На літоўска-беларускай мяжы затрымалі жанчыну з канаплянай гарбатай
Інцыдэнт адбыўся 11 жніўня ў пункце пропуску «Лоша». Жанчына ехала ў Беларусь з Літвы на аўтамабілі. Падчас агляду багажніка службовы сабака выявіў упакоўку гарбаты, у складзе якой ёсць каноплі, паведаміў Пагранічны камітэт.
Беларуска патлумачыла, што набыла ўпакоўку травяной гарбаты на тэрыторыі Літвы. Такая гарбата сапраўды прадаецца ў Літве практычна ў любой прадуктовай краме.
Але ў Беларусі набыццё і правоз яе праз мяжу могуць трактаваць як «незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў». За гэта прадугледжаная крымінальная адказнасць у выглядзе абмежавання волі на тэрмін да пяці гадоў або пазбаўленне волі на тэрмін ад двух да пяці гадоў.
Каментары