Выпускніца клімавіцкай сярэдняй школы № 1 Аліна Хартнік у гэтую ўступную кампанію набрала 400 балаў. Прычым на рэпетыцыйным ЦТ яе бал быў 58.
Аліна атрымала па 100 балаў на цэнтралізаваным экзамене па англійскай і рускай мовах, а таксама паказала найвышэйшы вынік ЦТ па грамадазнаўстве. З улікам атэстата ў яе абітурыенцкай скарбонцы запаветныя 400 балаў, паведамляе Міністэрства адукацыі са спасылкай на «Сельскую газету».
За поспехам школьніцы з невялікага райцэнтра, як высветлілі, — правільна пастаўленая мэта, матывацыя, настойлівая праца. Перад выпрабаваннямі, як успамінае Аліна, яна старалася добра выспацца і настроіцца на працу.
«Вынікі па мовах не сталі нечаканасцю — пастаянна ўдзельнічала ў алімпіядах па англійскай і рускай, таму веды грунтоўныя. А вось выніковая лічба па грамадазнаўстве выклікала асаблівыя эмоцыі, бо на рэпетыцыйным ЦТ бал быў 58. Тады зрабіла адпаведныя высновы і стала вучыць лепш. Вельмі шчаслівая, што змагла набраць максімальную колькасць балаў!» — кажа яна.
Раней стала вядома, што максімальныя 400 балаў на тэставанні набралі Марк Мацкевіч з Наваполацка, Паліна Дычак з Ліды, Вольга Друшчыц з Жабінкаўскага раёна, Мілена Васько з Мазыра, Дзяніс Кагукін з Полацка і Раман Кандраценя з Ганцавіч.
Каментары