«У першую чаргу на рашэнне паўплываў наплыў гасцей». Мінсельгасхарч арыгінальна патлумачыў абмежаванні на экспарт кураціны
У Мінсельгасхарчы пацвердзілі, што з 1 жніўня ўвялі абмежаванні на экспарт мяса птушкі. Пра гэта сёння сказаў намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання — дырэктар Дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду Мінсельгасхарча Іван Смільгінь, перадае БелТА.
«З 1 жніўня сапраўды былі ўведзены часовыя абмежаванні на экспарт мяса птушкі з Беларусі ў цэлым на знешнія рынкі», — сказаў чыноўнік.
Паводле яго слоў, у першую чаргу гэта было звязана з неабходнасцю забяспечыць жыхароў Беларусі і яе гасцей у рамках II Гульняў краін СНД. Смільгінь дадаў, што таксама ўлічваўся цэнавы фактар на знешніх рынках і жаданне беларускіх вытворцаў вывезці больш прадукцыі за мяжу.
«Але ў першую чаргу на рашэнне паўплываў наплыў гасцей», — адзначыў намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання.
З трох беларускіх птушкафабрык, праўда, гэтыя абмежаванні, маўляў, ужо знятыя, гэта тычыцца індычыны і мяса качкі. Што да астатніх, то «забарона на экспарт можа быць знятая нават на гэтым тыдні».
Намеснік міністра адзначыў, што галоўнае — атрымаць ад беларускіх вытворцаў гарантыю, што яны змогуць забяспечыць пад поўныя патрэбы ў кураціне айчынныя гандлёвыя сеткі.
Смільгінь сказаў, што сёння, 7 жніўня, прайшлі кансультацыі па названай тэматыцы з Рассельгаснаглядам, удакладніўшы, што ёсць поўнае паразуменне. Пры гэтым ён запэўніў, што ў Беларусі, маўляў, няма ніякіх праблем з птушынымі захворваннямі — «ні з высокапатагенным птушыным грыпам, ні з хваробай Ньюкасла».
Каментары