Ад звычайнай вакцынацыі да лаванды каля вашай падушкі — гэтыя невялікія змены могуць абараніць вас ад зніжэння кагнітыўных здольнасцяў.
Большасць з нас ведае, што найбольш важнымі спосабамі барацьбы з рызыкай дэменцыі з’яўляюцца захаванне з узростам фізічнай актыўнасці і здаровае харчаванне. Але што наконт больш нечаканых прыёмаў, якія могуць дапамагчы?
Вось менш вядомыя лайфхакі, якія могуць знізіць рызыку, пра якія нагадвае The Telegraph.
Зрабіце ўколы
Ці ведаеце вы, што вакцынацыя ад апяразваючага лішаю і пнеўмакоку можа абараніць вас таксама і ад хваробы Альцгеймера — самага распаўсюджанага тыпу дэменцыі?
Даследчыкі з University of Texas Health Science Centre у Х'юстане і Massachusetts General Hospital прагледзелі карты здароўя сотняў тысяч людзей ва ўзросце больш за 65 гадоў. Згодна з аўтарамі даследавання, рызыка ўзнікнення хваробы Альцгеймера зніжаецца на 25% пры вакцынацыі супраць апяразваючага лішаю і на 27% пры вакцынацыі супраць пнеўмакоку. У папярэдняй працы тыя ж даследчыкі выявілі, што вакцына супраць грыпу зніжае рызыку хваробы Альцгеймера да 40%.
Чаму вакцыны могуць мець ахоўны эфект? Адзін з аўтараў даследавання адзначыў, што інфекцыі, ад якіх яны абараняюць, выклікаюць сістэмнае запаленне, якое знаходзіцца ў іншым месцы вашага цела, а не непасрэдна ў мозгу. Але, згодна з навукоўцамі, у іх ёсць доказы таго, што сістэмнае запаленне (асабліва ў пажылых людзей) уплывае на запаленне і ў галаўным мозгу, якое з'яўляецца часткай развіцця хваробы Альцгеймера.
Такім чынам, калі мы можам прадухіліць гэтыя інфекцыі, то мы можам паменшыць нейразапаленне і, магчыма, развіццё і прагрэсаванне хваробы Альцгеймера.
Іншая ідэя заключаецца ў тым, што гэтыя вакцыны могуць «абудзіць» вашу імунную сістэму.
Даследчыкі тлумачаць, што з узростам наша імунная сістэма «запавольваецца» і пачынае горш змагацца з вірусамі і іншымі хваробатворнымі мікраарганізмамі. Вакцыны ж дапамагаюць імуннай сістэме лепш ачысціць таксічныя бялковыя запасы ў мозгу, якія спрыяюць развіццю хваробы Альцгеймера.
Выкарыстоўвайце эфірныя алеі на падушцы
Зусім нядаўна мы пісалі, што згодна з новым даследаваннем Каліфарнійскага ўніверсітэта гэты просты спосаб сапраўды можа палепшыць вашу памяць і кагнітыўныя здольнасці. Так, удзельнікі эксперымента (мужчыны і жанчыны ва ўзросце ад 60 да 85 гадоў без парушэнняў памяці) падвяргаліся ўздзеянню паху эфірнага алею на працягу дзвюх гадзін кожную ноч цягам шасці месяцаў. У выніку навукоўцы ўбачылі паляпшэнне памяці на фантастычныя 226% у параўнанні з групай, якая атрымлівала толькі невялікую колькасць рассеянага водару.
Сканаванне мозга паказала, што група эфірных алеяў лепш функцыянуе ў частцы мозга, звязанай з памяццю і пазнаннем, якія звычайна пагаршаюцца з узростам.
Даследчыкі кажуць, што наш нюх нашмат больш задзейнічаны ў нашым пазнанні, чым любыя іншыя пачуцці. Гэта важна для захоўвання і аднаўлення ўспамінаў і падтрымання актыўнасці звязаных з памяццю рэгіёнаў. Адчуванне пахаў падчас сну можа дапамагчы сістэме актывізавацца, узмацняючы гэтую сувязь, але пакуль не зусім ясна, як гэта працуе, кажуць даследчыкі.
Атрымлівайце асалоду ад клубніц
Мала таго, што клубніцы цудоўныя на смак — даследаванні паказалі, што клубніцы багатыя злучэннем, якое можа дапамагчы прадухіліць хваробу Альцгеймера. Злучэнне пеларганідзін спрыяе горшаму назапашванню бялку пад назвай «тау» ў галаўным мозгу. Назапашванне гэтага бялку з'яўляецца адной з прыкмет хваробы Альцгеймера.
Даследчыкі кажуць, што абарона можа зыходзіць ад супрацьзапаленчага эфекту пеларганідзіну, бо з усіх ягад менавіта клубніцы з’яўляюцца найлепшай крыніцай гэтага злучэння. То ж садзіце клубніцы на дачы і не шкадуйце грошай на іх у зімовы сезон.
Адчыняйце акно, калі гатуеце на газавай пліце
Навукоўцы даўно ўжо папярэджваюць пра небяспечнасць карыстання газавымі плітамі, а ЗША іх працягваюць актыўна забараняць у самых розных штатах. У чарговым даследаванні Indoor Air Journal даследчыкі выявілі, што ўздзеянне звышмалых часціц, якія вылучаюцца газавымі плітамі падчас прыгатавання ежы і могуць пранікаць у арганізм, выклікае змены ў мазгавой дзейнасці, падобныя на тыя, што адбываюцца на ранніх стадыях хваробы Альцгеймера.
У міні-даследаванні трынаццаць мужчын і жанчын прысутнічалі пры смажанні курыцы на газавай пліце, а іх мазгавую актыўнасць рэгістравалі пры дапамозе электраэнцэфалографа (ЭЭГ) перад гатаваннем, у канцы гатавання і праз 30 хвілін пасля.
Выявілася, што мазгавыя хвалі памяншаюцца падчас уздзеяння звышмалых часціц, падобна як гэта адбываецца ў людзей з нейрадэгенератыўнымі захворваннямі, але ўзровень вяртаецца да нормы праз 30 хвілін. Тым не менш навукоўцы кажуць, што людзі, якія пастаянна падвяргаюцца падобнаму ўздзеянню, могуць сутыкацца з павышанай рызыкай развіцця хваробы Альцгеймера.
Каб супрацьстаяць гэтаму эфекту, даследчыкі прапануюць выкарыстоўваць рэспіратары або вентыляцыю падчас гатавання, каб знізіць патэнцыйную рызыку.
Беражыце зрок
Новае даследаванне, апублікаванае ў часопісе Jama Ophthalmology, пацвердзіла ідэю пра ўзаемасувязь праблем са зрокам і дэменцыі. У даследаванні прынялі ўдзел амаль 4000 удзельнікаў з сярэднім узростам 77 гадоў.
У людзей з праблемамі зроку ад сярэдняй да цяжкай ступені верагоднасць дэменцыі была ажно на 72 % вышэй, чым у людзей без праблем са зрокам. Лёгкая ступень не аказвала значнага ўплыву. Эксперты кажуць, што, магчыма, праблемы са зрокам могуць быць звязаны са зменамі ў функцыі і структуры мозгу, падобнымі да таго, што адбываецца пры дэменцыі.
«Калі адбываецца зніжэнне паступлення візуальнай інфармацыі, тады мозг не стымулюецца так, як мае быць, кажуць даследчыкі. Таму варта надаваць увагу здароўю свайго зроку і выкарыстоўваць яго як індыкатар зніжэння кагнітыўных здольнасцяў.
Пазбягайце перадазіроўкі тэлебачаннем
Ёсць цвёрдыя доказы таго, што занадта шмат тэлебачання можа негатыўна адбіцца на рызыцы ўзнікнення дэменцыі. Даследаванне UK Biobank Study 2018 года, якое пачалося з удзелам прыкладна паўмільёна дарослых жыхароў Вялікабрытаніі ў 2006 годзе, паказала, што больш часу, праведзенага перад тэлевізарам, было звязана са зніжэннем кагнітыўных функцый на працягу пяці гадоў, калі ўдзельнікі праходзілі тэсты на памяць, рашэнне праблем і запамінанне лічбаў.
У мінулым годзе даследчыкі разглядалі тую ж групу людзей — на гэты раз даследчыкаў цікавіла сувязь дэменцыі і тэлебачання ў параўнанні з уплывам ад выкарыстання камп’ютара.
У выніку людзі, якія глядзелі тэлевізар больш за чатыры гадзіны ў дзень, мелі на 24% больш шанцаў развіцця дэменцыі. У тых жа, хто больш за гадзіну ў дзень карыстаўся камп’ютарам у інтэрактыўным рэжыме, верагоднасць развіцця дэменцыі была на 15 % меншая.
Даследчыкі тлумачаць гэта так: у той час як выкарыстанне камп'ютара ў інтэрактыўным рэжыме з’яўляецца, як правіла, вышэйшай і складанейшай кагнітыўнай задачай, глядзенне тэлебачання з’яўляецца пасіўным заняткам. Ён не напружвае ваш мозг, бо вы проста бераце інфармацыю і вам пры гэтым не абавязкова яе захоўваць. Што ж, здаецца, гэтая апошняя парада асабліва актуальная для Беларусі.
Каментары