Больш за 58 тысяч беларусаў ужо паведамілі, што маюць дакументы замежных дзяржаў — МУС
5 снежня на прамой лініі ў выдавецкім доме «Беларусь сёння» начальнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Аляксей Бягун расказаў, колькі беларускіх грамадзян у адпаведнасці з патрабаваннямі нядаўна ўведзеных нормаў паведаміла органам пра наяўнасць замежнага дазволу на жыхарства ці іншага дакумента, які дае права на нейкія адмысловыя правы за мяжой.
«У органы ўнутраных спраў ужо паступіла больш за 36,5 тысячы такіх апавяшчэнняў, — заявіў Бягун. — Яшчэ 22 тысячы даслана ў дыпламатычныя прадстаўніцтвы і консульскія ўстановы. І гэтыя дакументы працягваюць прыбываць».
Паводле патрабаванняў змененага закона аб грамадзянстве, чалавек мусіць паведаміць пра наяўнасць у сябе такіх дакументаў цягам трох месяцаў з часу іх атрымання, а тыя, якія атрымалі раней — цягам трох месяцаў ад уступлення змененых нормаў у сілу. Дзейнічаюць жа яны з ліпеня гэтага года.
Пакуль што ніякай адказнасці за непаведамленне аб наяўнасці дакументаў, як запэўніў кіраўнік дэпартамента, не прадугледжана, але «гэта пытанне прапрацоўваецца адпаведнымі органамі». А пакуль жа гэта ўсё, маўляў, патрабуецца толькі для таго, «каб ведаць, дзе пражываюць нашы грамадзяне і якія дакументы маюць».
Каментары