Ціманоўская прабегла 200 метраў з сімвалічным вынікам 23.34 і страціла прытомнасць
У паўфінале на чэмпіянаце свету па лёгкай атлетыцы ў Будапешце беларуска, якая выступае за Польшчу, прыбегла 8-й і не трапіла ў фінал, але паказала сімвалічны вынік — 23.34 секунды.
«Гэта спорт. На жаль, я страціла прытомнасць пасля фінішу і нічога не памятаю, — напісала ў сваім інстаграме Крысціна. — Пасля 150 метраў усё было як у тумане».
На дыстанцыі 100 метраў Ціманоўская таксама не здолела прабіцца ў фінал.
Засталася для Крысціны толькі адна дысцыпліна: эстафета 4 па 100 метраў.
Чэмпіянат свету скончыцца ў нядзелю.
Крысціна Ціманоўская падчас Алімпійскіх гульняў у Токіа ў 2021 годзе раскрытыкавала кіраўніцтва беларускай каманды за тое, што яе разам з іншымі спартоўкамі хацелі паставіць бегчы эстафету на той дыстанцыі, якую яна ніколі не бегала (яна заяўлялася на 100 і 200 метраў).
Пасля таго яе адхілілі ад спаборніцтваў і спрабавалі вывезці ў Беларусь, але яна адмовілася пакінуць Японію і папрасіла міжнароднай абароны. Пазней спартсменка пераехала ў Польшчу і атрымала грамадзянства гэтай краіны.
Артыкул 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (у новай рэдакцыі гэта ўжо 24.23) вызначаў парушэнне «парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў».
Па гэтым артыкуле ў 2020-2021 гадах прайшлі тысячы чалавек. Таксама ў 23 гадзіны 34 хвіліны запускаліся феерверкі і салюты.
Каментары