«Яму цяжка даюцца мае спазненні». Беларускі расказалі, з якімі праблемамі сутыкнуліся ў адносінах з іншаземцамі
Наўрад ці многія ставяць за мэту сустракацца з іншаземцамі, але часам жыццё так складваецца, што гэта атрымліваецца само сабой. Выданне BGmedia сабрала гісторыі рамантычных адносін беларусак з хлопцамі-іншаземцамі з Польшчы, Саудаўскай Аравіі і Танзаніі.
«Сабака быў чароўны, гаспадар — не менш»
Ірына прыехала ў Польшчу ў ліпені 2022 года, а ўжо ў верасні пазнаёмілася з чароўным палякам. У адносінах пара ўжо больш за год.
«Я выйшла ў «Жабку», якая знаходзіцца на першым паверсе майго дома. Захацелася свежых булачак. Заўважыла, што ў двары гуляе хлопец з сабакам. Я «павернутая» на сабаках, таму кожнага спрабую пагладзіць. І гэтым разам зрабіла тое ж самае, спытаўшы ў гаспадара, ці можна. Ён дазволіў.
Сабака быў чароўны, гаспадар — не менш. З хлопцам мы разгаварыліся, ён папрасіў мой нумар тэлефона. Праз пару дзён мы ўжо сядзелі ў кавярні на нашым першым спатканні», — распавядае дзяўчына.
Па словах Ірыны, яе хлопец, як і палякі, што ёй знаёмыя, вельмі пунктуальныя людзі. Калі дамовіліся на сустрэчу ў пэўны час — значыць, трэба дакладна ў гэты час быць на месцы.
«Я з тых людзей, якія звычайна спазняюцца заўсёды і ўсюды. На некалькі хвілін, але ўсё ж. А мой хлопец вельмі пунктуальны. Я бачыла, як яму цяжка даюцца мае спазненні. Таму давялося хутка перастройвацца, цяпер прыходжу нават раней за яго», — кажа беларуска.
Яе хлопец ужо прапаноўваў зняць жыллё і пачаць жыць разам, але дзяўчыну пакуль задавальняе іх стадыя адносін. Ірына не хоча прамежкавых варыянтаў: «Альбо мы хлопец і дзяўчына, якія жывуць кожны ў сябе, альбо ўсур'ёз вырашаем будаваць сям'ю, ажэнімся, пачынаем весці агульны побыт і нараджаць дзетак».
«За ўсіх сказаць не магу, але я, напрыклад, не дзялю людзей па грамадзянстве, мове, колеры скуры, рэлігіі. Для мяне ёсць толькі адзін крытэрый — ці добрае ў чалавека сэрца, ці эмпатычны ён. Калі так — бяру ў сваю каманду. З маім хлопцам у мяне здарыўся гэты «мэтч», а ўсё астатняе ўжо не мела значэння», — лічыць беларуска.
Дзяўчына расказала, што ў Польшчы яна сустракае беларусаў, погляды якіх падобныя на яе ўласныя. Яны ахвотна ўступаюць у дыялогі з палякамі, дапамагаюць іншаземцам са службаў дастаўкі ежы знайсці дарогу і заўсёды адкрытыя да зносін: «Думаю, калі так вырашаць зоркі, іх прыязныя зносіны з людзьмі лёгка можа перайсці ў рамантычныя».
«Калі ён казаў, што будзе праз 15 хвілін, значыць, дакладна будзе не менш, чым праз 40»
Амаль два гады Вера была ў адносінах з хлопцам з Саудаўскай Аравіі. Пазнаёміліся маладыя людзі праз сяброўку Веры, якая мела шмат інтэрнацыянальных сяброў і знаёмых. Першая сустрэча была на Камароўскім рынку, затым у гасцях у сяброўкі. Пасля гэтага хлопец пачаў запрашаць Веру на спатканні.
«Гэтыя адносіны былі спакойнымі, але некаторыя моманты прымушалі мяне задумацца. Першае, што мне вельмі не спадабалася, — гэта пастаянныя спазненні маладога чалавека. Калі ён казаў, што будзе праз 15 хвілін, значыць, дакладна будзе не менш, чым праз 40.
Але самае дзіўнае, што гэты чалавек не разумеў майго абурэння з гэтай нагоды. Яму не падабалася мая еўрапейская педантычнасць, А мяне не задавальняла яго стаўленне да часу. Мне здаецца, што гэта асаблівасць культуры, у якой ён вырас. Бо гэта я заўважала не толькі ў яго, але і ў ягоных сяброў», — мяркуе дзяўчына.
Таксама Веры не падабалася, што яе малады чалавек часта падманваў. Сказаць нейкую няпраўду і мець апраўданне — у парадку рэчаў:
«У гэтай культуры, як мне здаецца, такое не лічыцца падманам або хлуснёй. І калі мы на гэтай глебе лаяліся, ён шчыра не мог зразумець, чаму я так сябе паводжу.
Да прыкладу, калі ён пайшоў са сваёй аднакурсніцай у сталовую і меў камунікацыю з ёй, то на мае паведамленні «Дзе ты і што робіш?» ён мог адказаць, што сядзіць са сваім сябрам і п'е гарбату. Пазней ён мне патлумачыў, што адказаў так, бо падумаў, што я буду яго раўнаваць. А для мяне гэта зусім іншае — звычайная хлусня. Бо хадзіць піць гарбату з аднакурснікамі, не важна якога полу, гэта нармальна».
«Быў выпадак, калі мой хлопец не змог сустрэць мяне пасля працы, і я папрасіла калегу гэта зрабіць. Падвезці мяне да банка, бо не вельмі хацелася ехаць на аўтобусе. Калі прыехала дадому, распавяла пра гэтую сітуацыю свайму хлопцу і яму гэта вельмі не спадабалася. Аргументам было тое, што ён лічыць, што калі мужчына і жанчына застаюцца адзін на адзін, то ў абодвух узнікаюць «благія думкі».
Асэнсоўваючы такія моманты, я разумею, што ўсё тлумачылася менавіта культурным аспектам гэтага чалавека», — падзялілася беларуска.
Вера распавяла, што яе хлопец не мог зразумець, чаму дзяўчына можа ярка праяўляць свае эмоцыі, адкрыта злавацца, лаяцца і праяўляць гнеў. Ёй здаецца, што ў былога была ментальная ўстаноўка, што дзяўчына заўсёды павінна быць «на мяккіх лапках», заўсёды ў добрым настроі і спакойнай. Нібы анёл. «Я не такая, і, вядома ж, ярка выяўляла свае эмоцыі, у тым ліку негатыўныя», — падсумавала дзяўчына.
«Без паўнавартаснай камунікацыі ніякія адносіны доўга не жывуць»
Са сваім маладым чалавекам Ангеліна пазнаёмілася ў Кітаі. Ён быў з Танзаніі, а знаёмства пары завязалася падчас пандэміі каранавіруса. Яны пазнаёміліся ў Tinder. Неўзабаве пара пачала жыць разам, бо працы ў той перыяд было няшмат, а заробку не хапала. Так было больш выгадна.
«Адзінай прычынай, чаму мы вырашылі расстацца, былі візавыя праблемы майго маладога чалавека. На той момант ён жыў у Кітаі каля 8 гадоў, навучаўся ва ўніверсітэце. Да знаёмства са мной ён страціў пашпарт. А ў Кітаі вельмі сур'ёзна ставяцца да выдачы віз і знаходжання ў краіне нелегальна.
У 2021 годзе мне трэба было абнаўляць візу, але праз тое, што чула пра складанасці атрымаць яе, вырашыла, што паеду з Кітая. Я прапанавала свайму маладому чалавеку з'ехаць разам: адправіцца да яго ў краіну або ў Беларусь. Але ён сказаў, што не можа. І распавёў мне пра сваю сітуацыю з пашпартам.
З'ехаўшы з Кітая, мы яшчэ трохі размаўлялі, а затым вырашылі расстацца», — распавядае Ангеліна.
Былы хлопец Ангеліны вельмі любіў глядзець фільмы, у якіх афраамерыканцы пакутуюць і сутыкаюцца са складанасцямі ў жыцці. Падчас прагляду такіх фільмаў кінагісторыю ён перакладаў на сябе. Часта казаў, што «мы так пакутуем, мае чорныя браты так пакутуюць».
А дзяўчыну звычайна гэтыя словы смяшылі, бо яна ведала, што хлопец быў добра адукаваны і паходзіў з багатай танзанійскай сям'і. Яго бацькі працавалі ў мясцовым урадзе і ўсяляк дапамагалі свайму сыну.
«Мне здаецца, што заводзіць адносіны і сустракацца з замежнікамі — не праблема. Галоўнае — гэта веданне мовы, на якой можна камунікаваць дваім. Без паўнавартаснай камунікацыі ніякія адносіны доўга не жывуць. Таксама важная наяўнасць агульных інтарэсаў і захапленняў», — лічыць беларуска.
Цяпер Ангеліна жыве ў ЗША і спрабуе заводзіць адносіны з амерыканцамі. На яе думку, у большасці сваёй гэта цікавыя людзі:
«Я чула шмат гісторый, што амерыканцы і амерыканкі шукаюць партнёраў з іншых краін з дапамогай сацыяльных сетак і нават гатовыя дапамагчы пераехаць у ЗША. Хоць працэс пераезду і легалізацыі цяжкі. Аднак заўсёды неабходна памятаць, што для пабудовы моцных адносін патрабуецца нямала маральных выдаткаў і кампрамісаў».
«Мы сядзелі голыя, а ён завёў размову пра Вялікае Княства Літоўскае». Беларусы расказалі, як знаёміліся ў тындары з палякамі і полькамі
«Правіла пяці хвілін». Беларусы расказалі, як зліваюцца са спаткання, калі яно не падабаецца
«Яна зрабіла мне мінет, ён быў самым жудасным у маім жыцці». Беларусы расказалі пра свае самыя дзіўныя спатканні
Каментары
Зачем встречаться, если можно знакомиться по интернету и просто выманивать у них деньги.
А по поводу Эмиратов, посмотрите Инстаграм.
Как это не печально, но многие девушки из Беларуси
едут туда чтобы заработать, самым простым и быстрым способом.
Вы уж извините, что пишу об этом.