Галубы, як высветлілася, не дурнейшыя за штучны інтэлект — даследаванне
Птушкі, якіх некаторыя лічаць тупымі буркунамі, насамрэч вельмі разумныя. Навукоўцы высветлілі, што яны здольныя вырашаць некаторыя задачы падобна штучнаму інтэлекту. Расказваем, якія.
Галубы людзьмі звычайна не ўспрымаюцца сур’ёзна. Аднак насамрэч іх інтэлект досыць высокі: яны могуць запамінаць людзей, адрозніваць колеры, арыентавацца ў прасторы. Навукоўцы з універсітэтаў амерыканскіх штатаў Агая і Аёва даказалі, што гэтыя птушкі могуць даваць рады некаторым задачам так, як гэта робіць штучны інтэлект. Пра гэта піша выданне The Guardian са спасылкай на даследаванне.
У эксперыменце бралі ўдзел 24 галубы. Ім далі розныя візуальныя заданні, якія кожная з птушак вырашала ў сваім тэмпе: камусьці спатрэбілася некалькі дзён, а хтосьці разбіраўся некалькі тыдняў. Ім трэба было размеркаваць па розных катэгорыях рознакаляровыя лініі і геаметрычныя фігуры. Калі голуб ціснуў правільную кнопку, яму давалі корм, а за памылкі ён нічога не атрымліваў.
Аўтары даследавання зразумелі, што механізм рашэння задачы ў галубоў такі ж, як і ў штучнага інтэлекту. Галубы, як і ШІ, не карысталіся правіламі, а рабілі ўсё метадам спроб і памылак, знаходзілі заканамернасць для прыняцця правільнага рашэння. Акрамя таго, птушкі маглі адрозніваць прадметы і выпраўляць памылкі. Падчас эксперыментаў іх здольнасць вырашаць простыя задачы павялічылася з 55% да 95%, а ў выпадках з больш складанымі заданнямі іх дакладнасць узрасла з 55% да 68%.
Навукоўцы цяпер збіраюцца супрацоўнічаць з арнітолагамі і працягваць вывучаць галубоў ды іх мазгавыя здольнасці. Яны спадзяюцца, што гэта дапаможа знайсці эфектыўныя механізмы для дапамогі людзям, якія маюць пашкоджанні галаўнога мозга.
У ходзе даследавання, як адзначае The Guardian, ніводзін голуб не пацярпеў.
Каментары