За верасень у лесе заблукала 60 чалавек. Ратавальнікі далі некалькі парад на выпадак, калі вы згубіліся
Беларусы ходзяць у грыбы ў лясы і губляюцца, толькі з пачатку верасня зафіксавана 60 такіх выпадкаў. У МНС звярнулі ўвагу на тое, што людзі не баяцца заблукаць і ідуць шукаць грыбы, але дарогі дадому не знаходзяць.
«Толькі з пачатку верасня ў лясах згубілася 60 чалавек, а за гэты яшчэ не завершаны тыдзень ужо 10 чалавек звярнуліся па дапамогу, каб выйсці з гушчароў», — гаворыцца ў паведамленні.
Часцей за ўсё губляюцца пенсіянеры.
У ведамстве рэкамендуюць папярэдне вывучыць карту мясцовасці, куды грыбнікі збіраюцца ісці. Адзенне варта выбіраць яркае, каб не злівацца з лесам, а абутак павінен быць непрамакальны.
Не лішне ўзяць з сабой ліхтарык, запалкі, нож, запас ежы, сродкі ад насякомых.
Перад тым, як ісці ў лес, пажадана расказаць сваякам, сябрам ці суседзям, куды менавіта вы ідзяце.
Важна, каб тэлефон быў цалкам зараджаным, а ў лесе не варта збочваць з пратаптаных сцежак.
«Калі вы ўсё ж заблукалі, заставайцеся на месцы і паспрабуйце звязацца з ратавальнікамі па мабільным тэлефоне», — раяць у МНС.
Таксама рэкамендуюць свістаць і крычаць — для таго, каб прыцягнуць увагу. Акрамя таго, варта прыслухоўвацца да навакольных гукаў, якія дапамогуць вызначыць кірунак да найбліжэйшага населенага пункта.
Каментары