Спорт44

У БАТЭ — найгоршыя вынікі за гісторыю. Топ-5 прычын правалу

Калісьці гегемон белфутбола і ўдзельнік Лігі чэмпіёнаў, сёлета БАТЭ пралятае міма медалёў. Барысаўскі клуб скончыў сезон на пятым месцы — гэта паўтор найгоршага выніку ў гісторыі клуба, папярэдні раз такое было ў 2005-м. Расказваем, чаму так здарылася.

Фота: AP Photo / Sergei Grits

Чорныя спісы пазбавілі БАТЭ лідараў

Сезон-2023 пачаўся ў беларускім футболе з працяга гісторыі пра чорныя спісы. У 2022-м футбалісты, якія падчас пратэстаў выказваліся супраць гвалту, засталіся без камандаў, і па выніках некаторыя прынялі рашэнне скончыць кар’еру. Напрыклад, гэта здарылася са Станіславам Драгуном, адным з ключавых гульцоў БАТЭ ў апошнія гады.

Акрамя Драгуна, БАТЭ страціў праз чорныя спісы Дзяніса Шчарбіцкага, Максіма Бардачова і Дзмітрыя Бяссмертнага, і гэта ўсё футбалісты асновы. Прычым яны да апошняга знаходзіліся ў падвешаным стане — дазволяць ім гуляць ці не дазволяць?

Дарэчы, з некаторымі гульцамі з чорных спісаў пазней адбылася метамарфоза — яны выказалі «шкадаванне» за свае паводзіны ў 2020-м. Такія пакаяльныя прэс-канферэнцыі адбыліся ў Станіслава Драгуна і Аляксандра Гутара, прычым Гутар пасля «пакаяння» перайшоў у БАТЭ. Што да Драгуна, ён сышоў у медыяфутбол і развівае ўласную каманду D-media.

Былы футбаліст моладзевай зборнай Беларусі і трэнер Яўген Вяроўка адзначае, што стаўленне да гульцоў мінскага «Дынама» з чорных спісаў было больш лагодным. Возьмем Аляксандра Сачыўку, які дзеля падпісання кантракту з «Дынама» запісаў відэа агітацыйнага зместу, цяпер ён выходзіць на поле. А тут мы тлумачылі, як можа быць звязаны фаварытызм рэжыму ў бок «Дынама» і чэмпіёнства гэтага клуба.

У канцы сезона на першыя пазіцыі выйшаў Дзмітрый Анцілеўскі, але яго высілкаў не хапіла. Фота: тг-канал «БАТЭ | На жоўта-сіняй хвалі»

Трэнер Альшэўскі страціў сувязь з камандай

Сённяшні БАТЭ ўжо наўрад ці назавеш сям’ёй, тым больш ва ўмовах таго прэсу, які накладае на каманду дрэнны вынік у чэмпіянаце. У камандзе благі клімат, і гаварыць пра дасягненні ў такім выпадку не прыходзіцца, а коўч Кірыл Альшэўскі, мяркуючы па ўсім, няздольны выправіць сітуацыю.

Напрыклад, у канцы жніўня БАТЭ прайграў у еўракубках косаўскаму «Балкані» 4:1. Праз пару дзён пасля разгрому паўабаронца барысаўчан Арцём Канцавы рэпоснуў у інстаграме некалькі відэа: на адным ён трымаў шклянку ў руцэ і спяваў трэк Цімаці, які пачынаўся са словаў «Тану ў марціні», на іншым — фігураваў з кальянам у руцэ. Выглядае, што сумны вынік у гульні не прымусіў Арцёма выбачыцца перад фанатамі ці, напрыклад, налягаць на трэніроўкі.

Другі злева — Кірыл Альшэўскі. Фота: тг-канал «БАТЭ | На жоўта-сіняй хвалі»

Або іншая гісторыя. У кастрычніку ў дубль трапіў паўабаронца Дзмітрый Падстрэлаў, якога ўлетку ўзялі для ўзмацнення каманды. Але пасля аднаго з матчаў хлопец нагрубіў Альшэўскаму і той у якасці выхаваўчай меры адаслаў хлопца ў дубль. Але жорсткае рашэнне хутчэй падзяліла гульцоў, а не аб’яднала іх.

Трывожныя звесткі прыходзілі не толькі наконт Альшэўскага, але і пра боса каманды Андрэя Капскага. У кастрычніку журналіст Уладзіслаў Татур пісаў, што Капскі-малодшы «не кантралюе каманду, губляе яе і Альшэўскі, у раздзявальні няма парадку і дысцыпліны — ёсць праблемы з Арцёмам Канцавым і Дзянісам Грачыхам». У сеціва траплялі звесткі, што каманда не ўспрымае ўстаноўкі і гульнявыя схемы Альшэўскага, футбалісты прапануюць нешта змяніць у падыходах, але коўч адмаўляецца.

Прычым тактычнай гнуткасці ў трэнера зусім няма. Ад старту сезона ён паспрабаваў арганізаваць камбінацыйны атакуючы футбол па схеме 4-3-3 з трыма нападаючымі. І хоць тактыка не спрацоўвала, трымаўся за яе да апошняга.

Памылкі ў кіраўніцтве ад Капскага-малодшага

Малады кіраўнік барысаўскай каманды не карыстаецца аўтарытэтам ва ўласных гульцоў. За пяць гадоў, цягам якіх Андрэй Капскі ўзначальвае клуб, ён так і не здолеў стаць у камандзе сапраўдным лідарам. Вядома, што гульцы не ўспрымаюць яго крытыку і дазваляюць сабе лаяцца з босам, а пасля гэтага не атрымліваюць аніякага пакарання.

Яўген Вяроўка адзначае сур'ёзныя праблемы ў кіраўніцтве клубам — ад прызначэння трэнера да памылак у фармаванні складу каманды. Датычна Альшэўскага ён адзначае, што трэнер нічога не выйграваў з больш моцным складам БАТЭ і быў вызвалены ад пасады ў першым сваім прыходзе пасля незадавальняючых вынікаў.

Фота: тг-канал «БАТЭ | На жоўта-сіняй хвалі»

Вяроўка мяркуе, што БАТЭ цяпер знаходзіцца на сваім месцы ў табліцы: «Перамога «Дынама» была аўтаматычна закладзеная ў вынікі сезона [па палітычных прычынах], «Нёман» мае добры па мерках гэтага чэмпіянату склад, плюс яны сыграныя. БАТЭ па сутнасці мог змагацца за месцы з трэцяга па пятае».

Ціск з боку ўладаў

З пачатку сезона-2023 БАТЭ чакаў падпісання плана развіцця — дакумента, які мусіць даць клубу дазвол карыстацца фінансамі дзяржпрадпрыемстваў. Подпіс на гэтай паперы залежыць ад Мінспорту. А міністр Сяргей Кавальчук — непрыхаваны лабіст інтарэсаў мінскага «Дынама», клуба, якіх па выніках сезону-2023 узяў чэмпіёнства, замоўленае Аляксандрам Лукашэнка яшчэ ў 2021-м. То і не дзіва, што план развіцця для БАТЭ так і не падпісалі. Былі сведчанні, што гэта азначае ціск на Капскага — маўляў, ён мусіць перадаць клуб у дзяржаўную ўласнасць.

Фінансавыя праблемы

Адносна няўдалы сезон у еўракубках толькі ўзмацніў праблемы БАТЭ. Каб паўдзельнічаць у іх, клубу давялося амаль два месяцы жыць і трэніравацца за мяжой, на што пайшлі нямалыя сродкі. Адзінае дасягненне БАТЭ ў еўракубкавым сезоне — праход першага раўнда адбору Лігі чэмпіёнаў, за што клуб атрымае ад УЕФА 1,41 мільёна еўра.

Калі б каманда прайшла хаця б у групу Лігі канферэнцый, яна магла б разлічваць на некалькі мільёнаў еўра ад УЕФА, але пра гэта цяпер застаецца толькі марыць. Паколькі сезон-2023 БАТЭ сканчвае на пятай пазіцыі, у наступным годзе ім наўрад ці свецяць еўракубкі — толькі ў выпадку выйгрыша кубка Беларусі вясной. Адпаведна, клуб недаатрымае грошы, а для беларускіх каманд гэта важная крыніца даходу. Ва ўмовах, калі дзяржава ставіцца да БАТЭ па-варожаму, як можа барысаўская каманда зарабляць на жыццё? Вяроўка дадае, што БАТЭ па сутнасці адрэзаны ад барацьбы за чэмпіёнства.

Верагодна, барысаўскі клуб будзе спрабаваць распрадаць лідараў, каб зарабіць хоць штосьці. Але з якімі выканаўцамі тады ўвогуле застанецца каманда? Пятае месца ў чэмпіянаце ставіць Андрэя Капскага перад выбарам, і яму не пазайздросціш.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Сярэдзіна табліцы і даўгі. Як жыве некалі зорны БАТЭ

«Галоўнае — інтэлект» і «лепш быць трэцім, чым другім». Хацкевічу — 50: гутарым пра футбол, жыццё і бульбу

«Гасцям» — 20 гадоў. Як ствараўся культавы кліп на адну з самых папулярных песень часоў беларускай незалежнасці і што стала з яго героямі

Каментары4

  • Ганьба
    04.12.2023
    Ды хто гэта такія - БАТЭ? Чарговыя махуны нагой за чарку і шкварку. Такі падрабязны тэкст абы пра каго. Шаноўная аўтарка, лепш бы пра ўмацаванне здароўя.
  • Жвір
    05.12.2023
    Дык гэта аўтарка артыкул цісканула ? Ну, крута ! Проста класна !
  • Трыумф кашаедаў
    05.12.2023
    Не правал, а посьпех, у параўнаньні з вынікам наступнага сезона. Дэлегаты ВНС з футболам не сябруюць.

Трагічна загінуў начальнік аддзела СІЗА-115

Трагічна загінуў начальнік аддзела СІЗА-1

Усе навіны →
Усе навіны

Для пахудзення мужчынам і жанчынам патрэбныя розныя прадукты на сняданак5

Еўрапейцы ўсё менш п'юць віна. Чаму так?4

Вячорка пра момант, калі Лукашэнкі не стане: Ці расіяне паспрабуюць паставіць свайго чалавека, ці да ўлады прыйдзе Ціханоўская62

Хто такая Хан Ган, якая атрымала Нобелеўскую прэмію па літаратуры?3

У ЖКГ патлумачылі, чаму пасля ўключэння ацяплення батарэі застаюцца халоднымі2

«У СІЗА мы з мамай прыдумалі ўмоўны знак». Сын вядомай актывісткі Таццяны Канеўскай расказаў, што перажыў

28-гадовая ўкраінская журналістка Вікторыя Рошчына памерла ў расійскім палоне5

Арменія можа выдаць Мінску аднаго з арыштаваных беларусаў4

Эвакуявалі разам з сям'ёй былога палітзняволенага Глеба Раманава6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Трагічна загінуў начальнік аддзела СІЗА-115

Трагічна загінуў начальнік аддзела СІЗА-1

Галоўнае
Усе навіны →