Грамадства55

«Для мяне асалода быць сярод гэтых прадметаў». Сям'я прамяняла кватэру на дом у вёсцы і абставіла яго рарытэтнымі рэчамі

Алена і Сяргей называюць сябе першаадкрывальнікамі аграсядзібнага бізнэсу ў Рагачоўскім раёне. Месцам прыёму гасцей стаў іх дом. Муж і жонка абстаўлялі інтэр'ер рарытэтнымі рэчамі беларускага побыту яшчэ да таго, як гэта стала мэйнстрымам. Як залы музея выглядаюць не толькі пакоі дома, але і ўвесь двор. Яны ўмудрыліся ператварыць гаспадарчыя пабудовы ў аўтэнтычныя месцы для адпачынку. Realt.by расказаў гісторыю сям'і і паказаў іх калекцыю рэчаў.

Дом Сяргея і Алены знаходзіцца ля самай трасы і як быццам сустракае гасцей ля ўезда ў горад. Атрымліваецца сімвалічна, бо і назва вёскі — Стрэнькі — намякае на хуткае прыбыццё ў адну са сталіц беларускай згушчонкі.

Сям'я пераехала сюды ў 2006 годзе. Да гэтага Алена часта назірала за тым, як будуецца яе будучы дом.

«Памятаю, калі праязджалі міма яго, заўсёды бацькам казала: «Які здаровы. Навошта ён ім такі вялікі?». А цяпер тут жыву. Папярэдні ўладальнік ўзводзіў яго для сваёй дачкі. Ён быў прарабам, таму ў якасці гэтага дома мы былі ўпэўненыя».

«Мы вырашылі пераехаць за горад, таму што нас цягнула на прыроду, да градак, — дапаўняе жонку Сяргей. — Урэшце, прадалі кватэру за 6 тысяч даляраў і яшчэ ўзялі крэдыт у 9 тысяч на куплю гэтага дома. Пераехалі мы хутка, нават не выплаціўшы ўсю суму гаспадару. Дачка павінна была ісці ў школу — і навучальны год хацелася пачаць у новым месцы».

Пара ўспамінае, што жылі ў пустой каробцы. Першую зіму было нялёгка: ні туалета, ні душа. Мыліся ў тазіку. На наступны год яны ўжо правялі камунікацыі.

На 126 квадратаў прыходзіцца два ўладкаваныя паверхі і трэці, які часова пустуе. Алена кажа, што чарга дойдзе і да яго, бо ён з двума балконамі — вельмі перспектыўная планіроўка.

«Нам давялося зрабіць шмат усяго за першыя некалькі гадоў. Мы ўцяплілі сцены, памянялі аконныя рамы, зрабілі невялікую перапланіроўку, вылучыўшы веранду і ацяпляную летнюю кухню. Па нашым баку не праходзіць газавая труба, таму, акрамя паравога ацяплення, з'явілася электрычнае».

Дом зроблены з блокаў і абліцаваны цэглай. Паміж імі засыпалася вапна для паглынання вільгаці. І гэта спрацавала — усюды суха.

«Пакуль разабралася тут з ацяпленнем, паміж іншым думала: «А можа, яго прадаць і вярнуцца ў кватэру?» Я з дзяцінства ведала, што такое жыццё ў вёсцы, але ўсё мяняецца, калі ты становішся гаспадыняй дома, а не проста госцем. Было цяжка першы час, але цяпер я адсюль ужо дакладна нікуды не паеду».

У нейкі момант дом стаў для мужа з жонкай бізнэсам. Яны адкрылі тут аграсядзібу. Па іх словах, першую ў раёне.

«Яна карысталася вялікай папулярнасцю. Да нас часта прыязджалі іншаземцы і так шмат цёплых слоў казалі. Шчыра, спачатку я не разумела, што ў нас тут такога. Нават хвалявалася часам, маўляў, у кагосьці еўрарамонты, а ў нас усё ў старых рэчах. Але, як аказалася, мы тады ўсе не разумелі, якую каштоўнасць яны маюць», — распавядае Алена і праводзіць невялікую экскурсію.

Усярэдзіне паўсюль вісяць аўтэнтычныя прадметы. Погляд раз-пораз скача з аднаго месца на іншае. Ажыўляюць інтэр'ер букеты кветак, якія вырошчвае Алена. Праз дзень у пакоях з'яўляюцца новыя кампазіцыі — і так круглы год.

Веранда замяняе сужэнцам тэрасу. Тут яны праводзяць большую частку часу летам. Для выгоды тут стаіць канапа, побач — столік і маленькая кухня, дзе варыцца кава.

На сценах вісяць сямейныя знаходкі. Напрыклад, раму Алена знайшла ў закінутым доме, адшліфавала і пафарбавала. Сколы і расколіны засталіся, але цяпер яны выглядаюць багацейшымі. Ёсць тут нават аконная рама з дома дзядулі Алены. Яна правяла там усё дзяцінства, а гэтая частка хаты вяртае цёплыя ўспаміны.

«Сетка для лоўлі рыбы стала месцам для фатаграфій. У куце стаіць калаўрот маёй бабулі. Яна займалася вязаннем пуховых хустак, але іх у нас не засталося, — паказвае Алена. — Паколькі я працавала настаўніцай, першая калекцыя складалася з кніг. Потым пайшоў у ход посуд: савецкія сервізы і вазачкі. Цяпер ён лічыцца вінтажным, а тады быў проста прыгожым і сучасным. Пасля — званочкі, статуэткі, талеркі з розных краін, дзе бывала дачка. Мы забіралі рэчы ад бабуль і знаходзілі ім месца дома. У нас экспанатаў вясковых прылад працы і побыту больш, чым у музеі. Гэтымі рэчамі любуюцца і карыстаюцца да сённяшняга дня».

Алена адразу пацвярджае словы справай і сервіруе стол з ноткай вясковага шарму: тут і лісцікі зеляніны на сподак, і розныя кветкі ў талерках і на стале. Гаспадыня дома прызнаецца, што ўсё робіць з добрым настроем і жаданнем жыць кожную хвіліну прыгожа. Хай нават на сняданак будзе толькі хлеб і кава.

«Я магу прачнуцца і развесці такую дзейнасць! Як кажа дачка: «Мама псіханула! Мама псіханула і выкінула кухню», — смяецца Алена. — Кухню я і праўда памяняла: адну частку шафак перафарбавала, другую — выкінула. Вольнае месца заняў адшліфаваны бабулін камод. Хачу знайсці такі ж, каб усё тут гарманічна глядзелася.

Машынка Singer, якая належала маці Сяргея, пераязджае з намі з месца на месца. Шмат работ мы куплялі ў мясцовых рамеснікаў, каб і іх падтрымаць, і захаваць культуру рэгіёна.

У кухні вісіць калекцыя гафту. Большасць з іх — знойдзенае ў закінутых хатах. У сталовай, каля люстэрка, стаіць яшчэ адна цікавая знаходка — тумба-камода. Сям'я перарабіла ў яе нямецкія скрыні з-пад снарадаў 1939-1943 гадоў. Папярэднія ўладальнікі захоўвалі ў іх збожжа і муку.

«Ручнікоў у нас няшмат, але яны ўсе з гісторыяй. Адзін дастаўся мне ад мамы, яму каля 50 гадоў. Беражліва захоўваем ручнік 1912 года. Ён незвычайны, паколькі карункі і ўзоры ткаліся асобна, а потым іх ужо прышывалі на палатно. Я некаторы час яшчэ працавала ў музеі і магу сказаць, што ручнікі звычайна рабілі на ўсю даўжыню дома: адзін канец быў для таго, каб рукі выціраць, другі — для твару.

Ёсць не толькі ручнікі для дома, але і вясельныя ды пахавальныя. На поўдні Беларусі часта можна ўбачыць на крыжах рознакаляровыя стужачкі — гэта такая замена ручніка. Адзін канец апускаўся ў зямлю, другі вешалі на крыж, каб душа падымалася па ім. У вёсках, дзе жывуць каталікі, на свята памерлых людзі вывешваюць ручнікі на вокны з канцамі на вуліцу. Так, па традыцыі, душа ў гэты дзень знаходзіць шлях дадому».

Захавала сям'я і першае жылое памяшканне на ўчастку — часовае збудаванне з печкай. Цяпер там паўнавартасны музей. Сяргей і Алена мараць яшчэ пра тэрасу, хоць на іх участку месцаў для адзіноты і адпачынку хапае. Напрыклад, у паветцы стаяць два крэслы, а сцены абвешаныя рознымі прыладамі працы. Тут можна схавацца ад спёкі і атрымаць асалоду ад цішыні.

Пакой мяжуе з цяпліцай, праз якую пранікае натуральнае святло. Лісце ад раслін датыкаецца сцяны, як быццам падслухоўвае размовы. На справе ўсё выглядае проста, затое як утульна.

«Паверце, гэта яшчэ не ўсё, што ў нас ёсць. Шмат рэчаў мы пакуль так і не адрэстаўравалі: валізкі, рубанкі, ткацкі станок, куфар, шалі, інструменты для вырабу абутку і многае іншае», — дзеліцца Сяргей.

Кожны чалавек сам вырашае, як яму жыць і чым сябе атачаць, кажуць гаспадары.

«Наш дом увабраў дух гісторыі, кожная рэч нясе зарад жыццёвых сіл, навукі. Рухацца наперад можна азіраючыся назад — на працу продкаў. У кожнага народа павінна быць гісторыя і людзі, якія перададуць спадчыну іншым пакаленням. Думаю, што дачка захавае многія гэтыя рэчы. Мы яе так выхоўвалі. Для мяне асалода знаходзіцца сярод гэтых прадметаў, бо яны былі зробленыя з любоўю. І мы іх вельмі любім».

Каментары5

  • Серж
    03.10.2023
    Очань аўтэнтычны Сілікатны кірпіч
  • Ната
    03.10.2023
    На меня давит обилие вещей. Слишком всего много. Может, часть передать в музей и оставить лишь необходимое?
  • Максим Дизайнер
    03.10.2023
    Серж,

    Очэнь аутентичные ваши скрипучие гниющие хлевы из опилок за 30к, да?

Пасля ўчорашняй публікацыі «НН» з «Сяргеем» і «Алексам» адбыліся метамарфозы10

Пасля ўчорашняй публікацыі «НН» з «Сяргеем» і «Алексам» адбыліся метамарфозы

Усе навіны →
Усе навіны

Дроны УСУ атакавалі вайсковы аэрадром у Адыгеі

Гродзенцы пра тое, як страцілі магчымасць зарабляць на прыгранічным бізнэсе6

У цэнтры Вільні ўчора ўпаў метэазонд з кантрабандай3

Маштабны фестываль агню ўпершыню пройдзе ў Батанічным садзе Мінска1

Пісьменніца Лілі Эберт, якая выжыла ў Асвенціме, памерла ва ўзросце 100 гадоў

Смяротны ўраган «Мілтан» ударыў па Фларыдзе1

Краўцоў разважае, чаму Лукашэнка не ідзе на перамовы з Захадам4

У Краснадарскім краі УСУ пацэлілі ў склад з боепрыпасамі

Мазырскі НПЗ пакуль так і не аднавіў аб'ёмы вытворчасці, якія былі да летняга ўрагану. Магчыма, робіць гэта свядома4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пасля ўчорашняй публікацыі «НН» з «Сяргеем» і «Алексам» адбыліся метамарфозы10

Пасля ўчорашняй публікацыі «НН» з «Сяргеем» і «Алексам» адбыліся метамарфозы

Галоўнае
Усе навіны →