«Проста тусуешся, і тут усё робіцца незнаёмым». Усе ведаюць пра дэжа вю. А ці чулі вы пра жамэ вю?
Вы, напэўна, чулі пра феномен déjà vu, калі нейкае відовішча ці досвед, з якім вы сутыкаецеся ўпершыню, падаецца ўжо знаёмым. У гэтай з’явы ёсць супрацьлегласць, якую не так добра ведаюць. Расказваем галоўнае пра jamais vu (чытаецца як «жамэ вю»).
Jamais vu сустракаецца нашмат радзей, чым свой вядомы антыпод. Пад гэтым французскім выразам маюць на ўвазе адчуванне, калі нешта, што вы вельмі добра ведаеце, падаецца незнаёмым. Напрыклад, вы сустракаецеся з калегам, з якім працуеце шмат гадоў, або мусіце напісаць слова, якое да таго пісалі ўжо багата разоў. У выпадку з jamais vu вы зразумееце, што вы бачылі раней гэтага чалавека ці гэтае слова, але ў той жа час яны вам пададуцца зусім новымі і незнаёмымі. Такое адчуванне звычайна доўжыцца некалькі секунд ці хвілін, можа быць непрыемным і палохаць.
Вось што пішуць пра jamais vu карыстальнікі сацсеткі Reddit:
«Я адчуў jamais vu, калі ЦАЛКАМ праігнараваў двухпавярховы дом на маім шляху на трэнерскія заняткі. Кожны дзень я карыстаюся адным і тым жа маршрутам, і раблю гэта ўжо больш за год. За гэты час дом пачалі будаваць, скончылі, а цяпер з невядомых мне прычын зносяць. А я нават не памятаю, каб бачыў гэты дом. Заўважыў яго толькі 4-5 тыдняў таму, калі гуляў разам з сябрам. Гэта было дзіўнае адчуванне».
«Гэта нашмат больш пужае, чым déjà vu. Ты проста тусуешся з сябрамі, і тут усё вакол цябе раптам робіцца незнаёмым. Я ўсё яшчэ памятаю іх імёны, іх характар, але яны падаюцца вельмі аддаленымі ад мяне. Пасля jamais vu я адчуваю сябе разгубленым, і гэта мяне трывожыць».
«Гэта можа быць прыкметай (разам з іншымі сімптомамі) скроневай эпілепсіі. Не кажу, што ўсе, хто такое перажываў, маюць эпілепсію — але гэта было важнай прычынай, чаму я наведаў неўролага, які пазней мне яе дыягнаставаў. Замест адчування, што я ўжо нешта рабіў у незнаёмым месцы, падчас jamais vu я знаходжуся ў вельмі знаёмым месцы, але няздольны нічога пазнаць. Напрыклад, вуліца, па якой я штодзень ездзіў на працу… Я ведаў, што еду на працу, але не мог зразумець дакладна, дзе я ці дзе мне паварочваць».
Ёсць яшчэ і трэці выраз, падобны да déjà vu i jamais vu. Гэта presque vu, ці, як мы больш звыкліся казаць, «на кончыку языка» — сітуацыя, калі чалавек не можа згадаць добра вядомае слова, але пры гэтым згадвае частку інфармацыі пра яго.
Часам jamais vu можна справакаваць з дапамогай шматлікіх паўтарэнняў аднаго матэрыялу. Уявіце, што вы рыхтуецеся да экзамену па замежнай мове і паўтараеце, як пішацца тое ці іншае складанае слова. На экзамене вы пішаце слова так, як лічыце патрэбным, і пры гэтым шмат сумняваецеся, быццам бачыце яго ўпершыню. Гэта і ёсць jamais vu.
Можна выклікаць такі феномен у лабараторных умовах. Напрыклад, можна папрасіць групу людзей 30 разоў за хвіліну напісаць слова «дрэва» ці іншае добра знаёмае людзям слова. У такім выпадку большасць удзельнікаў групы адчуюць jamais vu — на нейкім этапе слова падасца ім незнаёмым.
Навукоўцы мала ведаюць пра гэтую з'яву.
Адна з тэорый, адкуль узялося jamais vu, звязаная з перагрузкай свядомасці інфармацыяй, ажно пакуль тая не страціць сэнс. Іншая магчымая прычына — часовае парушэнне ў працы нервовых шляхоў, якія звязваюць успрыняцце інфармацыі і памяць. Або рэч можа быць у стрэсе ці стомленасці.
А вось французскі кагнітыўны нейрапсіхолаг Крыс Мулен, адзін з галоўных экспертаў па гэтай з'яве, лічыць, што рэч можа быць у працы скроневай долі галаўнога мозга. Гэтая вялікая частка мозга, якая знаходзіцца за вушамі, і яна грае важную ролю ў тым ліку ў працы памяці.
Масавая культура не прайшла міма гэтай з'явы — напрыклад, сусветна вядомы паўднёвакарэйскі гурт BTS выпусціў песню Jamais vu. А пасля выхаду стужкі «Матрыца: Уваскрашэнне», апошняга на сёння фільма са знакамітай франшызы, пачаліся дыскусіі, ці не з'яўляюцца déjà vu і jamais vu прыкметамі «збояў у матрыцы». Нарэшце, Шнобелеўскую прэмію — 2023 у галіне літаратуры прысудзілі за даследаванне адчуванняў, што маюць месца ў людзей, якія шмат разоў паўтараюць слова «шмат» — і гэта якраз jamais vu.
Ці турбавацца, калі ў гэтым тэксце вы пазналі сябе? Не, калі толькі jamais vu не ўплывае негатыўна на ваша жыццё. Здольнасць перажываць такі досвед — добры знак, і варта хвалявацца, толькі калі jamais vu робяцца частай з'явай ці іх суправаджаюць іншыя сімптомы. У больш сур'ёзных выпадках jamais vu можа сведчыць пра ментальныя хваробы, а таксама пра разлады ў працы мозга (напрыклад, пра мігрэнь ці дэменцыю).
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬШэсць спосабаў абараніць сябе ад дэменцыі
Ключ да прафілактыкі Альцгеймера можа быць у здаровым харчаванні — навукоўцы
Чаму самы просты выбар часта ўганяе нас у ступар? Гэтаму ёсць і тлумачэнне, і рашэнне
Каментары