Рамонт пацягнуў амаль на поўны кошт арандаванай машыны.
«Бывае, іду па вуліцы, міма каршэрынг праносіцца. Думаю, чалавек яшчэ не разумее, у якую непрыемную сітуацыю можа трапіць», — так пачынае сваю гісторыю Антон.
Сам ён у гэтую сітуацыю ўжо трапіў. Памяў Volkswagen Polo і застаўся вінен сэрвісу каршэрынгу $10 тысяч. Цяпер хоча па судзе дамагчыся «справядлівага» пераразліку. Tochka.by разбіралася ў сітуацыі.
Пераблытаў педалі
Антон узяў пакатацца Volkswagen Polo ў каршэрынгу Anytime у лютым 2023 года.
Вечар. Пры заездзе на паркоўку гандлёвага цэнтра Антон пераблытаў педалі — досвед кіроўцы невялікі. Заляцеў на бардзюр — перадок аўто рассыпаўся, трэснула лабавое шкло, стрэлілі падушкі бяспекі.
Хлопец адразу ж патэлефанаваў у Anytime. І праз хвілін 20 прыехаў прадстаўнік сэрвісу. Крыху пазней — інспектары ДАІ.
Агледзелі месца, намалявалі схему, зафіксавалі, што Антон быў цвярозы.
Пакуль не прыехаў эвакуатар — хвіліны беглі. Усяго выйшла 40 рублёў за няўдалую паездку.
Агляд пацярпелага
На наступную раніцу Anytime паклікаў Антона на агляд транспартнага сродку — зафіксаваць пашкоджанні.
«Я не прыехаў, і гэта мая галоўная памылка», — кажа Антон, які завочна падпісаў акт агляду.
Налічылі рамонту на касмічныя Br 51 800. Але з улікам амартызацыі Volkswagen Polo цэннік знізіўся да 26 500 рублёў (у лютым гэта было больш за 9 800 даляраў).
Гэта амаль поўны кошт раўнацэнна ўжыванага аўто, у якога больш за 100 тысяч км прабегу.
Прапанавалі растэрміноўку плацяжоў на год — па 2230 рублёў кожны месяц.
«Я іду ў суд»
Антон — кухар, атрымлівае 1500 рублёў. Назапашаныя грошы пакрылі палову выстаўленага рахунку, але больш грошай няма.
Набраўся смеласці, вырашыў ісці ў суд. Наняў адваката. Склаў пазоўную заяву. Хоча адмяніць дасудовае пагадненне і перагледзець мэтазгоднасць выстаўленага разліку за рамонт.
«Прызнаю сваю віну. І гатовы пакрыць рамонт. Але цяперашні разлік — кабальны», — лічыць хлопец.
Тым больш, Антон за рулём быў цвярозы, хуткасць не перавышаў, у першы раз такі залёт.
Што кажа каршэрынг
Журналіст звярнуўся ў Anytime. І вось што яму адказалі:
«Мы паглядзелі падрабязнасці па вашым запыце і трохі здзіўлены, што вы хочаце пра гэта пісаць цяпер. Сам інцыдэнт адбыўся ў лютым 2023 года, амаль год таму. ДТЗ займалася ДАІ. Віна кліента была выразна ўстаноўлена і задакументавана, працэдура ацэнкі шкоды праводзілася сумесна з кліентам, і ён пагадзіўся з умовамі і коштам.
Больш за тое, кліент увесь гэты час часткамі кампенсаваў шкоду. І ў дадзеным выпадку, нам не вельмі зразумела, у чым прычына нязгоды кліента цяпер і чаму амаль праз год гэтае пытанне выклікала цікавасць. Мы не гатовыя даваць каментары ў такім выпадку, бо для сябе гэтую гісторыю лічым прапрацаванай і завершанай».
Выходзіць, калі бярэш машыну ў арэнду — варта, як мінімум, уважліва пачытаць карыстальніцкае пагадненне перад тым, як сесці за руль. І вырашыць для сябе: можа, лепш на таксі?
Каментары