Японская кампанія стварае вертыкальныя офісныя капсулы, у якіх супрацоўнікі могуць спаць стоячы.
Акрамя ўжо вядомых капсульных гатэляў, японцы пайшлі далей у сваіх фантазіях. І прапанавалі новую распрацоўку — капсулу для сну Giraffenap, якую можна размясціць проста ў офісе. Назва капсулы — гэта спалучэнне двух англійскіх слоў «жырафа» і «драмаць».
У капсуле любы ахвотны можа падрамаць у вертыкальнай позе. Пры гэтым ёсць магчымасць адрэгуляваць чатыры мяккія палічкі для апоры. Каб задрамаць, неабходна прыняць даволі нетрадыцыйную позу, сагнуўшы калені і злёгку нахіліўшы верхнюю частку цела наперад. Галава і рукі абапіраюцца на мяккую платформу.
Вонкавая абалонка добра абараняе ад шуму. Акрамя гэтага гукі, якія спрыяюць сну, і сістэма вентыляцыі павінны зрабіць сон ідэальным.
Кампанія заявіла, што «працуе над стварэннем супольнасці, у якой кожны можа лёгка задрамаць», і ў канчатковым выніку хоча «палепшыць паказчыкі эканомікі і аховы здароўя». Вядома, што Японія славіцца сваім працавітым народам. Там нават ёсць спецыяльнае слова «карасі», якое абазначае раптоўную смерць у выніку ператамлення і стрэсу.
Распрацоўшчкі ўпэўненыя, што іх капсула для сну спадабаецца працадаўцам, якія імкнуцца павысіць канцэнтрацыю падначаленых. На сайце кампаніі-вытворцы адзначаецца, што, паддаўшыся дрымоце і падрамаўшы 20 хвілін, супрацоўнік зможа палепшыць сваю прадукцыйнасць за кошт «аднаўлення пасля стомленасці, зніжэння стрэсу, аднаўлення памяці і канцэнтрацыі, а таксама паляпшэння творчых здольнасцяў».
Вытворца спасылаецца на даследаванне НАСА, якое паказала, што пілоты, якія драмалі 26 хвілін, прадэманстравалі паляпшэнне прадукцыйнасці і пільнасці на 34%, а час рэакцыі ў іх палепшыўся на 16%.
Капсулы выпускаюцца ў дзвюх розных версіях: Spacia ў футурыстычным белым колеры і пакрытая дрэвам Forest. Адносна сну ў вертыкальнай позе на сайце тлумачыцца, што сумеснае даследаванне з Універсітэтам Хакайда і Тайваньскім Нацыянальным універсітэтам паказала, што
гэтая поза прадухіляе надта глыбокі сон і адначасова дазваляе чалавеку ўвайсці ў стан, які дазваляе «лёгка дыхаць», таму, калі ён прачынаецца, то можа «хутка вярнуцца да працы, не адчуваючы галавакружэння».
Праўда, у капсулу не кожны супрацоўнік можа змясціцца. Пры вышыні 2,5 метра і шырыні 1,2 метра яна падыходзіць для людзей ростам да 180 см і вагою да 100 кг. Не трэба забываць і пра людзей, якія пакутуюць на клаўстрафобію.
Пакуль што кампанія-вытворца тэстуе свае капсулы ў кафэ Токіа.
Чытайце яшчэ:
Японія плануе пабудаваць цалкам аўтаномны плаваючы горад на 40 тысяч чалавек
Каментары