На Гродзеншчыне судзяць за хабар старшыню сельсавета. Падвялі пад манастыр дрэвы на могілках
У судзе Навагрудскага раёна 18 ліпеня за хабар пачалі судзіць Ганну Мікалаеўну Жых, паведамляе Hrodna Life. Верагодна, гэта старшыня Данілавіцкага сельвыканкама Дзятлаўскага раёна, пра затрыманне якой раней паведамляла пракуратура.
Справу паводле арт. 430 ч. 3 КК «Атрыманне хабару» вядзе суддзя Ларыса Самасюк. Абвінавачванай пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі са штрафам і з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю.
Крымінальную справу распачала пракуратура Дзятлаўскага раёна.
Паводле версіі сілавікоў, у жніўні-верасні 2022 года абвінавачваная атрымала ад індывідуальнага прадпрымальніка 1000 даляраў. Яна нібыта паспрыяла заключэнню дамоў на аказанне паслуг паміж індывідуальным прадпрымальнікам і Данілавіцкім сельсаветам па выдаленні дрэў на тэрыторыі могілак.
Каментары