Вайна99

Нарадзіўся ва Украіне, быў дробным чыноўнікам, ваяваў у Афрыцы. Раскрытая асоба «Піянера», які ўзначаліў «Вагнер» у Беларусі

Неўзабаве пасля з'яўлення інфармацыі пра тое, што «Вагнер» у Беларусі ўзначаліць найміт «Піянер», расследавальнікі з групы All eyes on Wagner назвалі ягонае імя. «Наша Ніва» даведалася болей пра гэтага чалавека.

Сяргей «Піянер» Чубко. Фота: myrotvorets.center

Па звестках расследавальнікаў рэсурсу All eyes on Wagner, «Піянер» — гэта 46-гадовы Сяргей Чубко. Яны вызначылі гэта з дапамогай дакументаў пра чальцоў «Вагнера», якія ім перадала неназваная крыніца.

З сям'і савецкага вайскоўца

Мужчына нарадзіўся ў 1976 годзе ў горадзе Чарнаўцы, які знаходзіцца на паўднёвым захадзе Украіны, ля межаў з Румыніяй і Малдовай. Ягоны бацька Уладзімір — былы вайсковец. У Чарнаўцах знаходзіўся 110-ы акружны навучальны цэнтр, радыёлакацыйная база і вайсковы аэрадром. А не пазней за 1984-ы яны з сям'ёй жылі ў горадзе Ізяславе, дзе была база войскаў спецпрызначэння. Таксама Уладзімір Чубко ваяваў у Афганістане і, магчыма, у іншых месцах (інфармацыя ў гэтым абзацы была ўдакладнена пасля публікацыі).

Уладзімір Чубко (у цэнтры) на вайне ў Афганістане. Фота: яго старонка ў «Аднакласніках»

Пасля развалу СССР сям'я Чубко пераехала ў Расію, у горад Новарасійск, які знаходзіцца на ўзбярэжжы Чорнага мора. У 1994-м Сяргей Чубко пайшоў служыць па кантракце ў армію Расіі. Ваяваў у Чачні.

Прыватныя ахоўныя прадпрыемствы

Сяргей Чубко разарваў кантракт у 2002-м і перайшоў у прыватную ахоўную кампанію ў Наварасійску.

Бацька мужчыны таксама працаваў у ахоўных кампаніях і займаўся бізнэсам у сферы прыватных ахоўных прадпрыемстваў (часта яны працавалі разам). А з 2014 па 2021 гады Чубко-старэйшы быў дырэктарам аднаго з іх. 

Уладзімір Чубко. Фота: ягоная старонка ў «Аднакласніках»

Таксама Чубко-старэйшы праходзіў трэнінгі ў Міжнароднай контртэрарыстычнай трэнінгавай асацыяцыі, якая вучыць ахоўнай дзейнасці. У яго была ліцэнзія на ажыццяўленне прыватнай дэтэктыўнай дзейнасці. Да крымінальнай адказнасці бацька і сын Чубко не прыцягваліся.

Шлях у чыноўнікі і спроба пазбавіць грамадзянства

У 2003-м у Новарасійску памянялі мэра, і новы пачаў прызначаць на ключавыя пасты былых сілавікоў. Сяргей Чубко, які не меў вышэйшай адукацыі, нечакана ўзначаліў камітэт па справах моладзі ў адміністрацыі горада. А ў 2005-м ён перайшоў на пасаду намесніка кіраўніка адміністрацыі ў Мысхакскай сельскай акрузе, якая падпарадкоўваецца адміністрацыі Новарасійска.

У 2010-ым годзе Сяргей Чубко працаваў ахоўнікам у некалькіх фірмах, а таксама быў супрацоўнікам прыватнага ахоўнага прадпрыемства «Русіч». У кантактах нумар, асацыяваны з Чубко, падпісаны ў людзей як «ПАП Русіч намеснік дырэктара» (там жа працаваў тады ягоны бацька). Адметна, што ў 2011-м Чубко-малодшага хацелі пазбавіць расійскага грамадзянства за тое, што ён быццам бы таемна мае грамадзянства Украіны.

«Рускі свет»

Невядома, ці ваяваў Сяргей Чубко ва Украіне ў 2014-м, але ў снежні 2014-га ён стаў адным з заснавальнікаў «казацкай» арганізацыі ў Новарасійску. Расійскія казакі як добраахвотнікі масава паехалі ваяваць на баку Расіі пасля аб'яўлення незалежнасці марыянетачных «ДНР» і «ЛНР».

Казакі з Краснадарскага краю падчас вайны ва Украіне. Фота: «УКантакце»

Мужчына працягваў працаваць у ахоўнай кампаніі, якая называлася «Чарнаморская ахоўная фірма», а ягоны бацька акурат у той час узначаліў ахоўную кампанію «Абярог Чарнамор'я». У канцы верасня 2014-га Сяргей Чубко выехаў у Маскву і вярнуўся адтуль толькі 16-га кастрычніка.

ПВК «Вагнер»

Да ПВК «Вагнер» ён далучыўся 26 студзеня 2017-га года (паводле інфармацыі выдання All Eyes On Wagner). Пасля гэтага ён едзе ў Сірыю — гэта ўскосна пацвярджаюць запісы ягоных нумароў у тэлефонных кнігах («Сяргей. Сірыя»). Тут ён таксама робіць кар'еру: праз год службы яго ставяць кіраўніком вайсковай аперацыі «Вагнера» ва Усходняй Гуце.

Вагнераўцы ў Сірыі. Фота: Служба бяспекі Украіны

Ягоная група патрапіла пад абстрэл падчас бою пад Хашамам з 7 на 8 лютага 2018 года. Тады група ўрадавых войскаў разам з вагнераўцамі ды іншымі наймітамі спрабавалі адбіць газаперапрацоўчы завод у курдскіх паўстанцаў, якіх падтрымлівалі ЗША. У адказ ЗША пачалі масіраваную бамбардзіроўку групы, яна была цалкам разгромленая. Загінула некалькі дзясяткаў вагнераўцаў (да 80), яшчэ, па розных звестках, ад дзясяткаў да сотні былі параненыя.

У 2019-м Чубко пераводзяць на службу ў Лівію, дзе адкрываўся чарговы штаб «Вагнера», і ён становіцца кіраўніком ПВК у гэтым рэгіёне. Былы вагнеравец адгукаўся пра яго службу так:

Вагнераўцы ў Лівіі. Фота: Служба бяспекі Украіны

«У 2019 годзе прыйшоў загад хуценька адправіць сірыйцаў з нашага атрада «Паляўнічыя на ІДІЛ» у Лівію. Калі яны туды прыехалі, паступіў званок ад «Піянера»: «Слухай, а вось тых, каго вы даслалі, іх можна як смяротнікаў выкарыстоўваць?» Які нармальны чалавек такое спытае! Тым больш пра маіх хлопцаў».

Пасля Лівіі Чубко вяртаецца ў Расію на нейкі час. У 2020-м ён працаваў у кампаніі «Глобал Лінк», якая займаецца арганізацыяй грузаперавозак і гандлем, з заробкам 80 тысяч рублёў (каля 1100 даляраў).

Таксама ў мужчыны ёсць брат, 39-гадовы Дзмітрый Чубко. Па звестках СБУ, мужчына быў у складзе місіі «Вагнера» ў Судане ў 2019-м, хоць, мяркуючы па публічных звестках, аніякага асаблівага вайсковага досведу ён не мае. Ён працаваў шмат дзе, але аніводнага разу ягоная дзейнасць не была звязаная з ваенізаванымі фарміраваннямі ці ахоўнымі агенцтвамі, прынамсі, на першы погляд. Ён працаваў у фірме, якая гандлюе аўтамабілямі, лагістычных кампаніях, кол-цэнтрах банкаў. «Правал» у базах з месцамі працы прыходзіцца на 2015—2019 гады, таму ён мог быць наймітам «Вагнера» ў гэты час.

Вяртанне на вайну, ваенныя злачынствы і шлях у Беларусь

Сяргей Чубко ў выніку вярнуўся ў «Вагнер». У пачатку чэрвеня 2021-га ён ужо служыў у Сірыі, а 2 ліпеня яго пераводзяць кіраўніком аперацый ПВК у ЦАР. У гэтым рэгіёне «Вагнер» дзейнічаў асабліва жорстка.

Найміт ПВК «Вагнер» у ЦАР увосень 2022-га года. Фота: Military Africa / Facebook

Па звестках арганізацыі ACLED, баевікамі «Вагнера» было забіта 686 цывільных асоб (і гэта толькі задакументаваныя выпадкі). Таксама вагнераўцы, згодна са звесткамі ААН, пераследвалі мясцовае насельніцтва, журналістаў і прадстаўнікоў гуманітарных арганізацый. Нярэдка практыкаваліся адвольныя затрыманні і катаванні, а таксама тэрор.

У ліпені Чубко прыехаў у Беларусь з Расіі разам з астатнімі калонамі ПВК, а Прыгожын паставіў яго кіраўніком базы ў Беларусі.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары9

  • Федзя
    26.07.2023
    Теперь я знаю, кого буду жестоко убивать.
  • ром
    26.07.2023
    Украинцы рф воюют против украинцев украины! Давно подмечено
  • Шматко
    26.07.2023
    Бацька вылитый украинец.

Кубракоў даводзіў, што міліцыянт Згірскі не датычны да банды налётчыкаў. Цяпер таго судзяць — пагражае да 20 гадоў3

Кубракоў даводзіў, што міліцыянт Згірскі не датычны да банды налётчыкаў. Цяпер таго судзяць — пагражае да 20 гадоў

Усе навіны →
Усе навіны

Падарыў кватэру сваяку, а пасля пашкадаваў. Ці можна адмяніць дагавор?

Фірма, якая належала мадэлі з Мінска, адпраўляла ў Расію брытанскую вайсковую оптыку6

У 52 гады памёр лукашэнкаўскі прапагандыст Дзмітрый Крат14

Блакітнае святло смартфонаў выклікае заўчаснае палавое даспяванне дзяцей — вучоныя2

СБУ паказала рэшткі расійскай ракеты «Арэшнік»1

Што ў згубленых пасылках, якія прадаюць па 10 рублёў? Журналісты правялі эксперымент

«Нібыта людзі з іншай планеты». Чым уразіла Беларусь замежнікаў, якія прыехалі па бязвізе14

Модны аўтамат з нашумелым кобрынскім марозівам паставілі ў Мінску2

Як хлопец з Бабруйска стаў зоркай ва Украіне6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Кубракоў даводзіў, што міліцыянт Згірскі не датычны да банды налётчыкаў. Цяпер таго судзяць — пагражае да 20 гадоў3

Кубракоў даводзіў, што міліцыянт Згірскі не датычны да банды налётчыкаў. Цяпер таго судзяць — пагражае да 20 гадоў

Галоўнае
Усе навіны →