ў мяне бел-чырвона-белую стужку ці пачуўшы беларускія словы, падыходзілі, віталіся, завязвалася размова, знаёмства. Гэта абнадзейвае», — кажа былы зьняволены.

Леанід Судаленка: «Санкцыі нібыта дзейнічаюць, але «Беларускалій» працуе»

Праваабаронцу «Вясны» Леаніда Судаленку вызвалілі з калёніі № 3 21 ліпеня. «Проста вывелі а 6-й раніцы з ШЫЗА якраз тады, калі тэрмін скончыўся. Прывялі на КПП, далі ў рукі даведку аб вызваленьні. Пачуцьця радасьці ня памятаю, а вось трывога была. Маглі ж зноў закрыць за што заўгодна. Да 10 раніцы сядзеў пад калёніяй на прыпынку і гадаў, хто прыедзе па мяне раней: ці зноў міліцыянты арыштоўваць, ці сваякі забіраць», — успамінае момант вызваленьня былы палітвязень.

За кратамі Судаленка адбыў 2,5 года і ў першыя дні на волі заяўляў, што выяжджаць не зьбіраецца. У Гомлі яго сустрэла сям’я: жонка, якая дапамагала вытрымаць зьняволеньне перадачамі і лістамі, малодшы і сярэдні сыны. Пасьпеў зьезьдзіць у вёску да старэнькай маці, якой сваякі не казалі, што сын у вязьніцы. Падманвалі байкамі пра выезд на заробкі. Здавалася, жыцьцё на волі ўваходзіць у ранейшую каляіну. Але неўзабаве пляны праваабаронцы кардынальна зьмяніліся.

«Яшчэ калі выходзіў, апроч таго, што выдалі даведку, абвесьцілі, што зь мяне зьнялі абмежаваньні для выезду за мяжу. Падпісаўся, што азнаёмлены, а сам думаю: яўна выпіхваюць за кардон. Толькі не, думаю, нікуды я не паеду. Аднак хутка стала зразумела, што доўга так не пратрымаюся», — прызнаецца Судаленка.

Як «схільнаму да экстрэмізму» Судаленку прызначылі 2 гады нагляду ў міліцыі. Штотыдзень ён мусіў адзначацца ў райаддзеле, у любы час да яго з праверкамі маглі прыйсьці міліцыянты, а яшчэ адной умовай нагляду было патрабаваньне атрымліваць у міліцыі дазвол на кожную паездку за межы гораду. На адзначэньне Леанід Судаленка пасьпеў схадзіць двойчы.

«Была раніца нядзелі. Прыйшоў аб 11-й, прымусілі праглядзець прапагандысцкі фільм і адпусьцілі. Але, як толькі зьявіўся дамоў, раптам званок у дзьверы — зноў прыйшлі правяральнікі ў пагонах. Тады канчаткова ўцяміў, што ў спакоі не пакінуць. Зьвязаўся зь сябрам, які ўжо быў за мяжой. Той зьдзівіўся: «Няўжо ты спадзяесься, што цябе, мо самага вядомага праваабаронцу з тых, што засталіся на волі, не пасадзяць зноў?».

Паводле Судаленкі, тады ён пачуў прапанову аб эвакуацыі ў Літву, якую адразу абмеркаваў з жонкай на сямейнай нарадзе. Абгаварылі ўсе «за» і «супраць».

Якой сталася для праваабаронцы эміграцыя? Судаленка прызнаецца, што ні дня «не хаваўся пад плінтусам» і нават сваю старонку ў Facebook прынцыпова не пачысьціў ад рэзкіх выказваньняў і пастоў. Выступае як былы палітвязень на праваабарончых форумах, атрымаў праваабарончую прэмію, а ў Эўрапарлямэнце заклікаў да большага ціску на ўлады Беларусі з мэтай вызваленьня ўсіх палітзьняволеных.

«Нядаўна быў на адной канфэрэнцыі ў Польшчы, і там зайшла гаворка пра будучыню Беларусі. Мяне пыталіся, якой будзе Беларусь, хто будзе прэзыдэнтам у дэмакратычнай Беларусі, і самі называлі кандыдатуру. Маўляў, у вас ёсьць нобэлеўскі ляўрэат Алесь Бяляцкі, вось каму быць новым прэзыдэнтам. Але я добра ведаю Алеся і таму адказаў, што ён не пагодзіцца. Аднак для пасады ўпаўнаважанага ў правах чалавека, амбудсмэна лепшай кандыдатуры сапраўды не знайсьці. І я як праваабаронца з багатым досьведам з гэтага шляху ўжо не сыду. Бо пры ўсіх урадах у той альбо іншай ступені ўлады парушаюць правы чалавека і працы нам заўсёды хопіць», — лічыць Леанід Судаленка.

Найлепшай падзеяй мінулага году Леанід Судаленка назваў маратон салідарнасьці «Нам ня ўсё адно», які прайшоў улетку і сабраў больш за паўмільёна эўра на дапамогу сем’ям палітвязьняў. Паводле Судаленкі, салідарнасьць, бадай што, галоўны здабытак і інструмэнт беларусаў у выгнаньні.

«Нездарма ўлады Беларусі імгненна адрэагавалі на маратон завядзеньнем крымінальнай справы на яго арганізатараў», — зазначае праваабаронца. Але што да вызваленьня палітвязьняў, дык гэты шлях здаецца Леаніду Судаленку яшчэ доўгім.

Валерыя Чарнаморцава: «Быў год канчатковага крушэньня шмат якіх нашых спадзеваў»

Экскурсаводку па Курапатах, дасьледчыцу рэпрэсій сталінскіх часоў Валерыю Чарнаморцаву пасьля трох месяцаў, праведзеных у «Валадарцы», вызвалілі ў залі Савецкага раённага суду Менску ў студзені. Кайданкі з жанчыны зьнялі адразу пасьля абвяшчэньня выраку: 2,5 года «хатняй хіміі». Былая палітзьняволеная ўспамінае той момант без асаблівых эмоцый.

«Па-першае, як везьлі ў суд, так зацягнулі кайданкі на руках, што дагэтуль боль памятаю. Што да прысуду, дык «хатнюю хімію» запрасіў пракурор, таму ўжо было зразумела, што выйду на волю. Але цяжкі момант усё ж быў, пакуль чакала ў «стакане» выраку. Чамусьці абвяшчэньне зацягнулі, у мяне ўнутры ўсё дрыжала — баялася, а раптам… Бо майго адваката на працэсе не было, а маладая памочніца абаронцы, не разабраўшыся, пачала прасіць суд, каб агучылі ўсе эпізоды, на якія нават пракурор не спаслаўся. Карацей, я забаялася, што раптам пачнуць наноў капаць, завядуць новае сьледзтва… Сядзела ў «стакане» і гадала: павядуць у аўтазак — значыць, новае сьледзтва. У судовую залю — значыць, прысуд і «хімія». І толькі калі павялі ў залю, на сэрцы адлягло. Ну і быў момант шчасьця, калі выйшла з будынку», — успамінае Валерыя.

Пасьля суду Чарнаморцава падала апэляцыю, гэта выратавала ад праверак пільных міліцыянтаў і дапамагло падправіць здароўе — амаль месяц хадзіла па дактарах. А яшчэ за гэты час зразумела, што па яе зноў прыйдуць, толькі наступным разам можа быць ня «хімія».

«Я ж такая вандроўніца, мне немагчыма сядзець дома, асабліва ў выходныя. Разумела, што я альбо сама нешта парушу, альбо яны захочуць мяне закрыць. Бо першы раз, як арыштоўвалі, так і сказалі, што «за Курапаты пасядзіш». Таму была ўпэўненая, што наступным разам «хіміяй» не абмяжуюцца», — прыгадвае былая палітзьняволеная.

У выніку Валерыя зьвярнулася да людзей, якія займаюцца эвакуацыяй зь Беларусі былых палітвязьняў ды апанэнтаў рэжыму, і празь некалькі дзён апынулася ў Вільні.

Цяпер у Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце Валерыя вучыцца ў магістратуры і вывучае літоўскую мову. Хоча ня толькі інтэгравацца ў жыцьцё літоўскай сталіцы, дзе праходзіць шмат цікавых культурных падзей, але і атрымаць ліцэнзію на правядзеньне турыстычных экскурсій, каб займацца сваёй любімай справай і зарабляць грошы.

«Трэба ставіць сабе пэўныя мэты ды іх дамагацца. У мяне была мэта ў 2024 годзе аднавіць экскурсіі ў Курапатах і пачаць экскурсіі па «Валадарцы», але ўжо відавочна, што гэтага не атрымаецца. Аднак я паставіла новы рубеж — 2025 год. Чаму не? Трэба ў гэта верыць».

Аляксей Гайшун: «Рады за тых, хто асэнсаваў, што ім пры лукашызьме жыцьця ня будзе»

Бабруйчанін Аляксей Гайшун да калёніі, дзе адбыў амаль паўтара года, працаваў настаўнікам і перакладчыкам, а цяпер называе сябе пісьменьнікам і філёзафам. Аляксей вызваліўся ў канцы красавіка і праз амаль два месяцы апынуўся ў адной з эўрапейскіх краін, дзе цяпер вучыць новую мову і піша кнігу аб сваім зьняволеньні.

«Ужо працэнтаў 70 напісаў. Хаця ў мяне здараюцца крызісы, нядаўна месяц ані старонкі новай не зьявілася, але потым бяру сябе ў рукі — і справа рухаецца. Мне няпроста, бо мая кніга не пра дакладныя рэчы (ШЫЗА, умовы ці яшчэ што). Яна больш філязофская. Пра самавыхаваньне. Пра разбурэньне асобы і перамогу над сабой. Пра адчай і тое, што прымушае чалавека стаць лепшым», — дзеліцца Аляксей.

Сваю кнігу Аляксей пачаў пісаць яшчэ за кратамі, зь ёй зьвязаны нават падзеі апошняга ягонага дня ў «пятнашцы» (так вязьні называюць ПК-15, дзе адбываў сваё пакараньне Гайшун).

«Мой тэрмін заканчваўся 30-га, але гэта была нядзеля, а ў нядзелю няма каму дакумэнты падпісваць. Таму мяне вызвалялі на дзень раней. Прыемна!» — кажа суразмоўца і ўспамінае, што ў той дзень ён не адзін выходзіў за вароты калёніі, разам зь ім выпраўляліся на волю чалавек дзесяць. І гэта яму дапамагло, як той казаў, «не засыпацца».

«Напярэдадні выхаду зашыў у торбу свае рукапісы, бо баяўся, што не прапусьцяць і ўсё, што напісаў, страчу. І вось нас заводзяць на рэжымнае КПП і здаравенны такі міліцыянт так пераканаўча тлумачыць, што калі ў каго ёсьць схаваныя запісы, усё, напісанае ад рукі, нават дзіцячыя лісты, дык гэта нельга выносіць. Калі знойдуць, то мінімум затрымаюць да высьвятленьня, магчыма, і на некалькі дзён. А ў горшым выпадку могуць «прышыць» 411-ы артыкул аб злосным непадпарадкаваньні і яшчэ на год паедзеш за краты. Настрой у мяне быў дрэнны, да таго ж хвароба абвастрылася, і я змаладушнічаў. Можа, упершыню за ўсю калёнію забаяўся і яшчэ перад вобшукам употай, скарыстаўшыся таўкатнёй, выкінуў свае рукапісы ў сьметніцу. Застаўся без напісанага, але, скажам так, чыстым», — успамінае суразмоўца.

На прыпынку ля калёніі Гайшун убачыў жонку, якая прыехала яго сустракаць. Далей былі безвыніковыя пошукі працы, улік у міліцыі, праверкі і эвакуацыя за мяжу. Аляксей не шкадуе, што давялося выехаць.

«Да маёй маці дагэтуль прыходзяць міліцыянты. Пытаюцца пра мяне, нешта спрабуюць выведаць. Ведаю, што маці мяне падтрымлівае, а іншых сваякоў стараюся адгарадзіць ад інфармацыі, ды і мала засталося тых, з кім можна нармальна кантактаваць. На жаль, сярод тых, каго ведаў у Беларусі, хапае лукашыстаў. З жонкай таксама пакуль усё па-ранейшаму. Як сюды прыехаў, спадзяваўся, што яна з дачкой далучацца да мяне, але пакуль не ўдаецца. У іх таксама пэўныя цяжкасьці. Ну што зробіш? Люблю і чакаю. Больш нічога дадаць не магу, паглядзім, што будзе далей», — расказвае былы палітвязень.

Тых, хто, як ён, у 2023 годзе выехаў за мяжу, Аляксей Гайшун вітае і супакойвае адначасова.

«Гэты год мне паказаў, што людзі, якія перажылі гэты жах, тут карэнным чынам памянялі погляды на рэчаіснасьць: яны думаюць пра бясьпеку, пра аднаўленьне здароўя, эўрапейскую адукацыю. І шмат у каго гэта атрымліваецца. Але трагізм сытуацыі ў тым, што іншыя, каго непасрэдна не закранулі тыя падзеі, пастараліся мінулае забыць, задушыць у сваёй памяці», — мяркуе Аляксей.

Аляксандр Івулін: «Наша салідарнасьць нікуды не падзелася»

Журналісту Аляксандру Івуліну 31 год. Зь іх амаль два гады ён адбыў за кратамі паводле 342 артыкулу КК — за нібыта «ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак». 17 лютага Аляксандр Івулін вызваліўся з калёніі «Воўчыя норы», цяпер жыве ў Варшаве. Але калёнія, прызнаецца суразмоўца, час ад часу нагадвае пра сябе.

«Цяпер ужо ня сьніцца, але яшчэ ўлетку такое было. Немагчыма пражыць гэты досьвед гэтак, каб цябе не кранала. Час ад часу ўспамінаеш тыя гісторыі, што з табой там адбываліся. Гэта наганяе. Ідзеш і ловіш сябе на думцы, што вось зараз у хлопцаў шыхтаваньне, а зараз яны ідуць у сталоўку. Так не заўсёды бывае, але час ад часу такія думкі зьяўляюцца, ад іх нікуды не падзецца», — дзеліцца Івулін.

Былы палітвязень прызнаецца, што справа ня толькі ва ўспамінах. Яму дагэтуль даводзіцца дапамагаць сваім турэмным сябрам. Але цяпер на адлегласьці.

«Стараесься дапамагчы, калі да цябе зьвяртаюцца. Гэта цяпер нейкія рэчы здаюцца простымі і звыклымі. Кшталту што апрануць, што абуць. А для сваякоў зьняволеных, хто едзе ў калёнію ці рыхтуе пасылку, усё наноў. Спрабуеш іх абнадзеіць, праінфармаваць, што лепш пакласьці, што варта рабіць, а чаго не. Нават якую кофту перадаць, якія боты можна ці нельга, што браць з сабой на спатканьне. Гэта рэчы, да якіх людзі ня могуць быць падрыхтаваныя», — гаворыць суразмоўца.

Агулам пра 2023 год Аляксандар Івулін, па яго словах, захавае збольшага добрыя ўспаміны.

«У навагоднюю ноч было прадчуваньне, што год будзе клясным. Але не верылася да канца, што выпусьцяць. Паводле 411-га артыкулу маглі даць яшчэ год. Ты не жывеш з гэтым страхам увесь час, але ён не адпускае. І ўсё ж нарэшце я выйшаў на волю. А далей для мяне было вельмі важна працягнуць працу журналіста: рабіць тое, што я раблю», — прызнаецца Аляксандар. І дадае пра свае асабістыя настроі.

Ці стаіць перад Аляксандрам пытаньне, як зберагчы надзею? Івулін прызнаецца, што гэта важна для ўсіх былых палітвязьняў.

«Без надзеі ўвогуле цяжка жыць, а самае галоўнае, што далей нічога. Адзін чалавек мне напісаў у СІЗА: калі ты апусьціш рукі, дык лепшай сытуацыя не стане. Таму трэба ня проста спадзявацца, а нешта рабіць. Калі кожны з нас будзе рабіць тое, што ён умее лепш за ўсё, дык атрымаецца добра для ўсіх», — перакананы Івулін.

Каментары

Пасля даносу Бондаравай раптоўна адмянілі выставу ў музеі Янкі Купалы. Цяпер яна патрабуе на музеі шыльды па-руску29

Пасля даносу Бондаравай раптоўна адмянілі выставу ў музеі Янкі Купалы. Цяпер яна патрабуе на музеі шыльды па-руску

Усе навіны →
Усе навіны

Прэзідэнтка Грузіі абвясціла парламент нелегітымным і адмаўляецца ісці ў адстаўку13

Беларус Арцём запусціў у Польшчы збор на дапамогу сабе. Многія паверылі, а ён аказаўся махляром3

У мінскіх гандлёвых цэнтрах і кавярнях цяпер не будуць уключаць сусветныя навагоднія хіты. Затое даюць зарабіць праўладным артыстам13

Падчас пратэстаў у Грузіі затрымалі беларуса1

Урадавыя войскі Сірыі разам з расіянамі пакінулі стратэгічна важныя авіябазы3

Чаму атлусценне вяртаецца? Аказваецца, тлушчавыя клеткі маюць «памяць»1

Сірыйскія ўлады заявілі пра вывад войскаў з Алепа

Трэніруецеся, каб пахудзець? Гэта рэдка спрацоўвае — навукоўцы1

Олаф Шольц заклікаў свайго галоўнага апанента «не гуляць у рускую рулетку»1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пасля даносу Бондаравай раптоўна адмянілі выставу ў музеі Янкі Купалы. Цяпер яна патрабуе на музеі шыльды па-руску29

Пасля даносу Бондаравай раптоўна адмянілі выставу ў музеі Янкі Купалы. Цяпер яна патрабуе на музеі шыльды па-руску

Галоўнае
Усе навіны →