Культура66

Тэлеграм-канал бібліятэкі і музея імя Францішка Скарыны ў Лондане прызнаны «экстрэмісцкім». Што трэба ведаць пра легендарную Скарынаўку

Адпаведнае рашэнне прынятае судом Лідскага раёна 23 кастрычніка. «Экстрэмісцкім» таксама прызнаны і лагатып тэлеграм-канала. Беларуская бібліятэка і музей імя Францішка Скарыны ў Лондане — адна з найстарэйшых і найбольш уплывовых беларускіх арганізацый замежжа. Чаму гэтая пляцоўка сапраўды ўнікальная і якія культурныя багацці ў ёй схаваныя. «Будзьма» сабрала восем цікавых фактаў, якія трэба ведаць пра Скарынаўку.

Фота: facebook.com/skaryna

1. 40 000 кніг

Першае і самае галоўнае: Скарынаўка — гэта найбуйнейшы беларускі кнігазбор у замежжы. Велічыня фонду бібліятэкі — больш за 40 тысяч кніг, старадрукаў і рукапісаў, а таксама больш за 200 найменняў падшывак перыёдыкі. Акрамя гэтага ў бібліятэцы захоўваюцца дзясяткі рэдкіх мапаў і нават цэлыя архівы, як асабістыя, гэтак і з дакументамі арганізацый беларускай дыяспары. Ёсць нават збор музычных запісаў на розных носьбітах.

Час стварэння некаторых рукапісаў сягае ў XV стагоддзе. Далёка не кожную кнігу з фонду Скарынаўкі можна спаткаць нават у самых буйных бібліятэках Беларусі, таму гэтыя ўнікальныя зборы беларусазнаўчай і беларускай эмігранцкай літаратуры вабяць даследчыкаў з усяго свету. У апошнія гады матэрыялы бібліятэкі пачалі актыўна алічбоўвацца, так што для тых, хто не аматар падарожнічаць ці мае цяжкасці з атрыманнем візы, усё толькі пачынаецца.

Фота: facebook.com/skaryna.

2. 1000 замежных даследчыкаў

Айцец Аляксандр Надсан (1926—2015), вядомы ўсяму беларускаму свету ў якасці апостальскага візітатара для беларусаў-каталікоў у замежжы, па-за душпастарскімі клопатамі кіраваў і апекаваўся «Скарынаўкай» ад пачатку 70-х да самай смерці. Ён жа спрабаваў весці ўлік замежных даследчыкаў беларушчыны і налічыў такіх за 40 гадоў больш за тысячу, з усіх кантынентаў. Сярод іх такія тытаны беларусістыкі, як Арнольд Макмілін, Гай Пікарда, Вера Рыч.

Фота: youtube.com/@francisskarynabelarusianli2019

3. Святары-бібліяфілы

Леў Гарошка, Аляксандр Надсан, Ян Дамінік, 1970-ыя гады

Святар-бібліятэкар для еўрапейскай традыцыі наогул не навіна, але «Скарынаўка» з’явілася ў другой палове XX стагоддзя, можа, таму колькасць духоўных асобаў, з якімі яна асацыюецца, з непрывыку ўражвае. Рэч у тым, што ідэя стварэння бібліятэкі якраз і ўзнікла ў трох святароў Беларускай каталіцкай місіі з гэтак званай «беларускай вёскі» ў раёне Фінчлі.

Кнігалюбства ўжо згаданага айца Аляксандра Надсана і ягоных паплечнікаў — біскупа Чэслава Сіповіча (ініцыятара і заснавальніка бібліятэкі) і айца Льва Гарошкі (пазней кіраўніка Беларускай секцыі радыё Ватыкана) — давяло іх да патрэбы знайсці памяшканне для сабраных кніжак, ладна ўпарадкаваць кнігазбор і зрабіць так, каб схаваныя на іх старонках веды служылі людзям, а не ляжалі марным друзам. Задача не такая простая — кнігазбор аднаго толькі айца Льва Гарошкі, прывезены ім з Парыжа, налічваў блізу 7 тысяч кніг.

Біскуп Чэслаў Сіповіч

4. Нядзельная школка ў беларускім квартале

Не спыняючыся падрабязна на ўплыве Беларускай каталіцкай місіі на жыццё беларускай дыяспары другой паловы XX стагоддзя, проста адзначым, што ёй у свой час належала ў квартале ажно тры будынкі, у адным з якіх месцілася беларуская школка-інтэрнат. Бібліятэка і музей імя Францішка Скарыны — цяпер аўтаномная арганізацыя, але яна адраджае традыцыю і запрашае дзетак на заняткі ў нядзельнай школцы.

5. Знакамітая царква ў крокавай дасяжнасці

Знакамітая Беларуская царква ў гонар Кірылы Тураўскага, першая драўляная царква ў Лондане пасля пажару 1666 года, збудаваная ў 2017 годзе, знаходзіцца ў некалькіх кроках ад «Скарынаўкі». Можна зайсці і ўзнесці хвалу за атрыманыя веды пасля наведвання бібліятэкі, альбо папрасіць моцы на іх засваенне па дарозе ў чытальную залю. А можна і проста палюбавацца яскравым прыкладам сучаснага сакральнага будаўніцтва за аўтарствам захопленага беларускай культурай архітэктара Со Цзыўая, уганараванага шматлікімі прэміямі. Найлепей рабіць гэта цёмначы.

6. Турэмныя робы Ларысы Геніюш і Наталлі Хершэ

Паколькі бібліятэка нават паводле поўнай сваёй назвы яшчэ і музей, то яна, як і належыць, мае даволі стракатую экспазіцыю. Беларусы, эмігруючы з СССР, бралі з сабой, акрамя кніг, яшчэ і іншыя дарагія для сябе рэчы: іконы, ручнікі, даматканую тканіну, вышываныя кашулі, альбомы і крыжы, мастацкія карціны.

Частка экспанатаў музея прысвечаная палітычным рэпрэсіям у Беларусі. Раней ці не самым экзатычным з іх была лагерная роба Ларысы Геніюш, але, на жаль, калекцыя апошнім часам вельмі актыўна папаўняецца, і цяпер наведнікі могуць паглядзець яшчэ і на робу палітзняволенай за ўдзел у пратэстах 2020 года Наталлі Хершэ, а таксама на іншыя дакументы і рэчы палітзняволеных — сведчанне сумнай найноўшай гісторыі нашай краіны.

Фота: «Новы Час»

7. Арт-рэплікі

Беларуска-брытанскі рэжысёр Уладзімір Шчэрбань, натхніўшыся мастацкай часткай экспазіцыі, сумаваць не стаў, задумаў стварыць цэлую галерэю з арт-рэплік твораў са збораў «Скарынаўкі», і ўпарта гэтым займаецца.

Арт-рэпліка на гравюру «Гусляр» Барыса Заборава ў выкананні Уладзіміра Шчэрбаня. Фота: facebook.com/vladimir.shcherban

8. Выдавецтва

Пры садзейнічанні бібліятэкі было створана выдавецтва «Skaryna Press». Летась выйшла з друку першая яго кніга — пераклад Уладзіслава Гарбацкага «Бейруцкіх апавяданняў» Агатангела Крымскага — класіка ўкраінскай літаратуры. Дырэктар выдавецтва Ігар Іваноў разам з перакладчыкам правёў з гэтай нагоды шмат імпрэзаў у розных гарадах Еўропы.

Выдавецтва «Skaryna Press» разам з бібліятэкай рыхтуе выданне матэрыялаў этнаграфічнай экспедыцыі Вацлава Ластоўскага 1928 г. і рукапіснага зборніка Ларысы Геніюш 1947 г.

Фота: budzma.org

Рэгулярныя канферэнцыі і лекцыі, літаратурныя імпрэзы і кніжны клуб, нядзельная школка і фальклорныя святы, правядзенне экскурсій і даследчыцкая праца, выдавецкая і бібліятэчная справа — будзённасць сённяшняй «Скарынаўкі». І кожнае з’яўленне ў прэсе дырэктара выдавецтва Ігара Іванова суправаджаецца прыемнымі сюрпрызамі і абяцаннямі пашырэння дзейнасці, якія ён нязменна выконвае.

Фота: youtube.com/@francisskarynabelarusianli2019

Каментары6

  • Ёсік
    28.10.2023
    Судьдзі, трэба падзякаваць, што хоць у замежжы беларушчына засталася, а вы забараняеце. Хутка, вельмі хутка вас узнагародзіць дырэктар саўгаса новым месцам працы - на абшарах суседняй расеі, мо хтосьці будзе працаваць на "спрадвечна расейскіх" тэрыторыях - лнр, днр, Крым, ці ў мухасранску. Нездарма грызлоў аб філіях расейскіх ВНУ засьпяваў - ідзеш туды навучацца, в лукашэнкаўская адпрацоўка дыплома будзе на тэрыторыі заснаваньня ВНУ, то-бок, у Расеі.
  • Эля Дынглі
    28.10.2023
    Першы фотаздымак - гэта не Скарынаўка, гэта Marian House, які праз дарогу ад бібліятэкі.
  • бібліятэка наш скарб
    28.10.2023
    дыктатар вынішчае ўсё беларускае

Макс Корж выпусціў першы кліп пасля пагроз ГУБАЗіКа. Правакацыйны і шматсэнсоўны1

Макс Корж выпусціў першы кліп пасля пагроз ГУБАЗіКа. Правакацыйны і шматсэнсоўны

Усе навіны →
Усе навіны

У эфіры прапагандыстаў паказалі яшчэ аднаго зняволенага каліноўца — Максіма Ралько5

У Мінску ўзяліся зносіць парк «Дрымлэнд» ВІДЭА2

Storm Shadow сёння маглі ўдарыць па гістарычнай сядзібе на Куршчыне, дзе размяшчаўся расійскі камандны пункт4

Былога каліноўца, якога затрымалі ў В’етнаме, імгненна выдалі спецслужбам Лукашэнкі ФОТА56

Куды зноў знік Пуцін? Выявілася, што яго апошнія сустрэчы — гэта насамрэч запісы месячнай даўніны3

«Гэта замах на забойства». Пад Гроднам нехта нацягнуў дрот над сцежкай, дзе катаюцца матацыклісты3

Папа Рымскі зацвердзіў абрад свайго пахавання2

Адміністратарам украінскага тэлеграм-канала, які дапамагаў пазбягаць позваў, аказалася беларуска8

Кіраўнік Пентагона патлумачыў, навошта ЗША перадаюць Украіне супрацьпяхотныя міны

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Макс Корж выпусціў першы кліп пасля пагроз ГУБАЗіКа. Правакацыйны і шматсэнсоўны1

Макс Корж выпусціў першы кліп пасля пагроз ГУБАЗіКа. Правакацыйны і шматсэнсоўны

Галоўнае
Усе навіны →